Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакрат Барысаў чакае суду за газэты. Пра суд над Кастусёвым міліцыя пакуль думае


Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

Магілёўскі раённы аддзел міліцыі вінаваціць актывіста ў тым, што той парушыў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», бо распаўсюджваў друкаваныя выданьні, ня маючы на гэта адпаведнага дакумэнту

23 ліпеня на сябра прэзыдыюму Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава склалі пратакол. Магілёўскі раённы аддзел міліцыі вінаваціць актывіста ў тым, што той парушыў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», бо распаўсюджваў друкаваныя выданьні, ня маючы на гэта адпаведнага дакумэнту.

Адміністрацыйную справу зьбіраюцца перадаваць у суд. Ігару Барысаву пагражае штраф да 50 базавых велічыняў.

Падставай для перасьледу актывіста стаў арышт вялікай партыі газэт, якую міліцыянты знайшлі ў ягонай прыватнай машыне ўначы 16 ліпеня.

Ігар Барысаў кажа, што ў яго забралі партыйны бюлетэнь «Сацыял-дэмакрат», прысьвечаны кампаніі «Народны рэфэрэндум», а таксама наклад газэты «Наш Магілёў», у якой падавалася інфармацыя пра грамадзкую кампанію ў абарону помнікаў архітэктуры абласнога цэнтру.

Аўто з газэтамі спынілі супрацоўнікі ДАІ ў адной з прыгарадных магілёўскіх вёсак. Патлумачылі, што машына Барысава ў вышуку — нібыта на ёй было ўчынена хуліганства. Пабачыўшы ў багажніку пакункі, ДАІшнікі адагналі машыну ў раённы аддзел міліцыі. Там склалі пратакол.

Міліцыянт, прагледзеўшы выданьні, ня ўбачыў у іх нічога крамольнага. Проста яму загадалі скласьці пратакол — ён яго і склаў

Ігар Барысаў лічыць, што арышт газэт зьвязаны з маючымі адбыцца прэзыдэнцкімі выбарамі. На яго думку, улада спрабуе перакрыць каналы паступленьня друкаваных выданьняў, таму і ўзмацніла кантроль за дзейнасьцю актывістаў.

«У міліцыі была арыенціроўка на мяне. Калі супрацоўнікі ДАІ аглядалі машыну, яны гэта рабілі нядбайна. Яны нават не глядзелі, што ў пакунках. Тое ж сёньня было і падчас складаньня пратаколу. Міліцыянт, прагледзеўшы выданьні, ня ўбачыў у іх нічога крамольнага. Проста яму загадалі скласьці пратакол — ён яго і склаў. Хоць нават ня ведаў, як афармляць яго. Рабіў гэта зь неахвотай. Бачна было, што імі нехта кіруе», — даводзіць Ігар Барысаў.

Разам зь ім у машыне быў і намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ігар Барысаў зазначае, што міліцыя пакуль думае, ці ня скласьці пратакол і на фронтаўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG