Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра ўплыў санкцый супраць Расеі на Беларусь: «Нам ужо трэба рыхтавацца да горшага»


Пашырэньне ЗША і Эўразьвязам скіраваных на Расею санкцыяў, пра якія абвясьцілі ўвечары 16 ліпеня, ужо сёньня адмоўна адбіліся на расейскім рынку. Так, курс расейскага рубля на сёньняшніх таргах з разьлікамі «заўтра» зьніжаецца на 31 капейку да даляра і на 45 капеек да эўра. Значна зьнізіліся і асноўныя індэксы — ММВБ і РТС. Такое падзеньне расейскай эканомікі пацягне за сабою ўніз і беларускую, прагназуюць экспэрты.

Аналітыкі адзначаюць, што адыход расейскіх індэксаў у мінус — гэта рэакцыя на новыя санкцыі. Эўразьвяз пакуль устрымліваецца ад гандлёва-прамысловых абмежаваньняў, аднак заяўляе пра гатоўнасьць прыняць іх не марудзячы. А Злучаныя Штаты ўжо пашырылі санкцыйны сьпіс. Сярод тых, хто падпаў пад амэрыканскія санкцыі, — шэраг вядомых расейскіх кампаніяў, напрыклад, Зьнешэканомбанк, Газпромбанк, «Роснефть» ды іншыя. Ёсьць у сьпісе і расейскія кампаніі, якія займаюцца вырабам розных відаў зброі.

Некаторыя расейскія банкі, якія падпалі пад новыя санкцыі, маюць у Беларусі сваіх «дачок», а некаторыя беларускія прадпрыемствы працуюць у каапэрацыі з расейскімі, якія вырабляюць зброю. І гэта абавязкова адаб’ецца на стане беларускай эканомікі, — кажа кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Безумоўна, калі праблемы ўзьнікаюць у мацярынскіх кампаніяў, то гэта адбіваецца і на фінансавым становішчы іхніх „дачок“. Зьменшыцца той бізнэс, які прапануе Масква, і фінансавыя магчымасьці банкаў будуць значна зьменшаныя.

Расейская эканоміка, безумоўна, пойдзе ўніз. І пацягне за сабой беларускую. Тое, што я і прадказваў. Рэцэсія расейскай эканомікі як вынік заходніх санкцыяў адаб’ецца на магчымасьці расейскага рынку купляць беларускія тавары. Тым больш — на сытуацыі ў Беларусі».

«Беларуская эканоміка настолькі шчыльна зьвязаная з расейскай, што, канечне, трэба чакаць адмоўных наступстваў санкцыяў і ў нас», — тлумачыць дырэктар па дасьледаваньнях Лібэральнага клюбу Яўген Прэйгерман:

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

«Калі гэтыя санкцыі будуць рабіць сур’ёзны ўплыў на расейскую эканоміку, то, нават адкідаючы канкрэтныя прадпрыемствы і банкі, гэта будзе адбівацца і на эканоміцы Беларусі. Хоць бы праз тое, які ёсьць попыт на беларускія вырабы на расейскім рынку.

І, вядома, гэта адаб’ецца на канкрэтных прадпрыемствах і банках, якія б хацелі пашыраць свае інвэстыцыйныя і каапэрацыйныя праграмы ў Беларусі. Узровень завязкі нас на расейскую эканоміку вельмі сур’ёзны. Тут, я думаю, праблемы абавязкова будуць».

Наступствы ў фінансавай сфэры разглядае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«„Зьнешэканомбанк“ будзе весьці фінансаваньне атамнага праекту ў Астраўцы. Грошы на гэта ёсьць. Яны будуць працаваць зь Беларусьсю.

А што тычыцца некаторых іншых расейскіх банкаў, кшталту „Сбербанка“, то супраць іх я наагул прапаную пачаць спэцыяльнае расьсьледаваньне. Таму што яны спэкулявалі тут на беларускім рублі і на працэнтнай стаўцы. Гэта для нас мільярдныя страты. Ураду трэба на такі крок адважыцца. Можа, гэта і не карупцыйная справа. Аднак парушэньне бізнэс-этыкі тут выразнае».

«Нам ужо трэба рыхтавацца да горшага», — папярэджвае Яраслаў Раманчук:

«Наступствы антырасейскіх санкцыяў толькі пачынаюцца. Хутка гэтая машына закруціцца на ўсю моц. Усяго самага нэгатыўнага трэба чакаць напрыканцы гэтага году. І таму пра ўсе нашы пляны наконт росту інвэстыцыяў трэба ўжо забыцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG