Магілёў рыхтуецца да патаснага адзначэньня Дня незалежнасьці 3 ліпеня. Да афіцыйнага сьвята прымеркавалі перайменаваньне галоўнай плошчы гораду — Савецкай.
Магілёўскія ўлады вырашылі адзначыць Дзень гораду і Дзень незалежнасьці з размахам. Савецкая плошча, на якой адбудуцца асноўныя ўрачыстасьці сьвяткаваньня, уся ў чырвона-зялёных сьцягах. Іх на флягштоках тры дзясяткі. Амаль на кожным слупе на цэнтральнай вуліцы гораду — Першамайскай — па два дзяржаўныя сьцягі меншага памеру. Паболела ў аздабленьні беларускай мовы. Па-беларуску магілёўцаў і гасьцей Магілёва віншуюць з Днём гораду расьцяжкай ля будынку аблвыканкаму.
На ўрачыстасьцях Савецкую плошчу зьбіраюцца перайменаваць у плошчу Славы. У афіцыйных камэнтарах адзначаецца, што ініцыятыва падтрыманая грамадзкасьцю і дэпутацкім корпусам. Пра новую назву найстарэйшага пляцу гораду зьбіраюцца абвясьціць на ўрачыстым мітынгу. Пра гэта заявіў старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў яшчэ 2 чэрвеня:
«Перайменаваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы, якой яна павінна быць. Такая назва плошчы просіцца, — казаў Цумараў. — Я думаю, што слушна будзе, калі будзем праводзіць мерапрыемствы на Савецкай плошчы 3 ліпеня, калі яна будзе ў дзяржаўных сьцягах, мы скажам афіцыйна, што з гэтага моманту Савецкая плошча называецца плошчай Славы».
Стаўленьне мінакоў да аздабленьня галоўнай плошчы рознае, але ўсе сыходзяцца на адным — такога ў Магілёве яшчэ не было:
«Нам не падабаецца, — заўважае група маладых людзей. — Тут занадта многа ўсяго. Калі б было меней, то выглядала б нашмат лепей. Можа, гэтым дэманструюць нацыяналізм, нацыянальны дух, што мы любім гэтак сваю Беларусь. А яшчэ падзеі ва Ўкраіне, каб не было, як там, сэпаратызму».
Пра перабор са сьцягамі кажа і яшчэ адна суразмоўніца:
«Мне б хапіла толькі аднаго вось таго вялікага, — тлумачыць яна, — а ўсё астатняе — яно лішняе».
«Сьцягі павінны падштурхоўваць людзей да патрыятызму. Вось як у Амэрыцы, паглядзіце. Там на кожным доме вісіць амэрыканскі сьцяг. А ў нас няма такой любові да сьцяга. Афармленьнем плошчы я задаволены», — кажа іншы спадар.
У той жа час ён выказаўся супраць перайменаваньня плошчы, бо, на ягоную думку, такім чынам улада адмаўляецца пакрысе ад савецкай спадчыны:
«Ня трэба перапісваць гісторыю кожныя пяцьдзясят гадоў. Трэба быць народам, які памятае гісторыю і не адмаўляецца ад яе ў патрэбны час».
Старшыня магілёўскай арганізацыі партыі БНФ Сяргей Брыцікаў адзначае, што нябачанае дагэтуль аздабленьне гораду — не ініцыятыва мясцовых уладаў, а загад зь Менску. Так, кажа ён, аздабляюць усе беларускія гарады да сёлетняга афіцыйнага Дня незалежнасьці:
«Гонар краіны і павага да яе — не ў сьцягах і гербах, а ў рэальных дасягненьнях: як жывуць людзі, як яны глядзяць у будучыню і бачаць сваіх дзяцей шчасьлівымі ў ёй. Калі робяцца такія дэкаратыўныя крокі, то гэта азначае, што імітацыйнасьць усё болей пераважае ўва ўнутранай палітыцы».
Сяргей Брыцікаў лічыць, што палітыка рэжыму Лукашэнкі, які дваццаць год як прыйшоў да ўлады, збанкрутавала:
«Гэты сорам трэба завесіць сьцяжкамі больш велічнымі і большага памеру. За два дзясяткі гадоў так і не сфармуляваная нацыянальная праграма разьвіцьця. Краіна жыве, ня маючы мэты. Няма адказу, што з намі будзе далей. Вядуцца спробы неяк перарабіць нацыянальны праект пад тое, каб рэжым застаўся пры ўладзе надалей».
Тым часам плошчу ўжо два тыдні рыхтуюць да сьвяткаваньняў. Дагэтуль тут працуе будаўнічая тэхніка. Калі саму плошчу аздобілі сьцягамі, то мэмарыял, які захоўвае пакуль старую назву — «Барацьбітам за Савецкую ўладу», — застаецца калі не ў аварыйным стане, то ў пашкоджаным. Мармуровыя пліты месцамі патрэскаліся.
Галоўны манумэнт, на якім узвышаецца грэцкая багіня перамогі Ніка, агароджаны турнікетамі. Раней на іх былі шыльды з надпісам: «Асьцярожна, абвальваецца плітка». Цяпер іх няма. За манумэнтам — самы вялікі сьцяг.