Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч — за адзінага кандыдата


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч прапануе праз дыскусію знайсьці найлепшы варыянт вызначэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году.

Мікалай Статкевіч працягвае настойваць на тым, каб апазыцыя вылучыла адзінага кандыдата на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Пра гэта былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч сказаў падчас апошняй тэлефоннай размовы з жонкай, Марынай Адамовіч.

«Мікола ўчора патэлефанаваў, што для мяне само па сабе падзея. Перадаў свае меркаваньні пра мажлівыя наступствы выбарчай кампаніі, але гэта я пазьней буду агучваць. А пакуль скажу, што ён лічыць абсалютна неабходным пры любых умовах абраньне адзінага чалавека, на якім будзе, скажам гэтак, пэрсаніфікаваная выбарчая кампанія ад апазыцыі і яе дзеяньні. То бок ён лічыць, што мусіць быць адзіны кандыдат ад апазыцыі, але ёсьць варыянты, як яго абраць, і гэта трэба абмяркоўваць».

Марына Адамовіч паведаміла пра пасьледкі нядаўняга інцыдэнту, калі ахоўнікі ўбачылі прычэпленую ў камэры газэту і палічылі, што Мікалай Статкевіч нібыта рыхтуе ўцёкі з камэры праз лаз, які можна схаваць пад гэтай газэтай: «Пакуль ніякіх дысцыплінарных наступстваў для яго не наступіла. Відаць, стала відавочна, што гэтыя прыдумкі проста сьмешныя».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў нібыта за арганізацыю масавых забурэньняў 19 сьнежня 2010 году. Статкевіч сваёй віны не прызнаў. Паводле палітвязьня, яму помсьцяць за жорсткую крытыку Аляксандра Лукашэнкі падчас выбарчай кампаніі. Пакараньне Мікалай Статкевіч адбывае ў крытай магілёўскай турме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG