Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль улады абяцалі адкрыць помнік Альгерду, пастамэнт пачаў развальвацца


Віцебскія ўлады чарговым разам абяцаюць усталяваць у Віцебску помнік князю Альгерду. Але гэта будзе ня той помнік, якога тут чакалі. За 4 гады, пакуль скульптуру вялікага князя абмяркоўвалі ды зацьвярджалі, памяняўся яе аўтар, зазнаў зьмены і сам праект.

Зрэшты, віцябляне маюць сумненьні, ці гэты праект увогуле ажыцьцявіцца. Справа ў тым, што ўшанаваць вялікага князя літоўскага Альгерда, за чыім панаваньнем сярэднявечны Віцебск дасягнуў найвышэйшага росквіту, гарадзкія ўлады абяцаюць ужо чацьвёрты год. Апошняе абяцаньне гучала гэтай самай парою летась.

Сёлета адкрыцьцё помніка Альгерду пазначана ў праграме сьвяткаваньня 1040-годзьдзя Віцебску (паводле паданьня, горад быў заснаваны ў 974 годзе). Доўгачаканую падзею анансавалі на 15 гадзіну 27 чэрвеня.

Паводле праекту, помнік князю Альгерду ўзьнясуць на пастамэнт, збудаваны насупраць Сьвята-Ўваскрасенскай царквы яшчэ чатыры гады таму, у 2011 годзе. Гарадзкія ўлады абвясьцілі конкурс скульптурных выяваў і архітэктурных праектаў. Пераможцам прызналі віцебскага аўтара Валерыя Магучага. Згодна зь ягонай задумай, Віцебск меўся атрымаць конную статую князя Альгерда ў паляўнічым строі з сокалам на руцэ, вышынёй больш за 4 мэтры разам з пастамэнтам.

Аднак усе мінулыя 4 гады пастамэнт быў за мастацкі аб’ект сам па сабе. Скульптурная выява князя так і не зьявілася. Затое зрабілі бронзавыя накладкі з выявамі віцебскіх замкаў ды так і назвалі — «Помнік віцебскім замкам».
Гісторыя віцебскага помніка князю Альгерду за гэты час перажыла мноства драматычных паваротаў. Прыкладам, ужо пасьля абвяшчэньня пераможцы конкурсу раптам знайшліся «прадстаўнікі грамадзкасьці», якія выступілі супраць усталяваньня ў Віцебску «помніка літоўскаму князю». А потым, калі помнік паводле праекту Валерыя Магучага быў ужо адліты, у горадзе раптам вырашылі арганізаваць грамадзкае абмеркаваньне самой ідэі — ці насамрэч патрэбны такі помнік, ці не... Большасьць гараджанаў выступілі «за»: і падчас абмеркаваньня, і ў спрэчках на прасьцягах інтэрнэту.
Пастамэнт для аомніка Альгерду ў Віцебску
Пастамэнт для аомніка Альгерду ў Віцебску

Абяцаньне наконт помніка князю Альгерду, дадзенае землякам яшчэ ў 2010 годзе, гарвыканкам цьвёрда паўтарыў летась: манумэнт належала ўсталяваць у Віцебску да 1 чэрвеня 2013 году, і гарадзкая служба ЖКГ мусіла знайсьці на гэта сродкі. Леташняе адкрыцьцё таксама плянавалася ў Дзень гораду, прымеркаваны да гадавіны вызваленьня Віцебску ў Другую сусьветную вайну.

Але летась пастамэнт так і застаўся пусты. А сёлета гараджан прычакала пэўная неспадзяванка: аказваецца, помнік будзе зусім не такі, якім яго бачыў скульптар Валеры Магучы — пераможца конкурсу праектаў. Помнік князю Альгерду зь нейкіх прычынаў, якіх віцяблянам не патлумачылі, даручылі зрабіць менскаму аўтару, Сяргею Бандарэнку. Ён вядомы майстар скульптурных выяваў коней. Сярод ягоных працаў, да прыкладу, — скульптуры каля будынка цырку ў Менску.

Пабачыўшы праект новага варыянту помніка ў інтэрнэце, многія жыхары Віцебску адзначаюць, што конь князя Альгерда сапраўды выглядае файна. Што ж да самога князя, то ягоная новая выява падабаецца далёка ня ўсім. Хоць агульная задума засталася ранейшай — князь з сокалам на руцэ — хто-ніхто лічыць, што ён выглядае як просты паляўнічы, а не дзяржаўны дзеяч. А сёй-той і ўвогуле кажа, што вобраз Альгерда стаў амаль што карыкатурны — маўляў, і нагадвае ён зусім не вялікага князя, а пастарэлага Дон Кіхота, змучанага марным змаганьнем зь ветракамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG