Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская мара аб імпэрыі


Сваімі ўражаньнямі ад сучаснай Расеі і развагамі пра яе эвалюцыю дзеліцца на старонках Le Mond беларуская і расейская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.

Ленін называў Іосіфа Сталіна, стваральніка чырвонай імпэрыі СССР, поварам «вострых страваў». Сёньня Ўладзімер Пуцін рыхтуе ўласны «дэлікатэс».

Пустыя паліцы ў крамах, а таксама чэргі за туалетнай паперай засталіся ў мінулым, але дабрабыт ня стаў перадумовай дэмакратыі, а толькі дапамог імпэрыялістычнаму мысьленьню вярнуцца зноў. Расейская мара — быць імпэрыяй і выклікаць жах. Усе размовы зь мінакамі на вуліцах расейскай сталіцы сканчаюцца цяпер так: «Спачатку ў нас прайшла Алімпіяда ў Сочы, потым мы вярнулі Крым. А потым перамаглі на чэмпіянаце па хакеі». У краіне стала папулярным выслоўе: «Усе лічылі, што Расея на каленях, але яна проста зашнуроўвала вайсковыя берцы».

На працягу дваццаці гадоў людзям увесь час казалі пра тое, што будуецца дзяржава на заходні капыл, але тонкі слой лібэралізму растаяў вокамгненна. Хопіць весьці гульні па-заходняму. Захад — чэрствы і прагматычны, а Расея — гэта духоўнасьць і дабрыня. Захад ідзе да заняпаду, і Уладзімер Пуцін узяў на сябе ролю таго, хто абараняе традыцыйныя каштоўнасьці.

Усе лічылі, што Расея на каленях, але яна проста зашнуроўвала вайсковыя берцы

На сёньняшні дзень Расейская Фэдэрацыя зьяўляецца фундамэнталісцкай краінай. Тут рызыкоўна прызнавацца ў сваім атэізьме ці пачынаць з гэтай нагоды дыскусіі. Брыгады добраахвотнікаў адсочваюць і зьбіваюць гомасэксуалістаў на вуліцах. Часам адбываецца і так, што яны нават гінуць. На прасторах інтэрнэту была распачатая кампанія па забароне Макдональдсаў. Усяго толькі за некалькі дзён атрымалася сабраць некалькі дзесяткаў тысяч подпісаў. Патрыёты заклікаюць да правядзеньня адпачынку выключна на тэрыторыі РФ, а дзяржава абяцае даць немалыя сродкі тым, хто прыме рашэньне адпачываць у Крыме. Грошы цякуць ракой, калі ты любіш Расею Пуціна.

Размовы на іншых мовах сталі здавацца нядобранадзейнымі. Навошта камусьці патрэбная Сарбона? Атрымлівайце адукацыю ў Расеі! Навукоўцам Расеі спрабуюць абмяжоўваць паездкі ў іншыя краіны. Парлямэнт прыняў закон аб забароне усынаўляць расейскіх сірот замежнымі грамадзянамі. Прычым гэта мае дачыненьне нават да хворых дзяцей, якія будуць заставацца ў дзіцячых дамах, дзе вельмі часта ёсьць недахоп у такіх элемэнтарных рэчах, як бінты і ёд.

Гэта не адмяняе таго факту, што дэпутаты аддаюць перавагу таму, каб лячыцца за мяжой, сваіх дзяцей адпраўляць на вучобу ва ўнівэрсытэты заходніх дзяржаваў, свае сродкі захоўваць у заходніх банках, а таксама набываюць нерухомасьць менавіта там. Грамадзяне краіны і яе кіраўніцтва пражываюць у абсалютна розных краінах.

Крэмль адкрыта кажа пра тое, што Захад быў заўсёды і цяпер зьяўляецца асноўным ворагам Расеі.

Расейская Фэдэрацыя трымае курс на Ўсход. Эўразія ізноў увайшла ў моду. Эўразійскі саюз павінен стаць процівагай Эўразьвязу. Штодня па тэлебачаньні выходзяць перадачы пра Кітай. На сёньняшні дзень ён зьяўляецца саюзьнікам Расеі. За адзін год колькасьць станоўчых меркаваньняў аб КНР павялічылася на 40%.

Крэмль адкрыта кажа пра тое, што Захад быў заўсёды і цяпер зьяўляецца асноўным ворагам Расеі. Ён абвінавачваецца ва ўсіх бедах: распадзе Савецкага Саюзу, катастрофе ў Чарнобылі, аварыі на атамнай падводнай лодцы «Курск». Нават Інтэрнэт быў прыдуманы заходнімі спэцслужбамі. Што ж да даляру, то гэта паперка, якая нічога не вартая. Так, а яшчэ Крым — наш!

Расея кінула выклік сьвету, яна ператвараецца ў цэнтар прыцягненьня ўсіх антызаходніх сіл. Яе аргумэнты палягаюць у тым, што ў яе ёсьць энэргетычныя рэсурсы і атамная зброя. Яе посьпех б’е ёй у галаву, зараз яна падобная на нямецкае грамадзтва ў 1930-х гадах. Апошнія апытаньні сьведчаць аб тым, што 71% насельніцтва адчувае варожасьць да заходняга сьвету, а перш за ўсё, да Злучаных Штатаў.

Лепшыя людзі пакідаюць краіну, тыя, хто мелі веру ў пабудову эўрапейскай Расеі, у якой яны хацелі б жыць.

У дзяржаве пачалася новая хваля эміграцыі — больш маштабная, чым пасьля распаду Савецкага Саюзу. Лепшыя людзі пакідаюць краіну, тыя, хто мелі веру ў пабудову эўрапейскай Расеі, у якой яны хацелі б жыць. Нават калі яны не пакідаюць краіну самі, то адпраўляюць сваіх дзяцей у іншыя краіны. У школах і шпіталях расейскай сталіцы ўсё часьцей можна сустрэць настаўнікаў і лекараў з Таджыкістану і Ўзбэкістану. Рускія ўрачы і выкладчыкі пакідаюць краіну.

Для таго каб зразумець, што сёньня адбываецца ў Расеі, нават няма неабходнасьці ў чытаньні газэт. Дастаткова проста паслухаць людзей у чэргах перад консульствамі эўрапейскіх дзяржаваў у Маскве. Я задала некаторым зь іх спрадвечнае рускае пытаньне: «Што ж рабіць?» Абсалютна ўсе адказалі: «Час звальваць». Адзін чалавек распавёў, што ў 90-х гадах ён марыў ператварыць Расею ў заходнюю краіну: «Я працаваў у Мэмарыяле. Мы сабралі доказы жудасных рэпрэсій пры Сталіне. Але цяпер няма ніякай неабходнасьці ў гэтым. Некаторыя хочуць перайменаваць Валгаград назад у Сталінград.»

«Асілак, які адновіць імпэрыю, ізноў у модзе», — сказаў іншы расеец. — Гэта параза для мяне."

Мы выбіраем вайну замест міру. Мы выбіраем мінулае замест будучыні.

«Я зьяжджаю таму, што я лесьбіянка, — тлумачыць жанчына. — У нас зь сяброўкай двое дзяцей. Я не хачу, каб іх забралі ад нас і аддалі ў дзіцячы дом.» Іншы масквіч кажа, што яго бацька — антызаходнік і лічыць, што толькі здраднікі зьяжджаюць з Расеі цяпер.

«Але я ненавіджу яго, — дадаў ён. — Мы самая вялікая краіна ў сьвеце. Мы насельніцтва рабоў. Я напісаў, што быў за Майдан, на маёй старонцы ў Facebook. Вы не ўяўляеце сабе, колькі бруду і нянавісьці абрынулася на мяне. Зараз гэта адбываецца онлайн, але гэта толькі пытаньне часу, перш чым яно выплюхнецца на вуліцы. Баюся, што можа быць грамадзянская вайна.»

Мы выбіраем вайну замест міру. Мы выбіраем мінулае замест будучыні. Зазваніў тэлефон, у той час як я сканчала гэты тэкст. «Я чытаў вашы кнігі і вашы артыкулы. Я бачыў, як вы пэцкаеце Расею брудам, — сказаў голас. — Вы — „пятая калёна!“ Здраднікі! Мы будзем памятаць усіх і кожнага з вас. Твая гадзіна хутка прыйдзе!»

Я павесіла слухаўку і падышла да вакна. Маё ўражаньне было, што гадзіна, пра якую сказаў гэты чалавек, ужо надышла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG