Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай даць магчымасьць выкарыстаць Беларусь у якасьці перамоўнай пляцоўкі па вырашэньні ўкраінскага крызісу. Тэлефонная размова кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў адбылася 29 ліпеня зь ініцыятывы ўкраінскага боку. Пра гэта паведаміла БЕЛТА са спасылкай на прэсавую службу кіраўніка Беларусі.
Паводле БЕЛТА, кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны абмеркавалі шэраг актуальных пытаньняў, якія ўяўляюць узаемную цікавасьць.
«Прэзыдэнт Украіны зьвярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасьці пляцоўкі для правядзеньня перамоваў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэньні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з гэтай ініцыятывай», — паведамілі БЕЛТА ў прэсавай службе кіраўніка Беларусі.
Пятро Парашэнка падчас сустрэчы з украінскімі вайскоўцамі, вызваленымі з палону сэпаратыстаў, паведаміў, што зьвярнуўся да прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай садзейнічаць правядзеньню ў Менску 31 ліпеня пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе з удзелам другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы, пасла Расеі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЭ.
Паводле слоў прэзыдэнта Ўкраіны, прапануецца вынесьці на абмеркаваньне кантактнай групы 2 пытаньні — аб вызваленьні ўсіх закладнікаў, якія застаюцца ў баевікоў, і аб забесьпячэньні допуску міжнародных экспэртаў на месца падзеньня самалёта малайзійскіх авіяліній.