Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: Удзел расейскіх вайскоўцаў у парадзе — прыкмета акупацыі


Рэпэтыцыя параду 3 ліпеня
Рэпэтыцыя параду 3 ліпеня

Апазыцыйныя партыі і рухі асуджаюць удзел расейскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі ў Парадзе незалежнасьці 3 ліпеня. Большасьць лідэраў пацьвердзілі Радыё Свабода, што ўжо распаўсюдзілі ці рыхтуюць афіцыйныя заявы на гэты конт.

Рыгор Кастусёў, БНФ:

«Маё асабістае стаўленьне адназначна адмоўнае. Партыя БНФ даўно ўжо выказвалася пра пагрозу анэксіі Беларусі. На жаль, гэтая пагроза з кожным днём узрастае. Удзел войскаў Расеі, ды яшчэ пад сьцягамі Расейскай Фэдэрацыі — сьведчаньне таго, што ў Крамля ёсьць плян далучэньня Беларусі да Расейскай Фэдэрацыі».

Павал Севярынец, БХД:

«Мы ў рамках Камітэту Салідарнасьці ўжо выказваліся на гэты конт і праводзілі акцыю пратэсту. Заклікаем усіх накіроўваць звароты з пратэстамі і на імя Аляксандра Лукашэнкі, і ў амбасаду Расеі. Гэта адна з прыкметаў акупацыі — удзел у парадзе на Дзень Незалежнасьці вайскоўцаў з той краіны, якая цяпер акупуе суседзяў. Гэта недапушчальна, і гэта прамы выклік усяму беларускаму народу.

Юры Губарэвіч, рух «За свабоду»:

«Мы лічым, што Расея — краіна-агрэсар. І дэманстрацыя ейнага ўзбраеньня на вуліцах Менску нэгатыўна ўплывае на грамадзтва, на ўсіх тых людзей, якія сочаць за падзеямі ва Ўкраіне. Можна абысьціся і без расейскай вайсковай прысутнасьці, і без расейскай сымболікі падчас параду 3 ліпеня ў Менску».

Анатоль Лябедзька, АГП:

«АГП лічыць дапушчальнаю прысутнасьць на вайсковым парадзе хіба што супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў, але не вайскоўцаў іншых дзяржаваў. Мы б прапанавалі цалкам адмовіцца ад танкаў на вуліцах і самалётаў над Менскам. Грошы лепш накіраваць на ўборачную кампанію, дызэльнае паліва — на запраўку трактароў і камбайнаў. А па вуліцах сталіцы пусьціць дзяцей з кветкамі і балёнікамі. Менавіта дзеці (а ня танкі і тым больш не расейскія салдаты) — будучыня Беларусі».

Андрэй Дзьмітрыеў, рух «Гавары праўду»:

«Нашае стаўленьне адмоўнае. Калі ўлады жадаюць падкрэсьліць сувязь Дня незалежнасьці з Другой сусьветнай вайной, то няхай тады ў парадзе ўдзельнічаюць усе краіны, якія тады змагілся супраць фашысцкай агрэсіі. Гэта і войска Ўкраіны, напрыклад, і іншых краінаў тагачаснага Савецкага Саюзу. А такое супольнае маршыраваньне сёньня падчас падзеяў ва Ўкраіне выклікае толькі насьцярогу і адчуваньне небясьпекі ў грамадзтве».

Для ўдзелу ў менскім парадзе Расея накіравала ў Беларусь «Іскандэры», «С-400», бронеаўтамабілі «Тыгр», верталёты «Ка-52» і самалёты «Су-34». Напярэдадні 3 ліпеня ў Менск прыбудзе расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Афіцыйна ягоны візыт тлумачаць удзелам у цырымонія адкрыцьця новага музэю Вялікай Айчыннай вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG