Першая сёлета сустрэча адбылася паміж палітвязьнем Мікалаем Статкевічам і ягонай жонкай Марынай Адамовіч. Сужэнцы сустрэліся ў магілёўскай турме, дзе ўжо больш за два гады трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта. Марына Адамовіч распавяла пра сустрэчу.
«Ён вельмі рады вызваленьню Алеся Бяляцкага і казаў, што ўжо адправіў яму віншавальную паштоўку. Сёньня, напярэдадні нашай сустрэчы, відаць, каб „парадаваць“ яго, падчас прагулкі яму адмыслова прынесьлі гэтую лягерную газэту „Трудавы шлях“. Каб азнаёміўся з тэкстам закону аб амністыі і ўпэўніўся, што на яго гэта не распаўсюджваецца. Але ж ён і не разьлічваў. Мікола прасіў перадаваць Алесю прывітаньне, казаў, што той чалавек вельмі мужны, што вельмі годна вытрымаў выпрабаваньні, якія на яго выпалі і што гэта ўчынак, тое, што Алесь зрабіў — з вялікай літары.»
Карэспандэнт: «А можа Мікалай Статкевіч зараз крыху павысіў і свае шанцы на датэрміновае вызваленьне?»
Марына Адамовіч: «Ён кажа, што як любы чалавек, хоча быць на волі, але што б ні выпала, гатовы прайсьці свой шлях да канца. Але і яго ніколі спадзяваньні не пакідаюць.»
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 год зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і патлумачыў перасьлед палітычнымі прычынамі. Трымаюць палітвязьня ў крытай магілёўскай турме.
У магілёўскай турме адбылася першая ў 2014 годзе сустрэча палітвязьня Мікалая Статкевіча з жонкай Марынай Адамовіч.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1