Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы падзеньня малазійскага самалёта знойдзеныя «чорныя скрынкі»


На месцы падзеньня пасажырскага лайнэра «Боінг-777» у Данецкай вобласьці знойдзеныя бартавыя самапісцы. Пра гэта Інтэрфаксу паведаміў кіраўнік інфармацыйнага цэнтру «Паўднёва-Усходні фронт» Канстанцін Кнырык.

Раней так званы «першы віцэ-прэм'ер» самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Андрэй Пургін заявіў Інтэрфаксу, што «чорныя скрынкі» будуць перададзеныя для расшыфроўкі ў Маскву.

Як паведамляе УНІАН са спасылкай на Данецкую абласную адміністрацыю – на месцы катастрофы працуюць 5 брыгад мэдыкаў, якім улады ДНР, якія кантралююць гэты раён, перашкодаў ня чыняць. Па дадзеных Інтэрфакса, на месцы падзеньня самалёта працуюць і ратавальнікі, і апалчэнцы ДНР.

Парэшткі 295-ці загінулых і абломкі лайнэра раскіданыя ў радыюсе 15 кілямэтраў.

Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў у эфіры «5 канала», што лайнэр, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў зьбіты ў раёне горада Сьнежнае (паблізу Тарэза Данецкай вобласьці) з расейскай зэнітна-ракетнай устаноўкі «Бук». Па словах Герашчанкі, сэпаратысты, верагодна, пераблыталі яго з украінскім вайсковым ці вайскова-транспартным самалётам. Ён таксама паведаміў, што МУС мае дадзеныя аб тым, што ў чацьвер, незадоўга да авіякатастрофы, устаноўка «Бук» – 4 ракеты на гусенічным ходзе – праехала праз Тарэз і Сьнежнае. Герашчанка ня выключыў, што пуск ракет, здольных зьбіваць аб'екты на вышыні да 15 кілямэтраў, быў ажыцьцёўлены расейскімі вайскоўцамі.

Улады ДНР заявілі, што ў іх комплексаў «Бук» няма і што пасажырскі самалёт мог быць зьбіты ракетай, пушчанай з борта ўкраінскага вайсковага самалёта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG