Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы Курапатаў падалі ў суд на Генпракуратуру


Пашырэньне дарогі на поўначы Курапатаў
Пашырэньне дарогі на поўначы Курапатаў

Ініцыятыўная група абаронцаў Курапатаў падала заяву ў суд на Генэральную пракуратуру за бязьдзеяньне і невыкананьне пракуратурай сваіх жа прадпісаньняў і рашэньняў.

Месяц таму абаронцы Курапатаў напісалі на імя генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка ліст, у якім дакладна акрэсьлілі свае патрабаваньні: не дапусьціць будоўлі ў ахоўнай зоне Міжнароднага выставачнага цэнтру, вынесьці з ахоўнай зоны чатыры гасьцявыя дамы «Бульбаш-холу», праверыць праектную дакумэнтацыю на іншыя збудаваньні. А днямі яны атрымалі адпіску за подпісам намесьніка начальніка аддзелу Дзьмітрыя Васілевіча: калектыўны зварот грамадзянаў аб парушэньнях заканадаўства накіраваны Генпракуратурай у Міністэрства культуры.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка: «Сутнасьць гэтай заявы была ў тым, каб пракуратура сама ж задбала пра выкананьне яе — пракуратуры — прадпісаньняў: знос чатырох дамкоў, якія трапілі ў схему ахоўнай зоны. Гэта так і не было выканана. Мы напісалі ў пракуратуру адпаведную заяву, спадзеючыся, што пракуратура, як ёй належыць, возьмецца пераправяраць дакумэнтацыю Менгарвыканкаму, Мінкульту, іншых устаноў. Замест гэтага мы атрымалі паведамленьне, што пракуратура пераслала нашу заяву ў Міністэрства культуры. Пракуратура „ўмыла рукі“, пракуратура, аказваецца, ня хоча выконваць сваіх абавязкаў па наглядзе за законнасьцю. Таму мы, параіўшыся з высокакваліфікаванымі юрыстамі, прынялі рашэньне зрабіць наступны крок: падаваць у суд на пракуратуру».

27 сьнежня 2012 году на адмысловай нарадзе з удзелам прадстаўніка Генпракуратуры было прынята аднагалоснае рашэньне аб вынасе чатырох домікаў, незаконна пабудаваных у ахоўнай зоне. Але дагэтуль яно ня выканана. Да таго ж побач з пасёлкам «Сонечны» плянуецца пабудаваць вялікую аўтастаянку і краму, а каля ўсходняй мяжы мэмарыялу на полі мае паўстаць Міжнародны выставачны комплекс, тлумачыць Вацлаў Арэшка:

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка
«Наша задача падачы ў суд — у тым, што адбываецца захоп і ліквідацыя практычна ўсіх ахоўных зон помніка. Мы не патрабуем нічога такога, што не ўваходзіць у абавязкі пракуратуры, Міністэрства культуры. Мы патрабуем проста выкананьня тых рашэньняў, тых законных актаў, якія прынятыя. То бок патрабуем захаваньня законнасьці. Мы патрабуем выканаць рашэньне аб ліквідацыі гэтых чатырох гасьцявых дамоў «Бульбаш-холу».

Яшчэ ў 2004 годзе быў распрацаваны праект ахоўных зонаў Курапатаў, але дагэтуль ён не прыняты, застаўся як схема. Вінцук Вячорка кажа: вельмі важна, што грамадзкасьць ускрывае юрыдычны мэханізм, які практыкуецца вакол Курапатаў — пакідаць рашэньні ў падвешаным стане, не надаваць пэўнага статусу тэрыторыі Курапатаў, каб можна было маніпуляваць ёю ў залежнасьці ад эканамічнай, палітычнай, ідэалягічнай каньюнктуры: пасоўваць межы, дазваляць будоўлю аб’ектаў іншага функцыянальнага прызначэньня.

«Мы даем ясны сыгнал, што грамадзкасьць гэтую мэтодыку раскусіла. І яшчэ мы маем намер акцэнтаваць менавіта гэтае пытаньне: ці не схаваныя тут нейкія карупцыйныя схемы? Мы патрабуем, каб пільная ўвага была нададзеная праектантам і забудоўнікам гэтых буйных раёнаў і комплексаў у ваколіцах Курапатаў. Улады на гэта абавязаныя рэагаваць».
«Бульбаш-хол» на захадзе Курапатаў, архіўнае фота
«Бульбаш-хол» на захадзе Курапатаў, архіўнае фота

Тое, што межы ахоўнай зоны Курапатаў дагэтуль не зацьверджаныя, пацьвярджае і начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

«Пакуль што частка граніцы з паўднёвага і ўсходняга боку была ўзгоднена з улікам прадстаўленых абгрунтаваньняў „Мінскграда“ — унітарнага прадпрыемства праектнага, і тых інжынэрных камунікацыяў, якія там ляжаць і пра якія мы ня ведалі нават, што яны там знаходзяцца. А вось з паўночнага боку і ўсходняга боку яшчэ межы павінны быць дапрацаваныя, таксама з удзелам горадабудаўнікоў. Так, як гэта вынікае з пункту 1 пастановы Міністэрства культуры 2004 году аб зацьвярджэньні схемы».

Абаронцы Курапатаў — рэалісты, яны разумеюць, што наўрад ці беларускі суд зможа пакараць Генпракуратуру. Але яны хочуць стварыць прэцэдэнт. Будуць падаваць апэляцыі, зьвяртацца ў міжнародныя структуры, каб выклікаць вострую грамадзкую рэакцыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG