У прытулку, які фармальна лічыцца расфармаваным, яшчэ знаходзяцца сямёра прыёмных дзяцей, якія, паводле Ірыны Моцнай, ня хочуць пакідаць яго.
Пра затрыманьне Ірыны Моцнай паведамілі яе знаёмыя. Зь іх слоў Ірына і двое яе дзяцей знаходзяцца ў аддзеле міліцыі больш за чатыры гадзіны. Яны кажуць, што супраць аднаго з сыноў міліцыя выкарыстала спэцсродкі — кайданкі. Сувязі з жанчынай няма. Тэлефон не адказвае. Знаёмцы кажуць, што прыёмныя дзеці, пабачыўшы ў двары прытулку міліцыю, разьбегліся.
Учора Ірына Моцная паведамляла, што да яе прыходзіла цэлая дэлегацыя чыноўнікаў з райсавету і настойліва прасіла прайсьці зь імі ў мясцовую школу на нейкую гутарку. Яна адмовілася ісьці, спаслаўшыся на адсутнасьць аргумэнтацыі: што павінна адбыцца ў школе.
У аддзеле адукацыі Клімавіцкага райвыканкаму заяўляюць, што ня ведаюць пра затрыманьне Ірыны Моцнай. Не камэнтуюць і сытуацыю зь дзіцячым домам сямейнага тыпу, якім апякуецца Моцная. Спасылаюцца на тое, што ідзе праверка.
У дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Клімавічах мелі прытулак сямёра прыёмных дзяцей. Іхную маму-выхавацельку Ірыну Моцную адхілілі ад працы рашэньнем райвыканкаму. Яна лічыць, што звольнена, бо наважылася паскардзіцца ў адміністрацыю прэзыдэнта на мясцовую ўладу, якая, як заяўляе жанчына, ігнаравала просьбы дапамагчы прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў.