Да ад’езду ў Канаду Вольга Іпатава пабывала ў Горадні, горадзе свайго дзяцінства. Калісьці на даволі высокім беразе Гараднічанкі стаяў дзіцячы дом, а за рачулкай — дом Элізы Ажэшкі. Ці тады ў дзяўчынкі маглі ўзьнікнуць першыя думкі аб тым, каб стаць пісьменьніцай?
На месцы драўлянага дзіцячага дому пабудавалі цагляны гмах, дзе быў вечаровы унівэрсытэт марксізму-ленінізму. Калі яго закрылі, у будынку апынуўся унівэрсытэцкі філфак, куды такіх пісьменьнікаў як Іпатава маглі пусьціць, дазволіць сустрэчу са студэнтамі, з чытачамі, а маглі й адмовіць. Тым разам сустрэча была ў іншым месцы. На разьвітаньне госьця сказала пра сваю мару напісаць гарадзенскі раман пра апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Як вынікала з размовы, яна пачала ўжо над ім працаваць. Але пакуль што апошнім раманам пісьменьніцы застаецца «Знак вялікага магістра», які выйшаў у «Кнігарні пісьменьніка» выдавецтва «Кнігазбор» пяць год таму.
Ня першы раз нашых літаратараў прыцягвае складаны час у дзеях Вялікага княства Літоўскага: канец ХІV стагодзьдзя, змаганьне двух стрыечных братоў — Ягайлы і Вітаўта — за ўладараньне ў княстве. Каварны і нялюдзкі Ягайла, Бога за бараду схапіўшы на Вавэлі, дае адмашку на сьмерць Вітаўта і яго бацькі — вялікага князя Кейстута. Але Вітаўт другі ў чарзе, і яму ўдаецца цудоўным чынам выратавацца, зусім у духу рыцарскіх раманаў. І пісьменьніца робіць для сябе невялікае адкрыцьцё: роля забойцаў была даручана братам Жабянцяям, але яна знаходзіць, што гэта не мянушка і ня прозьвішча — а назва прафэсіі: жабянцяямі называлі ў замках слуг, адказных за печы. І вось ужо жабянцяі ўзгадваюцца ў рамане ў крыжацкіх замках, Мальбарку і Крэмітэне.
Калі я браў у рукі кнігу Вольгі Іпатавай, крыху пабойваўся сутыкненьня з жаночай прозай. Але мая боязь не апраўдала сябе. Пісьменьніца ўнутры жанру пачуваецца ўпэўнена, працуе ў ім даўно. Але пазьней мне падумалася, што нярэдка нашым гістарычным раманам агулам уласьцівая
пэўная жаноцкасьць: ідэалізаваная эмацыйнасьць у апісаньнях прыроды і ўнутранага стану герояў, іх пачуцьцяў, матывацыі ўчынкаў. Хаця мае ўражаньні могуць быць суб’ектыўнымі. Але мне здаецца, што ангельскія аўтаркі гістарычных раманаў пішуць цалкам як пісьменьнікі-мужчыны. Чаму? Можа таму, што ў іх навакольная рэчаіснасьць насычаная старасьвеччынай: замкі, гістарычная забудова, мноства храмаў, запоўненыя рыцарскімі латамі музэі і старымі дакумэнтамі архівы.
Мы бедныя на гэта. У нас усё даводзіцца дадумваць, напружваць уяву і эмоцыі. Мы зыходзім з ідэалістычных пачуцьцяў, але гісторыя ня мае маралі, гістарычныя падзеі не маглі адбыцца іншым чынам, чым яны адбыліся. Цэнтральны момант «Знаку вялікага магістра» — сцэна падпісаньня дамовы паміж Вітаўтам і крыжацкім ордэнам. Што для мяне было асабіста цікава: усё адбываецца ў вялікай залі Старога гарадзенскага замку. Вітаўт ня можа змагацца за свае правы з Ягайлам без чужой дапамогі, значыць, яго хаўрус з немцамі — вымушаны. Але ці так ужо эмацыянальна, з крыўдай і абразай нашы продкі паводзілі сябе ў замку, калі прысутнічалі пры падпісаньні дамовы? Так, гэта зусім у рэчышчы нашай раманнай традыцыі, традыцыі рамантычнай. Так, крыжакі для гарантыі забіралі княскую радню. Але давалі ўзамен рыцараў. Хто горшы — крыжакі ў якасьці хаўрусьнікаў ці Ягайла як праціўнік, у якога толькі выпадкова не атрымалася забіць Вітаўта? Даводзіцца выбіраць першых. (І сам Ягайла зрабіў бы на яго месцы тое ж самае).
Так, у рамане рыцар Томас, нядрэнны чалавек, тлумачыць Данілу з аховы Вітаўта, што славян мае ня быць, як ужо стала з палабскімі, якія цяпер лічаць сябе германцамі. Але Вітаўт змагаецца за ўладу, сваю законную, за землі. Супраць пагрозы з боку Польшчы яму патрэбна збройная сіла. Супраць тэўтонскай пагрозы — іншы сродак: хрысьціць балцкіх землякоў. Паводле каталіцкага звычаю. Словам: палітычныя мэты і сродкі для іх ажыцьцяўленьня. На мяжы двух цэркваў астатняе магло быць больш другарадным. Ну, былі ў Горадні цэрквы, Вітаўт, калі спатрэбілася, збудаваў першы касьцёл. Варагавалі з Ягайлам? Увабраўся ў сілу. Пазьней разам пайшлі на крыжакоў, учорашніх хаўрусьнікаў. Але быць роўным сабе, такім жа каралём, Ягайла не дазволіў. І нават вялікім князем называцца — таксама: у востраўскім пагадненьні, піша пісьменьніца, Вітаўт будзе названы проста князем Літвы.
Сапраўды, час надзвычай цікавы для пісьменьнікаў і да гісторыі двух братоў будуць яшчэ зьвяртацца ня раз. Але мне здаецца, што жыцьцё змушала палітыкаў быць больш прагматычнымі. І так было ўва ўсе часы! Бо чым адрозьніваюцца ў выбары сродкаў, інструмэнтаў — цяперашнія? Нічым. Зазірніце ў «Вялікапольскую хроніку»: брат на брата, сын — на бацьку! А ўзяць сёньняшнюю вайну ва Украіне. Якая розьніца ўкраінскаму брату — хто яму дапаможа ў змаганьні з другім усходнеславянскім братам? Для яго хіба важна, каб гэта быў праваслаўны і славянін? Не. Хаця становішча Вітаўта, канечне, было крыху іншым, бо ён адчуваў і ўскосную пагрозу ад свайго новага хаўрусьніка, крыжакоў. Але такія былі часы.
Аднак з сілай лічыліся заўжды. І вось да Вітаўта пасланы таемна ганец з Кракава. Становішча Ягайлы пагоршылася і ён прапануе брату мір і хаўрус. Хто ж адмовіцца! Трэба толькі ўзважыць: наколькі гэта надзейна, бо трэба тады ўцячы ад крыжакоў, парушыць дамову зь імі, і сям’ю сваю ўратаваць, расьселеную абачліва гаспадарамі па розных замках. Вядомая беларускаму чытачу гісторыя, аднак мы ўсё роўна міжволі перажываем: ці ўдасца?
У рамане 290 старонак, і ў першай частцы Данілу зь Ліды, галоўнаму герою, не шанцуе. Ліда — родавае места Ягайлы^; у Кракаў яму мае быць дастаўлены скарб. Але з дапамогай свайго лідзкага шпега Гердзеня крыжакі робяць засаду. Бацька Данілы, які ахоўваў скарб, гіне, сам ён, моцна паранены, выпадкова ратуецца. Ягайла раззлаваны. Зь Вільні выяжджае сьледчы Сухта. Галоўны падазраваны — Даніла, які зьнік зь месца здарэньня. Ён апынаецца пазьней у лёхах дольнага замку ў Вільні. Вітаўт прыходзіць з крыжакамі штурмаваць цьверджу, захапіць удаецца толькі адзін дольны замак, Даніла ратуецца, трапляе ў дружыну да князя і разам зь ім апынаецца пазьней у крыжацкіх землях.
Вядома: калі можна абаперціся на гістарычныя падзеі, вядомыя факты, пісьменьніку лягчэй прасоўвацца наперад. Цяжэй — калі трэба ствараць пэрсанажаў прыдуманых, іхнія думкі, перажываньні^; лёгіка ўчынкаў — няпростая справа для нас, хто жыве пасьля іх праз шэсьцьсот гадоў. Мне здаецца, варта тады менш засяроджвацца на эмоцыях, імкненьне абавязкова сягнуць ў магчымыя думкі тагачасных людзей можа пашкодзіць пераканаўчасьці, сьціслы радок больш прыдатны. Для мяне выглядае псыхалягічна хістка, калі Даніла, пасланы ў каралявецкі замак, каб паспрабаваць вызваліць малалетніх сыноў Вітаўта, першы раз там апынуўшыся, трапляе туды даволі спрытна церазь сьцяну, знаходзіць пакой, дзе толькі што атручаны сыны Вітаўта. І «цёмная хваля ярасьці зацьміла ягоны розум, асьляпіла вочы», і ён перастае думаць пра сябе. Усё ж у такіх надзвычай небясьпечных умовах лазутчык павінен трымаць сябе ў руках, і ён будзе дбаць, каб ацалець і паведаміць аб усім гаспадару. Абавязак лазутчыка — ня выкрыць сябе. Дзейнічаць яму неабходна самазахаваўча, а не ўсчынаць бучу. Але я пагаджуся, што для чытача гэта малаважна, зважаючы на шмат у чым прыгодніцкі зьмест твору.
Вядома: прыгодніцкае рэчышча вымагае пэўных шаблёнаў. Каб перачакаць перасьлед, Даніла сядзіць у халодным балоце з трубкай, праз якую дыхае. Сёньня, як піша заходняя прэса, нават Уладзімір Пуцін апавядаючы пра гераізм свайго бацькі ў час аблогі Ленінграду, любіць расказваць, як той дыхаў у балоце цераз трубку, каб уратавацца ад нямецкага патруля. Ну, але гэта проста супадзеньне: паведамленьне абышло выданьні і сайты днямі.
У другой частцы «Знаку вялікага магістра» больш падзей, дзеяньне ўшчыльняецца, і гэта на карысьць твору. Пісьменьніца засяроджваецца на падзеях, што адбыліся ў Востраве, дзе Ягайла з Вітаўтам замацавалі юрыдычна свой хаўрус. Сёньня, наколькі вядома, гэта вёска Астроўля, што побач зь мяжой Ліды. І зноў перад аўтарам стаяла складаная задача рэканструкцыі падзей сапраўдных. Псыхалягічна нядрэнна апісана завяршэньне пачаткова няўдалай гісторыі Данілы: зьяўляецца сьледчы Сухта, даводзіць да канца сваю справу. Малады ваяр апраўданы судом, і сам Вітаўт пасьвячае яго ў рыцары. Такім чынам, мой тэкст можна было б таксама назваць «Гісторыяй лідзкага рыцара». Аднак у самым фінале будзе яшчэ Грунвальдзкая бітва і заканчэньне яшчэ адной гісторыі раману — «братэрства па зброі» з крыжакамі.
Прызнаюся, я набыў кнігу таму, што дзея адбываецца ў маіх мясьцінах: Ліда, Дакудава, Любча, Вільня, Горадня плюс тэўтонская дзяржава, якая была непадалёк, мяне таксама цікавіла. Якраз я разгарнуў адразу раман у цэнтральным пункце: Вітаўт і крыжакі ў Гарадзенскім замку. І кніга мяне не расчаравала. Канечне, калі раман пачне чытаць прафэсійны гісторык, прычым забыўшыся, што гэта мастацкая літаратура, ён можа засяродзіцца не на галоўным, а на дробязях, на нейкіх неадпаведнасьцях. Але нагадаю: раман — не гістарычнае дасьледаваньне. Для мяне было важна, што сам аўтар паходзіць з гэтых мясьцінаў, адчувае любоў да іх і патрэбу расказаць пра мінулыя дзеі ў гістарычна-прыгодніцкім рэчышчы.