3 жніўня ў Кіеве разьвіталіся з выбітным футбалістам, беларусам Валянцінам Бялькевічам, паведамляе прэс-служба кіеўскага «Дынама», дзе футбаліст правёў найлепшыя гады сваёй кар’еры.
Валянцін Бялькевіч — адзін з найлепшых футбалістаў Беларусі за ўсю гісторыю — раптоўна памёр ў Кіеве 1 жніўня на 42-м годзе жыцьця. Сьмерць наступіла ў выніку адрыву тромба.
«Разьвітацца з легендай украінскага і беларускага футбола на стадыён „Дынама“ імя Валерыя Лабаноўскага прыйшлі сотні людзей», — паведамляе прэс-служба кіеўскага «Дынама». У іх ліку — найбліжэйшы сябар Аляксандар Хацкевіч, разам зь якім яны пачыналі футбольную кар’еру ў мінскім «Дынама», а затым разам перайшлі ў «Дынама» кіеўскае, дынамаўцы розных пакаленьняў, супрацоўнікі фэдэрацый футболу Ўкраіны і Беларусі, партнэры па камандзе, калегі, украінцы з асноўнай каманды амаль у поўным складзе разам з трэнэрскім штабам «Дынама-2», выхаванцы ДЮФШ, супрацоўнікі ФК «Дынама» (Кіеў), выхаванцы Бялькевіча, якія раней гулялі за маладзёжную каманду U-19. Простыя заўзятары прыходзілі праводзіць свайго куміра ў апошні шлях у футболках зь яго прозьвішчам і нумарам на сьпіне.
Пад аплядысмэнты гледачоў, якія занялі тры сэктары на стадыёне, і дынамаўскі гімн катафалк з труной зрабіў апошняе кола пашаны для выдатнага футбаліста і трэнэра і выправіўся на Байковыя могілкі. Валянцін Бялькевіч пахаваны каля магілы вядомага ўкраінскага актора Багдана Ступкі. Побач пахаваны Валеры Лабаноўскі — выдатны савецкі і ўкраінскі футбаліст і трэнэр, настаўнік Бялькевіча.