Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому вязьню Плошчы Малчанаву працягнулі прэвэнтыўны нагляд


Аляксандар Малчанаў
Аляксандар Малчанаў

Малчанаў перакананы, што такім чынам яму помсьціць КДБ.

Суд горада Барысава працягнуў на паўгода прэвэнтыўны нагляд над былым палітвязьнем Аляксандрам Малчанавым.

Малчанаў павінен быць дома з 22.00 да 6.00 раніцы.

«Судзіў мяне той самы судзьдзя Болатаў, які паўгода таму даў мне 6 месяцаў нагляду», — заўважае Малчанаў у інтэрвію Радыё Свабода.

«Падставаў для такога рашэньня няма: у мяне былі добрыя характарыстыкі зь месца працы, мяне нармальна характарызавалі прадстаўнікі крымінальнай інспэкцыі. Але, груба парушаючы закон, мне працягнулі нагляд», — кажа Малчанаў.

Адказваючы на пытаньне, каму выгадна такое рашэньне суду, Малчанаў заявіў: «Я думаю, што КДБ паўплываў на іншыя структуры. Я для мясцовых КДБшнікаў — белая варона. І ім будзе зручна, калі я буду пад кантролем».

9 студзеня суд у Барысаве прызнаў былога палітвязьня Аляксандра Малчанава парушальнікам прэвэнтыўнага нагляду. Малчанава аштрафавалі на 780 тысяч рублёў.

Аляксандар сказаў Свабодзе, што ў судзе прызнаў сябе вінаватым, бо забыўся зьявіцца для рэгістрацыі ў міліцыю:

«Працэс сёньня прайшоў даволі хутка, працэдура простая. Мяне спыталі, ці насамрэч у мяне не было паважных прычын для зьяўленьня на рэгістрацыю ў аддзел міліцыі. Я сказаў, што я забыўся. Вось і ўвесь працэс. Празь некалькі хвілін мне зачыталі пастанову аб прыцягненьні да адміністрацыйнай адказнасьці».

Даведка Радыё Свабода: Аляксандар Малчанаў

Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 году ў Барысаве.

Вучыўся ў барысаўскай школе № 22.

На пачатку 2000-х быў сябрам руху «Зубар».

Працаваў на Барысаўскім рамонтна-мэханічным заводзе, «Гідраўзмацняльніку», БАТЭ.

Вучыўся ў Міжнародным гуманітарна-эканамічным інстытуце.

Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Быў затрыманы 6 студзеня 2011 году ў сябе дома ў Барысаве.

Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які сарваў з будынку КДБ.

2 сакавіка судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Тацяна Чаркас асудзіла Малчанава на 3 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Адбываў пакараньне ў калёніі № 15 Магілёва.

Вызвалены 14 верасьня 2011 году.

Вясной 2012-га Малчанава прызналі вінаватым у крадзяжы мэталалому зь мясцовага заводу і асудзілі на 1,5 года зьняволеньня.

Зьбіраючы мэталалом, ён зайшоў на тэрыторыю мясцовага заводу цяжкіх штамповак, якая не ахоўвалася. Там яго і затрымалі.

Выйшаў на волю Малчанаў 13 ліпеня 2013 году.

Цяпер Малчанаў працуе на танкарамонтным заводзе ў Барысаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG