Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палюбіць Афрыку


У пагорках блукаюць дзьве дзяўчынкі — вайна падыходзіць да канца, і таму маці пагадзілася адпусьціць іх на пікнік, папрасіўшы слугу прыгледзець за дзецьмі: Афрыка ёсьць Афрыка, тут усялякае можа здарыцца. Раптам адна зь іх, малодшая, радасна ўскрыквае: яна знайшла нешта цікавае — піраміды, складзеныя з камянёў, а на іх — гліняны посуд, пачарнелыя ад часу ўпрыгожаньні і гарбузы, высахлыя настолькі, што варта да іх дакрануцца, і яны рассыпаюцца. Гэта старое пахаваньне, і ўсе рэчы ля могілак належаць мёртвым. Дзяўчынку гэтае відовішча вельмі ўражвае, але не палохае, наадварот, яна пачынае перабіраць пасудзіны і нават зьбіраецца нешта з сабой забраць. Слугу яе ўчынак жахае, ён крычыць, што рэчы памерлых чапаць нельга, інакш можа здарыцца няшчасьце, але дзяўчынка ўжо разышлася і пачала гарэзіць. Яна ня верыць, што посуд, які належыць тым, каго ўжо няма, можа нейкім чынам паўплываць на жывых. Аднак Афрыка ёсьць Афрыка, і няшчасьце здараецца. Магчыма, не праз тое, што дзяўчынка чапала рэчы памерлых, аднак як бы там ні было, сям’і Фулераў даводзіцца чарговы раз здымацца зь месца і ехаць шукаць новы дом — у Зімбабвэ, Малаві ці Замбію, гэтыя чароўныя краіны, якія прынесьлі Фулерам больш нягодаў, чым радасьцяў, але пра якія дзяўчынка, што чапала рэчы памерлых, напісала пасьля вельмі цёплыя ўспаміны.

Назву кнігі Аляксандры Фулер «Don’t Let’s Go to the Dogs Tonight» (2001) можна перакласці як «Давай ня пойдзем увечары сабаку пад хвост» ці «Давай ня пойдзем увечары да чорта», калі паспрабаваць адысьці ад «сабачай» мэтафары, хоць сабакі граюць у кнізе вялікую ролю. Побач зь імі праходзіць дзяцінства аўтаркі, і яны — неабходныя памочнікі на афрыканскай фэрме, якія дзеляць з гаспадарамі цяжкасьці жыцьця ў неспрыяльных умовах. Вось як апісваецца ў кнізе адзін з рэгіёнаў Радэзіі (цяпер Зімбабвэ), які на некаторы час зрабіўся домам для сям’і Фулераў: «...на ўсходзе, за Солсбэры [ранейшая назва сталіцы Зімбабвэ Харарэ — Г. Я.], знаходзіцца вузкі, цесны горб, вузлаваты кулак з узгор’яў. Там, калі прыгледзецца ўважліва, знойдзеш нечакана глыбокую даліну, схаваную ў чароўных фіялетавых западзінах, дзе амаль заўсёды холадна, паветра сьвежае, насычанае пахамі эўкаліптаў і соснаў, і дзе няма камароў. Карта зь фіялетавай робіцца ружовай, потым аранжавай і жоўтай, пазначаючы такім чынам пераход да сьпёкі, плоскасьці і малярыі. Гэтая даліна на далёкім усходзе краіны называецца Бурма Вэлі. Тут коні худзеюць у вільготным сьпякотным паветры, і іх скура на рэбрах абвісае. У дзяцей тут тырчаць каленкі і локці, скура ад надмернай гарачыні і пякучага абязводжваньня робіцца вялай і аранжавай, а іх бацькі злоўжываюць тытунём ці алькаголем. Сабакі тут пакрытыя струпамі ад мух, якія высаджваюць яйкі на вільготных лапіках зямлі ці неадпрасаваным адзеньні, а пасьля забіраюцца зь імі пад скуру, дзе і вылупліваюцца лічынкі — на скуры зьяўляюцца язвы, зь якіх вылятаюць новыя мухі».

Калі адкрыць старонку Аляксандры Фулер у ангельскай Вікіпэдыі, то першая фраза там гучыць так: «Аляксандра Фулер (нарадзілася ў 1969 годзе) — пісьменьніца, што жыве цяпер у штаце Ваёмінг (ЗША)». Няма пазнакі пра тое, ангельская яна пісьменьніца, афрыканская ці амэрыканская: складальнікі артыкулу відавочна так і ня вызначыліся, да якой нацыянальнай літаратуры можна гэтую аўтарку аднесьці. У сёньняшнім сьвеце нікога ня зьдзівіш зьменай краіны жыхарства ці нават зьменай мовы, ня толькі мовы паўсядзённага ўжытку, але і мовы творчасьці. І ўсё ж у выпадку з Аляксандрай Фулер пытаньне нацыянальнай ідэнтычнасьці трохі больш складанае.

Бацькі пісьменьніцы, брытанцы паводле паходжаньня, пражылі ў Афрыцы амаль усё жыцьцё. Іх радзімай зрабілася ня нейкая пэўная краіна, бо яны некалькі разоў пераяжджалі з адной краіны на поўдні кантынэнту ў іншую, а менавіта ўся Афрыка. Умовы жыцьця ў розных краінах былі розныя, аднак сям’я Фулер паўсюль займалася сельскай гаспадаркай, прыстасоўваючыся да тых магчымасьцяў, якія давалі прыродныя і кліматычныя ўмовы. Вярнуцца на Брытанскія выспы Фулеры паспрабавалі толькі аднойчы, і вось як іх дачка апісала гэтую спробу: «Калі пачаліся зімовыя дажджы і паўсюль, куды ні кінь вокам, пагоркі пакрыў шэры саван, ангельская прыгода бацькам надакучыла. У іх не было ні гроша, але яны вырашылі, што гніць пад ангельскім небам ня будуць. Тата кінуў працу. Яны зьняліся з фэрмы і прадалі зямлю на торф нейкай садова-агароднай фірме, якая пастанавіла зьняць зь яе верхні слой і раскласьці яго ў выглядзе траўніка недзе ў прадмесьцях Манчэстэру. Хлявок, у якім ужо зьявіліся прыбіральня і водаправод, а кучы гною былі прыбраныя і агалілася каменная падлога, бацькі здалі ў арэнду нейкім наіўным мяшчанам пад выглядам вясковага дамка, а самі зьбеглі».

У пасьляслоўі да кнігі Аляксандра Фулер так вызначае сваю ідэнтычнасьць: «Афрыканкай я зрабілася выпадкова, а не паводле нараджэньня. Хаця мая душа, маё сэрца і мой розум — афрыканскія, маю белую скуру афрыканскай дакладна не назавеш. Хоць я настойваю на гэтай сваёй афрыканскасьці, калі нешта такое ўвогуле існуе на гэтым вялізным і разнастайным кантынэнце, мушу прызнацца, што палова майго жыцьця ў Афрыцы прайшла пад знакам англяцэнтрызму — нібыта чорныя афрыканцы ня мелі ніякай вартай увагі культуры, нібыта іх увогуле не было, а былі толькі слугі і — што яшчэ горш — тэрарысты». Пасталеўшы, выйшаўшы замуж за амэрыканца і зьехаўшы зь ім у Злучаныя Штаты, аўтарка паспрабавала зразумець бацькоў, расізму якіх разьдзяліць не магла, але да якіх ставілася з вялікай пяшчотай, а таксама разабрацца з тым, як гэта — быць белай афрыканкай. Уласна пра гэта і расказвае кніга.

Важнае месца ў кнізе займае так званая Вайна ў Радэзійскім бушы, ці Другая Чымурэнга, якая доўжылася з 1965 па 1979 гады і пад знакам якой прайшла значная частка дзяцінства аўтаркі. Карэннае насельніцтва брытанскай тэрыторыі Паўднёвая Радэзія паўстала супраць эўрапейскай улады (суседнія Замбія і Малаві на той момант ужо атрымалі незалежнасьць) і ўрэшце атрымала незалежнасьць, паступова выцесьніўшы значную частку белых пасяленцаў рэгіёну. Аднак ваенным падзеям у кнізе адведзена няшмат месца: баявыя апэрацыі і тэрарыстычныя акцыі ня моцна ўплываюць на фэрмэрскі лад жыцьця, хіба што дзяцей з самых раньніх гадоў вучаць трымаць вінтоўку і дапамагаць параненым, а ў суседнія гарадкі езьдзяць толькі вялікімі групамі з аховай. Хтосьці гіне ад рукі паўстанцаў, хтосьці падрываецца на міне, і ўсё ж жыцьцё так і застаецца адносна мірным, дзеці маюць сваю долю дзіцячых радасьцяў і ўражаньняў, якіх хопіць на тое, каб кніга ўспамінаў пра дзяцінства атрымалася зусім не трагічнай (хоць трагічнага ў ёй хапае, і часьцей за ўсё вайна тут ні пры чым), а нават трошкі настальгічнай. «...Тады я вырашыла апісаць сваё жыцьцё такім, якім яно было: поўнае жарсьці, цудоўнае, цяжкае, пакутлівае, хаатычнае, прыгожае. „Давай ня пойдзем увечары да чорта“ — гэта кніга, што нарадзілася з гэтага рашэньня. Гэта не палітычны раман і не гісторыя Брытанскай імпэрыі. Гэта кніга пра тое, як адна афрыканка прымірылася са складанай гісторыяй сваёй сям’і, гэта гісторыя любові да гэтага кантынэнту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG