Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыбеларуская вылазка ў Полацку


Уладзімер Арлоў каля пашкоджанага вандаламі помніка. Здымак Сяргея Плыткевіча
Уладзімер Арлоў каля пашкоджанага вандаламі помніка. Здымак Сяргея Плыткевіча

Вандалы пашкодзілі самы незвычайны помнік у краіне — «У нескладоваму» ў Полацку.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

«Учора на маёй радзіме, у нашым найстаражытнейшым горадзе, у першай беларускай сталіцы адбылася прэзэнтацыя маёй кнігі „Ад Полацка пачаўся сьвет“. Мне вельмі прыемна сказаць, што, нягледзячы на летні час, на прэзэнтацыю ў музэі беларускага кнігадрукаваньня сабралася вельмі шмат люду. І ўсё гэта праходзіла на ўзьнёслай хвалі. У прэзэнтацыі ўдзельнічалі, апроч мяне, выдавец Сяргей Плыткевіч, фундатар кнігі Павал Бераговіч, мастацкі рэдактар Алена Жданоўская, рэдактар ангельскага перакладу Вольга Калацкая. Выступалі і палачане, гучала старадаўняя беларуская музыка гурту „Літы Талер“.

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Пасьля прэзэнтацыі я запрасіў сяброў на экскурсію па Полацку. І ўсе нашы сьвяточныя ўражаньні адразу былі перакрэсьленыя, калі мы спыніліся каля такога ўнікальнага культурнага аб’екта, як матэрыяльнае ўвасабленьне літары Ў. Гэты своеасаблівы помнік у Полацку разьмешчаны ў самым цэнтры гораду, на праспэкце Скарыны. Вось уявіце, што ў той самы час, калі прэзэнтавалася кніга, магчыма, хтосьці, узброіўшыся малатком ці кувалдай, падышоў да помніка і пачаў крышыць адлітыя на ім радкі Рыгора Барадуліна: „Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся сьвет“. У маім уяўленьні пасьля сьмерці Рыгора Іванавіча гэтыя радкі пачалі ўспрымацца як першы помнік нашаму геніяльнаму паэту. Цяпер ад барадулінскіх радкоў цэлымі засталіся толькі асобныя літары. Я думаю, што трэба ня толькі як мага хутчэй аднавіць гэты надпіс, каля якога штодня сотні турыстаў спыняюцца, але і распачаць супраць беларусафобаў крымінальную справу».

Здымак Сяргея Плыткевіча
Здымак Сяргея Плыткевіча

Уладзімер Арлоў паведаміў, што інфармацыя пра пашкоджаньне помніка ўжо перададзеная прадстаўнікам гарадзкой улады. Ён лічыць, што «гэтым трэба ўстрывожыцца і разьбірацца з гэтай справай».

У верасьні 2003 году падчас сьвяткаваньня Дзён беларускага пісьменства ў Полацку ўсталявалі помнік у гонар літары Ў. Ідэя помніка належыць беларускаму каліграфу прафэсару Паўлу Семчанку.

Ў, ў (назва: «У кароткае» або «У неcкладовае») — 22-я літара беларускага альфабэту. У беларускай пісьменнасьці ўжываецца з 19 стагодзьдзя.

Прадстаўнік Полацкага РУУС Алег Калыш сказаў карэспандэнту Свабоды, што асабіста пойдзе і паглядзіць, што здарылася з помнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG