Беларускі праваабаронца і кіраўнік Эўрапарлямэнту абмяняліся інфармацыяй пра сытуацыю ў Беларусі.
«Мой сыгнал да Шульца быў у тым, каб працягваць намаганьні, якія яны прыкладалі цягам усіх гэтых гадоў, пасьля сьнежня 2010-га, у справе вызваленьня палітычных зьняволеных. А таксама каб яны працягвалі дамагацца комплексных зьменаў з правамі чалавека і са станам дэмакратыі ў Беларусі», — паведаміў Алесь Бяляцкі пасьля сустрэчы з Марцінам Шульцам.
«Шульц у курсе таго, што адбываецца ў нас. Мне падаецца, гэта добры пачатак працы Эўрапарлямэнту — каб яны не пазбаўлялі Беларусь той увагі, якая была перад гэтым, улічваючы новую сытуацыю ў нашым рэгіёне», — дадаў Бяляцкі.
Раней былы палітвязень, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі сустракаўся з эўракамісарам у пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфанам Фюле, Генэральным сакратаром Рады Эўропы Турб’ёрнам Ягландам і старшынёй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Ан Брасэр.
Алесь Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня паводле амністыі. Праваабаронцу арыштавалі 4 жніўня 2011 году, за кратамі ён правёў 1052 дні.