Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімаў хоча ад Беларусі 100 мільёнаў даляраў, Скрабец — 15, а Кудзінаў — адзін мільён


Трацейскі суд у Гаазе абавязаў Расею выплаціць 50 мільярдаў даляраў акцыянэрам ЮКОСу. Ці разглядаюць беларускія бізнэсоўцы, у якіх улады некалі адабралі бізнэс, магчымасьць атрымаць кампэнсацыі?

Андрэй Клімаў: Пры сёньняшняй уладзе атрымаць нешта — нерэальна

У сярэдзіне 1990-х Андрэй Клімаў уваходзіў у пяцёрку самых вядомых беларускіх прадпрымальнікаў — ён меў ва ўласнасьці будаўнічую фірму, якая выконвала буйныя дзяржаўныя замовы, «Банк Андрея Климова», выдаваў «Газету Андрея Климова». Быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня. Увосень 1996-га паставіў свой подпіс пад патрабаваньнем імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. 11 лютага 1998-га Клімава арыштавалі і абвінавацілі ў крадзяжы ў асабліва буйных памерах. Асудзілі на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі.

Андрэй Клімаў
Андрэй Клімаў

«Вядома, зь цягам часу справы пра кампэнсацыю будуць разглядацца. У мяне на першым судзе была такая сытуацыя: яшчэ не было скончана будаўніцтва, а ўжо прымалася рашэньне па кантракце на будаўніцтва. Гэта лухта! Гэта прыкладна тое ж самае, што вы ўвайшлі ў краму, а вас ужо арыштавалі за тое, што вы зьбіраліся набыць болей, чым змаглі б аплаціць», — кажа Андрэй Клімаў

«На момант рашэньня суду мне дзяржава была вінная 1 мільён даляраў. А паводле рашэньня суду мае страты склалі каля 100 мільёнаў даляраў!, — адзначае Клімаў. — У мяне незаконна сканфіскавалі надзелы зямлі, якія я набыў пад будаўніцтва на аўкцыёнах, забралі шматкватэрныя дамы на вуліцах Куйбышава і Лодачнай».

«Пасьля гэтага, каб я ня торгаўся, мне далі тры турэмныя тэрміны. А калі захачу кампэнсацыі, дадуць і яшчэ адзін!», — кажа былы палітвязень.

Разважаючы пра імавернасьць атрыманьня кампэнсацыі, Клімаў адзначае:

«У дзяржавы нічога няма! Каб жа яна магла расплаціцца... Яны ж 3 мільярды даляраў плацяць штогод толькі, каб пагасіць адсоткі па тых крэдытах, якіх набралі. Вы можаце сябе ўявіць гэтую лічбу!? 3 мільярды даляраў! Якія грошы мне пасьля гэтага могуць аддаць?»

«Пры сёньняшняй уладзе атрымаць якуюсьці кампэнсацыю — гэта нерэальна. Але прыйдзе час, і суд прыме мой бок. І такое можа здарыцца і ў нашай краіне», — спадзяецца Андрэй Клімаў.

Уладзімер Кудзінаў: Некаторыя да кампэнсацыяў могуць і не дажыць

Уладзімер Кудзінаў у Івацэвічах (Берасьцейская вобласьць) заснаваў фірму, якая займалася жывёлагадоўляй і мясаперапрацоўкай. У 1995-м абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету, увайшоў у фракцыю «Грамадзянскае дзеяньне», быў сярод дэпутатаў, якія ў 1996-м паставілі свой подпіс за імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку. У лютым 1997 г. Уладзімер Кудзінаў быў арыштаваны. Асуджаны на сем гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве. Выйшаў на волю датэрмінова ў лютым 2001 г. у сувязі са зьмяненьнямі ў Крымінальным кодэксе Беларусі.

Уладзімер Кудзінаў
Уладзімер Кудзінаў

«Пытаньне пра кампэнсацыі магчымае толькі тады, калі Беларусь пойдзе шляхам дэмакратычнага разьвіцьця. Тады бізнэсоўцы, якія сталі ахвярамі цяперашняй улады, будуць зьвяртацца па кампэнсацыі. І новыя ўлады павінны будуць знаходзіць паразуменьне з такімі бізнэсоўцамі», — кажа Ўладзімер Кудзінаў, які апошнія гады жыве ў Крыме.

«Каб зьвяртацца ў міжнародны суд, трэба прайсьці ўсе этапы ў Беларусі. Мы прайгралі суд першай і другой інстанцыяў. Калі мы падавалі скаргі, мы плацілі пошліны. А калі мы плацілі пошліны, мы маем права зьвяртацца ў Вярхоўны суд. Але тады мы вырашылі не падаваць скаргі ў Вярхоўны суд, бо той усё адно выканаў бы загад уладаў», — узгадвае акалічнасьці сваёй справы колішні палітвязень.

«Калі ўлада ў Беларусі памяняецца, мы будзем зьвяртацца ў Вярхоўны суд, каб працягнулі тэрмін даўнасьці па справе. Спадзяюся, што гэта адбудзецца ў бліжэйшыя пяць гадоў. Але калі ўлада зьменіцца, скажам, гадоў праз 20, то многія не дажывуць да таго часу», — кажа Кудзінаў.

На пытаньне, якую суму ён хацеў бы атрымаць ад беларускай дзяржавы, Уладзімер Кудзінаў адказвае: «Я выставіў бы рахунак у адзін мільён даляраў».

Сяргей Скрабец: Я не разглядаю магчымасьць патрабаваць кампэнсацыі

Сяргей Скрабец — у розныя гады генэральны дырэктар гандлёвага дому «Бел-Бабаеўскае» і дэпутат Палаты Прадстаўнікоў — быў арыштаваны ў траўні 2005 году. Яго зьвінавацілі ў выманьваньні крэдытаў. Скрабца асудзілі на два з паловай гады. Рашэньнем пракуратуры тэрмін зьняволеньня быў скарочаны на адзін год.

Сяргей Скрабец
Сяргей Скрабец

«На працэсе я зьвяртаўся да судзьдзі: ёсьць рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду, што мне павінны выплаціць паўтара мільёна даляраў. Але суд праігнараваў гэты зварот. Мне гэтых грошай не вярнулі і па сёньня. Каб мне гэтую суму аддалі, я пагасіў бы крэдыт, які дагэтуль вісіць на мне, і змог бы аднавіць свае правы. Але я не магу дамагчыся таго, каб было выкананае рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду», — кажа Сяргей Скрабец.

«Я не разглядаю магчымасьць патрабаваць кампэнсацыі, бо суды ў нас залежныя, а судзьдзяў прызначае спадар Лукашэнка», — адзначае колішні бізнэсовец.

«Тое, што ў мяне сканфіскавалі, можна ацаніць у 5 мільёнаў даляраў. Але я 10 гадоў не магу ўладкавацца на працу, і я адбыў турэмнае пакараньне за тое, чаго не рабіў. Таму мой рахунак пацягнуў бы на 15 мільёнаў даляраў», — заявіў Сяргей Скрабец у інтэрвію Радыё Свабода.

Акцыянэры ЮКОСу супраць Расеі

28 ліпеня трацейскі суд у Гаазе апублікаваў рашэньне па пазове акцыянэраў ЮКОСу, у якім прысудзіў апошнім кампэнсацыю ў памеры 50 мільярдаў даляраў. Суд палічыў, што Расея парушыла Энэргетычную хартыю і незаконна прысабечыла актывы ЮКОСу. Рашэньне было вынесена 18 ліпеня, але зьявілася на сайце суду толькі празь дзесяць дзён.

Расея павінна перадаць 50 мільярдаў даляраў пазоўнікам да 15 студзеня 2015 году. Калі да гэтага часу РФ ня выплаціць грошай, то пачнецца налічэньне адсоткаў. На працягу дзесяці дзён з моманту абвяшчэньня прысуду Расея мае права зьвярнуцца ў нідэрляндзкія суды, каб падаць заяву аб ануляваньні рашэньня.

Расейская нафтавая кампанія ЮКОС існавала з 1993 па 2007 год. 1 жніўня 2006 г. ЮКОС прызналі банкрутам па заяве сындыкату замежных банкаў, якім кампанія завінавацілася каля 500 мільёнаў даляраў. Пазьней гэты доўг выкупіла «Роснефть», якая цяпер валодае большай часткай актываў былой кампаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG