У панядзелак з сэктару Газа па Ізраілі баевікі выпусьцілі некалькі дзясяткаў ракетаў. Чатыры ракеты зьбіла сыстэма супрацьпаветранай абароны «Жалезны купал», астатнія ўпалі ў незаселенай мясцовасьці.
Канфлікт абвастрыўся пасьля забойства палестынскага падлетка. Перад гэтым злачынствам знайшлі нежывымі трох ізраільскіх школьнікаў, якіх выкралі на Заходнім беразе Ярдану 12 чэрвеня.
Радыё Свабода пагутарыла зь беларускай Дар’яй Каткоўскай. Разам зь сямігадовым сынам Алесем яны цяпер жывуць у Ашдодзе, горадзе ў зоне абстрэлу.
«Першыя ракеты былі выпушчаныя тут толькі ўчора ўвечары. Мы якраз былі на беразе мора і бачылі, як з боку Газа вылецелі гэтыя агні і як іх зьбіла супрацьпаветраная ізраільская сыстэма «Жалезны купал». Прычым гэта быў вялікі залп, вылятала адразу некалькі ракетаў, бо да Ашдода далятаюць не «Касамы» (прымітыўныя кустарна вырабленыя ракеты клясы «зямля-зямля». — РС), а ракеты «Град» (рэактыўная сыстэма залпавага агню. — РС).
Пасьля па пляжы ехала паліцыя і прасіла людзей, каб ішлі дахаты і не знаходзіліся ў адкрытых месцах, бо на пляжы няма куды схавацца.
Але вось зраніцы ўжо чатыры разы цягам гадзіны — 10.05, 10.25, 10.35, 10.45 — былі сырэны. Гэта вельмі гучная сырэна, яе немагчыма ні з чым пераблытаць.
Ноч была спакойная. Звычайна сырэна супрацьпаветранай абароны гучыць уначы.
Але вось зраніцы ўжо чатыры разы цягам гадзіны — 10.05, 10.25, 10.35, 10.45 — былі сырэны. Гэта вельмі гучная сырэна, яе немагчыма ні з чым пераблытаць.
У горадзе ёсьць Служба тылу, якая кажа, колькі ад моманту пачатку сырэны ў вас ёсьць часу, каб схавацца. У нашым горадзе гэта 30 сэкундаў. То бок за паўхвіліны трэба сабрацца і пабегчы туды, дзе будзе бясьпечна. Звычайна ў кватэрах ёсьць адмысловыя пакоі з жалезабэтоннымі сьценамі. Ці калі такіх пакояў няма, то людзі выбягаюць на лесьвіцу і стаяць паміж лесьвічнымі пралётамі. Вядома, што калі нешта трапляе ў дом, то тут самае надзейнае месца, дзе можна схавацца. І людзі стаяць на пляцоўках, нешта абмяркоўваюць.
Не магу сказаць, што гэта нармальная зусім сытуацыя, але панікі няма. Крамы працуюць, людзі ідуць на працу. Калі параўнаць з тым, колькі людзей выбегла на лесьвіцу ў 10.05, то ў 10.45 ужо людзей менш — частка сышла на працу.
Пасьля заканчэньня сырэны па правілах ты яшчэ некалькі хвілін мусіш заставацца ў бомбасховішчы, бо могуць параніць аскепкі зьбітых ракетаў. Я ведаю, што ўчора ў Ашдодзе адзін чалавек быў паранены аскепкамі.
Адзін зь мінусаў Ашдода ў тым, што ён знаходзіцца ў зоне абстрэлу «Града», і тут людзі былі падрыхтаваныя, бо ўжо ў нядзелю мэрыя абвясьціла, што ніякіх мерапрыемстваў у месцах, дзе няма бамбасховішчаў, не праводзіцца. Хоць дагэтуль яшчэ ніводнай ракеты не было, але чакалі, што абстрэл пачнецца.
Людзі самі даведваюцца пра небясьпеку. Мы пастаянна глядзім навіны, сочым у інтэрнэце. Ёсьць сайт Службы тылу, дзе абмяркоўваецца, што трэба рабіць. Цяпер абмяркоўваецца пытаньне ўвядзеньня ў 40-кілямэтровай зоне надзвычайнага становішча.
Людзі тут ставяцца да канфлікту так, як трэба ставіцца да дзеяньняў тэрарыстаў. Думаю, што збольшага людзі лічаць, што ня трэба ўступаць зь імі ў перамовы. Ізраіль афіцыйна заклікае палестынцаў спыніць агонь, але думаю, што большасьць жыхароў чакае пачатку ваеннай апэрацыі, якая прыпыніла б тое, што цяпер адбываецца».
Узброеныя сілы Ізраілю ўжо абвясьцілі пра пачатак апэрацыі «Непарушная скала», скіраванай супраць баевікоў групоўкі «Хамас» у сэктары Газа, і нанесьлі некалькі авіяўдараў па аб’ектах баевікоў, зь якіх ажыцьцяўляюцца напады на тэрыторыю Ізраілю.