30 чэрвеня раптоўна памёр актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Сяргей Краўчанка. Яму было 65.
Ён нарадзіўся 13 траўня 1949 году ў Менску ў знакамітым пісьменьніцкім доме цераз дарогу ад Купалаўскага. І кім быць, пытаньня не паўставала. Тэатральна-мастацкі — і знаёмая з маленства сцэна, на якой прайшло ўсё ягонае жыцьцё. Літаральна да апошніх дзён.
Малады купалавец Павал Харланчук граў з вэтэранам купалаўцаў у гучных спэктаклях апошняга часу — «Людзях на балоце», «Пану Тадэвушу», «Дон Жуану». 27 чэрвеня яны і былі разам на знакамітай сцэне астатні раз.
«Мы гралі зь ім у „Дон Жуану“ апошні раз. Ён там спадара Дыманша граў. І ў яго такі быў добры настрой, што мне падавалася нават, што ён парушыў рэжысэрскую ўстаноўку там у сур’ёзным эпізодзе. Там ёсьць такі момант, калі ён быццам бы траціць прытомнасьць. І калі раней ён рабіў гэта сур’ёзна, то гэтым разам ён жартаўліва так крактануў, з такім камічным адценьнем. Я яшчэ падумаў — значыцца, так добра ўсё ў яго, настрой добры».
Для маладых купалаўцаў Сяргей Краўчанка быў адным з тых, хто нёс у сёньняшні дзень тэатру яго гісторыю, — кажа Павал Харланчук.
«Ад яго была такая хваля таго Купалаўскага, той часьціны гісторыі, якую хацелася хапіць і хацелася пераняць да сябе».
Хто пяройме ролі Сяргея Краўчанкі? Баха («ГендэльБах» П.Барца), Ота («Ня мой» паводле А.Адамовіча), Запарожца («Ноч на Каляды» паводле М. Гогаля), Глушака («Людзі на балоце» паводле І. Мележа), Яшы («Лістапад. Андэрсэн» А. Паповай), Вознага («Пан Тадэвуш» паводле А. Міцкевіча), Дыманша («Дон Жуан» Ж.-Б. Мальера)...
Пяроймуць. Тэатар багаты на таленты. Але вось ТАКОГА Настаўніка Х’ю («Translations» Б.Фрыла) ужо болей ня будзе, — перакананая загадчыца літаратурнай часткі тэатру Вольга Бабкова.
«Я на яго заўсёды глядзела зь неверагоднай цеплынёй пасьля спэктакля „Translations“ зь яго вось гэтым незабыўным Настаўнікам. Я не ўяўляю, як (плача), як я цяпер змагу бачыць безь яго сцэну... Я глядзела спэктакль каторы раз ня так даўно. Ізноў ён быў, ізноў я на яго глядзела з захапленьнем. Так што Настаўнік Х’ю — гэта для ўсіх вялікая страта. Як для старэйшых, так і для маладзейшых, таму што трупа тут сапраўды — як сям’я».
У гэтай вялікай шматзорнай сям’і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь (2001) Сяргей Краўчанка вылучаўся ахвярнай прафэсійнай адданасьцю і неверагоднай сьціпласьцю, — адцемлівае кіраўнік тэатру Мікалай Пінігін.
«Сяргей быў чалавекам пяшчотным. Цудоўны артыст, вельмі сьціплы чалавек. Вельмі любіў тэатар. Ён з таго пакаленьня, якое ўсяго сябе аддавала тэатру. І я думаю, што тэатар страціў перш за ўсё вельмі адданага артыста. Яму нядаўна 65 гадоў было, і я кажу яму: „Давай вечарыну зробім“. Ён кажа: „Нічога ня трэба. Ня трэба гэта адзначаць“. Ён цалкам захапляўся тэатрам. І такі чалавек быў вельмі добры. Мы так шмат зь ім працавалі і блізкія былі... Я ня ведаю, што яшчэ сказаць... Гэта страта. Вялікая».
Час і месца пахаваньня Сяргея Краўчанкі пакуль невядомыя.