Інтэрнэт-газэта «Українська правда» стварыла сайт памяці ахвяр супрацьстаяньня з рэжымам былога прэзыдэнта Віктара Януковіча на Эўрамайдане ў Кіеве.
Сайт «Нябесная сотня» створаны да 5 месяцаў з лютаўскага расстрэлу пратэстоўцаў на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве і 8 месяцаў пачатку Эўрамайдану.
На сайце ёсьць інфармацыя пра ўсіх герояў Нябеснай сотні, іх біяграфіі і абставіны гібелі, а таксама іх фатаграфіі.
Сярод іншых — і разьдзел пра беларуса Міхала Жызьнеўскага, які быў у ліку першых, каго застрэлілі на кіеўскіх барыкадах, роўна 5 месяцаў таму, 22 лютага.
У эсэ пра Міхала Жызьнеўскага ў прыватнасьці напісана: «Шляхетная пастава, высокі лоб і сьветлы погляд. З адзеньня — камуфляжная форма, на галаве бэрэт, на поясе — армейская папруга, на нагах — да бляску начышчаныя чаравікі. Вартавым ён заўсёды стаяў на ўваходзе ў палатку УНА-УНСО па правы бок ад сцэны Майдана.
Міхаіл часта глядзеў наперад і задуменна ўсьміхаўся. Яго погляд быў скіраваны кудысьці, дзе добра і сьвятло, нават калі на дварэ ішоў дождж, а неба закрывалі згусткі цёмных аблокаў.
Ва Ўкраіну хлопец прыехаў яшчэ ў 2005 годзе. Сам нарадзіўся ў беларускім горадзе Гомель. Свабодалюбівы Міхаіл ў семнаццаць гадоў зьбег ад рэжыму Бацькі шукаць шчасьця ва Ўкраіне. Спачатку спрабаваў замацавацца ў Данецку, потым у Крывым Рогу і Кіеве. Нарэшце здымаў жыльлё ў Белай Царкве. Тут знайшоў працу зваршчыка і мантажніка вокнаў.
Прыкладная прафэсія — толькі спосаб заробку, кола інтарэсаў Міхаіла было значна шырэйшым: гісторыя, міталёгія, ваенная справа і рыцарскі рух. Адсюль і псэўда Міхаіла — Локі — у гонар бога скандынаўскай міталёгіі.
Беларус даўно не бачыў сваіх бацькоў, гэтай вясной плянаваў ўпершыню за шмат гадоў наведаць родны Гомель. 22 студзеня раніцай ён, як заўсёды ўсьмешлівы выйшаў з намёта, паправіў крысо курткі і бэрэт і хуткай упэўненай хадой пайшоў у кірунку Грушэўскага ... Ужо ў дзевяць раніцы яму ў сэрца трапіла паляўнічая куля. Мэдыкі былі бясьсільныя.
Сьмерць Міхаіла Жызьнеўскага стала сапраўдным шокам для ўдзельнікаў мірнага пратэсту і прадвесьніцай далейшых ахвяр ашалелага рэжыму. На жаль так ёсьць, — першымі сыходзяць з жыцьця самыя сьмелыя, тыя, каму ёсьць што губляць, але пачуцьцё справядлівасьці заўсёды штурхае іх на перадавую.
На працягу апошніх тыдняў Міхаіл зьбіраў інфармацыю для газэты „Саборная Кіеўшчына“. Зрэшты, Локі наканавана напісаць нешта значна важней: ўласнай крывёй беларус назаўжды ўпісаў сваё імя ў гісторыю Ўкраіны».
Міхаіл не дажыў да дваццаці шасьці гадоў толькі чатыры дні. Менавіта ў дзень яго нараджэньня адбылася трызна па загіблых. Ні Міхайлаўскі Залатаверхі сабор, ні двор манастыра не змаглі зьмясьціць усіх, хто прыйшоў разьвітацца з героем. Доўгая пахавальная працэсія расьцягнулася па вуліцах Кіева. На пахаваньне прыйшло каля 10 тысяч чалавек. З-паміж імі дзьве пары заплаканых дзявочых вачэй — сястры і дзяўчыны Міхаіла. Калі труну з целам Локі несьлі праз Майдан да барыкад на Грушэўскага, людзі скандавалі: «Герой» і «Жыве Беларусь»
Героя Нябеснай Сотні пахавалі ўвечары 28 студзеня на могілках каля пасёлка Сьцяг Працы ў Гомельскім раёне Беларусі. Перад пахаваньнем цела накрылі сьцягам УНА-УНСО, а труну — гістарычным нацыянальным сьцягам Беларусі.
Усьмешлівы, мужны і справядлівы — такім быў пры жыцьці Локі, і менавіта такім яго будуць успамінаць мільёны ўкраінцаў.