Постаць генэрала Булак-Булаховіча сёньня працягвае прыцягваць увагу: афіцыёз па-ранейшаму дэманізуе яго, моладзь, наадварот, бачыць у ім беларускага героя.
Новае выданьне ў два разы перавышае аб’ёмам папярэднюю кнігу пра Булак-Булаховіча і ягонае войска. Рэдактар новага выданьня Андрэй Вашкевіч, каб падкрэсьліць вартасьць, нават сказаў, што папярэдняе выданьне можна выкінуць.
Больш за тое: знаходзяцца ўсё новыя дакумэнты. Гісторыкам Уладзімерам Ляхоўскім у расейскім архіве знойдзены дзёньнікі двух афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў палескім рэйдзе генэрала. У цяперашняе выданьне таксама не ўвайшлі ўспаміны пісьменьніка Ядвігіна Ш. пра гэтую падзею. Таму будзе яшчэ і трэцяе выданьне — з дадаткам, абяцае выдавец.
Асаблівасьць цяперашняга выданьня ў тым, што дакумэнты адносна войска Булак-Булаховіча ёсьць у эстонскіх архівах. Пераадолець моўны бар’ер ўдалося Юрасю Юркевічу. Ён хіба адзіны беларускі гісторык, які вольна валодае эстонскай мовай. Дзякуючы гэтаму ён працаваў з тымі эстонскімі крыніцамі, зь якімі ня быў да яго знаёмы, напэўна, ніводзін беларускі гісторык, падкрэсьліў Валер Булгакаў і дадаў:
«Чытаючы ягонае дасьледаваньне, вы сустракаецеся з фактамі, выпадкамі, аб якіх раней, магчыма, ня мелі ніякага ўяўленьня. У Беларусі можна часта прачытаць пра БНР штось крытычнае, нават зьняважлівае: была, маўляў, такая „эфэмэрыда“, хімэра, якая невядома як пачалася і чым скончылася. Але дасьледаваньне Юркевіча паказвае, што „Асобны атрад БНР“ Булак-Булаховіча, напрыклад, сапраўды пастаянна вёў збройныя сутыкненьні з Чырвонай арміяй, калі знаходзіўся часткова ў Латвіі, часткова ў Эстоніі. У кнізе друкуецца хроніка баявых дзеяньняў».
Ня дзіва, што пазьней Станіслава Булак-Булаховіча чэкісты хацелі забіць. Валер Булгакаў быў на магіле ягонага брата Язэпа (Юзафа). Яго застрэлілі непадалёк ад Белавежы. Забойца спытаўся ў яго прозьвішча, не ўдакладняючы імя, пасьля чаго стрэліў. І такім чынам загінуў ня сам генэрал.
З Балтыі Асобны атрад Булак-Булаховіча быў перакінуты ў Берасьце. Непадалёк ад польскай мяжы захаваліся магілы ягоных жаўнераў, якія даглядаюцца мясцовымі актывістамі. У кнізе ёсьць новыя мапы баёў, сьпіс жаўнераў за лістапад 1919 году. Надрукаваныя матэрыялы, якія паказваюць таксама брутальнасьць, зь якой наступала на Палесьсі войска Балаховіча.
Прысутныя на прэзэнтацыі задавалі пытаньні, адбыўся абмен думкамі аб узаемаадносінах ураду БНР і Булак-Булаховічам. Яго фармаваньне ў розны час налічвала ад паўтары тысячы жаўнераў да дзесяці-пятнаццаці тысяч, склад быў даволі разнашэрсны. Можна зрабіць выснову, што называць яго арміяй не заўжды апраўдана. Паход праходзіў уздоўж сучаснай беларуска-украінскай мяжы, якраз ва ўкраінскіх мястэчках балахоўцы ўчынялі габрэйскія пагромы.
Пра асноўныя асовы новага дасьледваньня Валер Булгакаў зазначыў:
«Гэта сапраўды не была рэгулярная армія, гэта была „ватажка“. І зважаючы на гэта, Булак-Булаховіч ня стаў генэралам, ён застаўся атаманам. Часам проста бракавала строгай дысцыпліны, безь якога войска ніколі ня будзе рэгулярным».
Палескі паход Балаховіча быў «спробай пахіснуць новы геапалітычны парадак», які толькі-толькі ўсталяваўся, падсумоўвае Булгакаў.
Задума «Балахоўцаў» узьнікла пасьля выхаду вядомых «Жаўнераў БНР» гісторыка зь Беластоку Алега Латышонка, зь якім Валер Булгакаў наезьдзіў па Беларусі некалькі тысяч кілямэтраў, праводзячы сустрэчы з чытачамі. Тады захацелася глыбей дасьледаваць асобна войска Станіслава Булак-Булаховіча. Часамі здаецца, што гэтая тэма ня будзе мець канца, кажа ў падсумаваньне Валер Булгакаў.