Чарнавус абскардзіць рашэньне суду.
На судовым паседжаньні прадпрымальнік заявіў адвод судзьдзі з прычыны недаверу. Аднак адвод ня быў прыняты.
Суд апытаў сьведку — дырэктара цэнтральнага кааператыўнага рынку Баранавічаў.
«Яго паказаньні не супярэчылі маім, і ўсё гаварыла пра тое, што я не зьяўляўся арганізатарам таго мерапрыемства, у якім мяне абвінавацілі. Але судзьдзя вырашыў інакш», — заявіў прадпрымальнік у інтэрвію БелаПАН.
1 ліпеня каля 300 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках і ў гандлёвых цэнтрах Баранавічаў, прыпынілі працу на знак пратэсту супраць уступленьня ў сілу ўказу прэзыдэнта № 222, які істотна ўскладняе іхную працу. Людзі сабраліся на цэнтральным каапэратыўным рынку Баранавічаў, а затым скіраваліся ў гарвыканкам, каб абмеркаваць з чыноўнікамі праблемы, зьвязаныя з увядзеньнем указу. У гарвыканкаме ім заявілі, што нікога з кіраўніцтва няма на месцы, аднак прадпрымальнікам удалося трапіць у актавую залю. Там яны зладзілі сход, па выніках якога прынялі рэзалюцыю на імя кіраўніка дзяржавы.
Чарнавуса затрымалі 2 ліпеня. У міліцыі прадпрымальніку, які зьяўляецца інвалідам II групы, стала блага. Ён неаднаразова прасіў пра мэдычную дапамогу, але ягоныя просьбы ігнараваліся.
Пасьля складаньня пратаколу прадпрымальніка адправілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ў яго рэзка падняўся ціск. Машына «хуткай дапамогі» адвезла Чарнавуса з пастарунка ў шпіталь.