Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень адкрытых забойстваў


Юлі Даніэль
Юлі Даніэль

Мяркуючы па крамлёўскіх тэлеканалах, Расея сабралася лопнуць ад злосьці. Супраць усеагульнай істэрыі – асобныя галасы. І гэтак у іх было заўсёды. Масы шалеюць, а на Краснай плошчы з пратэстам – 6 чалавек. Гэта калі Масква тузала Чэхаславаччыну – дакладна так, як цяпер Украіну.

Яшчэ адзін прыклад гэтай расейскай традыцыі я знайшоў у кнізе «Цана мэтафары». І кніга ня новая, і пра справу Сіняўскага-Даніэля (1965) я ведаў даўно. Але вось, бавячы час у бацькоўскай хаце, разгарнуў выпадкова і...

Уразіў ня столькі працэс двух пісьменьнікаў, якія за публікацыю мастацкіх твораў за мяжой атрымалі адпаведна 7 і 5 гадоў катаргі, уразіла не супрацьстаяньне адзінак і ашалелай «большасьці», і нават ня злосная прамова на зьезьдзе КПСС Міхаіла Шолахава, які за год да таго атрымаў Нобэлеўскую прэмію, а цяпер кляйміў калег за іхныя мастацкія творы. Мяне ўразіла проза Юлія Даніэля – абсалютна жывая і проста неверагодная. Такое ўражаньне пасьля цэлага жыцьця прачытаных кніг, згадзіцеся, каштуе шмат.

Тры апавяданьні і аповесьць, якія праглынуліся адным прысестам – аказалася, гэта і ўся проза, якую напісаў Даніэль. Чатыры шэдэўры, за якія аўтар пяць гадоў валіў лес, і якія так і не апынуліся ў топах расейскай літаратуры – не таму, што слабыя, а таму што, можа быць, занадта балючыя для расейскай публікі, занадта адкрытыя і зьнішчальныя для псыхікі, па-ранейшаму больш гатовай да масавай істэрыі, чым да пакаяньня.

Ніводнага лішняга слова, мэтафары і алегорыі настолькі аголеныя, што параўнаць творы можна хіба што з «Сабачым сэрцам» Булгакава, і тое не скажу, які з аўтараў мацнейшы.

Апавяданьне «Рукі» – пра чэкіста, які расстрэльвае папоў. Звычайны канвэерны расстрэл, колькі пра такое чытана-перачытана. Рэаліі савецкіх дваццатых гадоў. Звычайная гарэлка і звычайная тэхналёгія – вывеў, стрэліў, разам з памочнікамі адцягнуў труп, вывеў, стрэліў, разам з памочнікамі адцягнуў труп... У гэтай справе Расея – абсалютны рэкардсмэн усіх часоў і народаў. Работнік НКВД Васіль Блахін «у бронзавым фартуху» ўласнаручна забіў пятнаццаць тысяч чалавек. Чым тут яшчэ можна ўразіць пасьля Курапат, пасьля Быкаўскага «Жоўтага пясочку».

Пэрсанаж Даніэля ўражвае. Ён страляе, а папу нічога ня робіцца. Малады такі здаровы поп крычыць на яго, абзывае антыхрыстам. Ён ізноў страляе – бяз выніку. Асьмялелы поп пачынае ісьці на яго са сваім крыкам. Адурэлы чэкіст, выпаліўшы ўсю абойму, уцякае ў будынак. У яго калоцяцца рукі – і гэта цяпер на ўсё жыцьцё.

А што адбылося? Калегі ўставілі чэкісту ў маўзэр абойму халастых патронаў. Пажартавалі. Жарт варты гратэску вялікага пісьменьніка.

Гратэск – вось чаго не разумелі і не маглі зразумець судзьдзі і кляймільнікі Даніэля. Гратэск – літаратурны жанр, добра вядомы ў Расеі з часоў Дастаеўскага і Салтыкова-Шчадрына. Гратэск – лекі ад кожнай грамадзкай хваробы. І нобэлеўскі Шолахаў сваім выступам на зьезьдзе расьпісаўся ў сваёй поўнай недатычнасьці да літаратуры.

Гратэск прысутнічае і ў апавяданьні «Чалавек з МІНАПа», дзе малады камсамолец «робіць» жанчынам дзяцей на змову – які пол замовяць, такі і зробіць. Як такое атрымліваецца? А так: калі просяць хлопчыка, камсамолец «у працэсе» ўяўляе сабе Карла Маркса, а калі дзяўчынку – Клару Цэткін. Калі просяць двойню хлопчыкаў – два Марксы, калі хлопчыка і дзяўчынку – Маркса і Цэткін.

Гратэск патрабуе адмысловага таленту і адмысловай мэтафары, якая дарэшты агаляе сутнасьць зьявы. Як у аповесьці «Гаворыць Масква».

У Савецкім Саюзе абвешчаны новы спэцыяльны дзень – Дзень адкрытых забойстваў. Па аналёгіі з Днём фізкультурніка ці Днём Зямлі ці Днём адкрытых дзьвярэй. Забіваць нельга дзяцей, службовых асобаў і – з карысьлівымі мэтамі (крадзёж, кар'ера і да т.п.). Усякае іншае забойства дазволенае і нават заахвочваецца. На двары 1960 год. Твор можна разглядаць як адсылку да сталінскіх рэпрэсій, а можна – як мэтафару даносу. Данос часьцяком і прыводзіў да забойства.

Даніэль распавядае пра звычайных людзей і пра іх рэакцыю на новы Дзень. І ў гэтых рэакцыях раскрываецца талент незвычайнага пісьменьніка. Бо рэакцыя – гэта ўжо псыхалёгія.

І яшчэ вось як можна ўспрымаць Дзень адкрытых забойстваў – як мэтафару істэрыі на сёньняшніх крамлёўскіх каналах. Паглядзіш іх, і здаецца, што Расея сабралася проста лопнуць ад злосьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG