Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыяналісты нагнятаюць антыкамуністычную гістэрыю — Калякін


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Ідэалёгія фашызму, шавінізму і іншых формаў скрайняга нацыяналізму набірае папулярнасьць і на эўрапейскім кантынэнце, і ў сьвеце ў цэлым. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі супраць усіх форм фашызму, нацыяналізму і дыскрымінацыі, якая прайшла 5–6 ліпеня ў Менску.

«Сёньня ў сьвеце ў цэлым і ў тым ліку ў Эўропе атрымлівае ўсё большую папулярнасьць ідэя крайняга нацыяналізму, разьвіваюцца арганізацыі, што спавядаюць гэтыя ідэі», — заявіў старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін 6 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску. У якасьці прыкладу ён прывёў Вугоршчыну, дзе прадстаўнікі партыі прафашыстоўскага кірунку ўваходзяць ва ўрад.

Паводле слоў Калякіна, удзельнікі канфэрэнцыі прыйшлі да высновы, што наяўная сытуацыя «зьяўляецца заканамерным вынікам абвастрэньня супярэчнасьцяў на імпэрыялістычнай стадыі разьвіцьця капіталізму, вырашыць якія можна толькі ліквідаваўшы гэту сыстэму грамадзкіх адносін».

«Эксплюататарскія клясы, імкнучыся захаваць сваё пануючае становішча, спрабуюць выкарыстаць нацыяналістычную карту ў якасьці інструмэнту адцягваньня працоўных ад клясавай барацьбы з рэальнымі вінаватымі пагаршэньня іх сацыяльнага становішча. Адначасова яны нагнятаюць антыкамуністычную істэрыю, спрабуючы дыскрэдытаваць „левую“ ідэю, вядуць маштабны наступ на правы працоўных», — сказаў Калякін.

На яго думку, у сёньняшніх умовах левым партыям і арганізацыям неабходна аб’ядноўваць свае намаганьні для прасоўваньня ў сьвядомасьці «зразумелай і прыцягальнай альтэрнатывы грамадзкага разьвіцьця ў інтарэсах працоўнай большасьці і стварэньня шырокага фронту барацьбы з узрастаючай пагрозай нэанацызму і нэафашызму».

Канфэрэнцыя арганізавана партыяй «Справядлівы сьвет» сумесна з партыяй Эўрапейскіх левых. У ёй бралі ўдзел прадстаўнікі левых і сацыял-дэмакратычных партый і арганізацый зь Беларусі, Баўгарыі, Вугоршчыны і Эстоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG