Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мсьціславе паказалі знойдзеныя ў рацэ дасьпехі старажытнага рыцара, які загінуў у бітве ў 1502 годзе


Ілюстрацыйнае фота. Рыцарскі турнір
Ілюстрацыйнае фота. Рыцарскі турнір

У Мсьціславе на навукова-практычнай канфэрэнцыі «Канцэпт сьвятасьці ў гістарычным аспэкце», якая прайшла 26 ліпеня ў межах фэстывалю «Рыцарскі фэст — 2014» былі прадстаўленыя дасьпехі старажытнага рыцара, знойдзеныя ў рацэ Віхра ў жніўні 2013 і чэрвені 2014 года.

26 ліпеня ў горадзе былі ўрачыста пахаваныя астанкі рыцара, знойдзеныя разам з дасьпехамі ў рацэ Віхра, якая праходзіць па Мсьціслаўскім раёне. Воін загінуў у бітве ў 1502 годзе.

Дасьпехі гэтыя ўнікальныя тым, што яны падкрэсьліваюць прыналежнасьць рыцарскага абмундзіраваньня да заходнеэўрапейскай мілітарнай традыцыі, заявіў доктар гістарычных навук, археоляг Юры Бохан, які ўдзельнічаў у вывучэньні знойдзеных артэфактаў. Паводле яго слоў, дасьпехі належалі небагатаму рыцару. Некаторыя часткі дасьпехаў, як напрыклад, абарона для шыі, прымацаваная на шалом ззаду, былі зроблены не ў Заходняй Эўропе, а ў тутэйшай мясцовасьці. Гэта, лічыць гісторык, даказвае, што тэхнічная думка ў нашых продкаў была такая ж, як, напрыклад, у Паўднёвай Германіі.

Рака Віхра зьяўляецца скарбніцай гістарычных артэфактаў, заявіў дайвэр Андрэй Ліхачоў, які падымаў знойдзеныя дасьпехі з дна вадаёма. Паводле яго слоў, апошнім разам пры абсьледаваньні дна ракі ўсяго за гадзіну былі знойдзеныя некалькі прадметаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасьць.

Доктар гістарычных навук, сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Ігар Марзалюк расказаў пра шкоду, якую наносяць дзеяньні так званых «чорных капальнікаў», якія ў пагоні за старажытнымі артэфактамі з мэтай асабістага ўзбагачэньня разбураюць культурны слой і пазбаўляюць народ яго гістарычнага здабытку. Ён заклікаў аказваць процідзеяньне несанкцыянаваным раскопкам, якія наносяць непапраўны ўрон для гісторыі і археалёгіі.

Марзалюк паведаміў, што ў Мсьціславе адноўлены афіцыйныя навуковыя раскопкі і плянуецца музэефікаваць Замкавую гару. Акрамя таго, беларускія вучоныя хочць надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці міжнароднага значэньня рацэ Віхры ў гістарычнай частцы горада.

Знойдзеныя дасьпехі старажытнага рыцара выстаўлены для агляду ў мсьціслаўскім кармэліцкім касьцёле.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG