Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Малчанава хацелі «павесіць» сьцягі, якія ён бачыў толькі на фатаздымках


Аляксандар Малчанаў, архіўнае фота
Аляксандар Малчанаў, архіўнае фота

Адносна былога палітвязьня Аляксандра Малчанава спынілі крымінальны перасьлед за нібыта зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга. Пра гэта Аляксандру паведамілі ў Сьледчым камітэце, куды яго выклікалі 12 чэрвеня.

У Сьледчым камітэце сказалі, што крымінальную справу спыняюць у сувязі з заканчэньнем тэрмінаў даўнасьці. Яму вярнулі кампутар і іншыя носьбіты інфармацыі, канфіскаваныя два з паловай гады таму.

«Уладам так і не ўдалося павесіць на мяне «злачынства», склад якога — надпісы і малюнкі, нанесеныя на чырвона-зялёныя сьцягі (2 шт). На фатаздымках сьцяга бачныя надпісы «Стоп лука!», «ШОС», — апавёў у фэйсбуку Аляксандар Малчанаў.

Аляксандар Малчанаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што пасьля закрыцьця справы плянуе азнаёміцца зь яе матэрыяламі.

— Гэта быў артыкул 370, зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь. Нібыта нанёс нейкія надпісы нецэнзурнага характару „Стоп Лука“ і шэраг іншых, якія я прывёў у Фэйсбуку, і некалькі малюнкаў, якія сымбалізуюць дзейныя ўлады.

— Адкуль жа ўзяліся гэтыя сьцягі?

— Мне складана нешта казаць. Лепш гэта спытаць у начальніка міліцыі горада Барысава і яго намесьнікаў.

— А вам паказалі гэтыя сьцягі?

— Толькі на фатаздымках у матэрыялах справы.

— А чаму яны хацелі вас у гэтым абвінаваціць?

— Цяжка сказаць. Напэўна, у сувязі з падзеямі 19 сьнежня. Пасьля гэтага, відаць, хацелі зрабіць мне нейкія непрыемнасьці. Спадзяваліся, што атрымаецца.

Пра крымінальную справу, распачатую паводле гэтага артыкула, Малчанаву паведамілі пасьля таго, як 27 кастрычніка 2011 году яго затрымалі і асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

— Пасьля таго як я адбыў 10 сутак за непадпарадкаваньне, мне адразу працягнулі на трое сутак, паводле 108 артыкула Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Пасьля гэтага шмат разоў выклікалі на допыты. Я адмаўляўся ад паказаньняў.

— Цяпер вам вярнулі кампутар і іншыя носьбіты інфармацыі. У якім стане?

— Кампутар працуе, фатаздымкі, якія мелі для мяне каштоўнасьць, на месцы. Гэтаму я рад. Кампутар, ввядома, цяпер ужо ня мае ніякай каштоўнасьці, ён ужо маральна састарэў.

Аляксандар Малчанаў за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году быў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакараньне ў Магілёве. 14 верасьня вызвалены паводле ўказу Лукашэнкі аб памілаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG