Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За салдата сто баксаў, за афіцэра – тысячу


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Размаўляем са знаёмай з Днепрапятроўску: у баевікоў матэрыяльная зацікаўленасьць, ім плацяць за забітых украінскіх вайскоўцаў. За салдата сто даляраў, за афіцэра – тысячу.

А зьбілі гелікоптэр, чатырнаццаць чалавек загінулі разам і генэрал сярод іх. Вось жа зарабілі… А на генэрала таксы нават не было, але прэміяльныя атрымалі, можна разгуляцца. Альбо карміць сем’і, дзяцей, бо многія тлумачаць: з заробкамі было дрэнна, таму данецкая рэспубліка і ўзьнікла, каб вярнуць нарабаванае, даць народу падзарабіць.

Чытаю навіну: нібыта здаліся сэпаратыстам каля дзесяці памежнікаў з Луганску, кінулі сваіх, выдалі, што абараняецца іх там сто пяцьдзесят чалавек! Прызвалі іх з рэзэрву, патлумачылі: мы ваяваць ня хочам! А баевікоў нападала на памежнікаў у тры разы больш. Як лёгка ненавідзець тую Ўкраіну!..

Прыехаў знаёмы, быў на выбарах у Кіраваградзе. (Між іншым, на адным участку перамагла Цімашэнка, расказваў. У вялікім сьледчым ізалятары 711 арыштаваных, больш за палову за яе прагаласавалі. Парашэнку таксама не пакрыўдзілі – 120 галасоў). Людзі абмяркоўваюць, як ідзе ўмацоўваньне арміі, каб змагацца з сэпаратыстамі. Рэзэрвістам плацяць толькі 1200 грыўнаў, сто даляраў, расказвае, і салдаты наракаюць, што нават кармёжку нармальную ня могуць наладзіць.

Вельмі ўразіла мяне паведамленьне пра «бабулек-герояў». Мясцовыя ў Славянску ганарыліся: пайшлі карміць галодных украінскіх салдатаў каварныя бабулькі, падсыпалі снатворнага. «Прыйшлі апалчэнцы і цёпленькімі ўзялі салдацікаў» плюс тэхніку, маюць цяпер нават самаходкі. Салдаты наракаюць, што мясцовыя таксама кормяць баевікоў (але снатворнае не падсыпаюць) і «даюць наводку на перасоўваньне войскаў».

Знаёмая з Адэсы: усходнікі ненавідзяць астатніх, яны для іх «бандэраўцы» і ніякіх цьвікоў. Ехалі з дачы прыяцелі, сужэнцы, трапілі ў аварыю са сьмяротным зыходам. Сталі дамаўляцца наконт іхнага пахаваньня. Звоніць кабеце, ёй сорак гадоў, сама з Данецку, а хто будзе яшчэ? – пытаецца. Яна пачынае называць, а тая лямантуе: я зь ім побач ня сяду, ён – бандэравец! Паклала слухаўку і сама не пайшла на такія хаўтуры, дзе ня жаль будзе перапаўняць, а нянавісьць.

Другая яе знаёмая на працы сама з Луганску, таксама ўсіх ненавідзіць, хто называе сэпаратыстаў не героямі, а бандытамі. Пачынае расказваць, што не ад добрага жыцьця яны паўсталі, што ў яе сяброўка ў райцэнтры Луганскай вобласьці жыве. Працы няма, моладзь сьпіваецца. Каб нешта зарабіць, згаджаюцца на прыватную «капальню», якіх там не адна. У дзяржаўных вечна аварыі, а там пагатоў. Выцягнуць цябе з-пад зямлі, пераадзенуць і кінуць у хмызах: маўляў налізаўся да сьмерці. Каб не плаціць сям’і кампэнсацыю. І ніхто разьбірацца ня будзе!

Такая вось луганская праўда жыцьця. Нездарма кажуць, што запалкі расейскія, але гаручы матэрыял – мясцовы. Дзіўна толькі, што людзі, якіх «усё дастала», з радасьцю паверылі бандытам, што тыя ім зробяць краіну шчасьця. Як лёгка сёньня ненавідзець тую Украіну!..

Адэская знаёмая: у каго ў сем’ях хлопцы прызыўнога ўзросту, усе баяцца. Ніхто ня хоча аддаваць на вайну.

У Славянску і Данецку свае шыны гараць, на Майдане свае запалілі зноў, асьвяжыць у памяці захацелася. Але напэўна ж ва ўкраінскіх патрыётаў ёсьць значна важнейшая задача сёньня: паўтысячы баевікоў штурмуюць гарнізон памежнікаў. Што тыя памежнікі могуць думаць пра падпальшчыкаў шын у цэнтры Кіева? Ці сталічныя патрыёты аб гэтым падумалі ці паспрабавалі сябе паставіць на месца тых салдатаў?

Некалі паасобных патрыётаў прыцягвала рамантыка чачэнскага змаганьня з расейскай арміяй. А думаць трэба было пра свой Крым, пра ўмацаваньне роднай Украіны. Расея тады была кволай, бадай, ня менш за Ўкраіну. Сёньня Масква помсьціць тымі ж чачэнскімі рукамі. Чачэнскія баевікі, апусьціўшы барадаты твар, гавораць у камэру: штодзённы заробак маюць у Данбасе – трыста даляраў. У самой Чачні здарыўся землятрус толькі што, ня надта моцны: 4,5 бала, аб ахвярах і разбурэньнях не паведамляецца.

Можа гэта папярэджаньне? Але наўрад ці яно стрымае такіх. У іх таксама дома з працай можа не разгонісься, а страляць – гэта ж праца, тым больш – страляць прыцэльна. Трыста баксаў на дзень за абы што ня плацяць. Плюс, як вядома, сто за салдата і тысячу за афіцэра. Можна жыць.

Дык можа і ўкраінцам трэба плаціць за кожнага баевіка? Быў бы стымул. І справядлівасьць: бо ўкраінскія салдаты маюць цану, а баевікі, як выходзіць, бясплатныя. Паляўнічыя таксама павінны ведаць цану браканьера, які заўсёды ў галаве трымае кошт паляўнічага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG