Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: Астравецкая АЭС патэнцыйна небясьпечная ня толькі для Вільні, але і для Менску


Літоўскі міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус падчас міжнароднай канфэрэнцыі па глябальнай бясьпецы ў Браціславе GLOBSEC 2014 14-16 траўня адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

Першую частку гэтага інтэрвію мы публікавалі на мінулым тыдні: «Заявы беларускага боку вельмі незалежныя» Прапануем вашай увазе адказы літоўскага міністра на рэшту пытаньняў.

Знаткевіч: Ці застаюцца нявырашаныя праблемы ў беларуска-літоўскіх адносінах вакол будаўніцтва Астравецкай АЭС?

Лінкявічус: Вядома ж, гэта вялікая праблема, бо гэта настолькі блізка да нашай мяжы. Ад месца, дзе будуюць АЭС, толькі 40 кілямэтраў да Вільні. Гэта адно са спрэчных пытаньняў, бо Беларусь падпісала канвэнцыю Эспо, якая тычыцца ўзьдзеяньня небясьпечных аб’ектаў на навакольнае асяродзьдзе ў суседніх дзяржавах, але яна не сьледуе правілам гэтай канвэнцыі. Там прапісаная пасьлядоўнасьць дзеяньняў датычна выбару месца будоўлі, альтэрнатыўных пляцовак, стрэс-тэсту. Месца было абранае і работы пачаліся яшчэ да таго, як правялі ацэнку ўплыву на навакольнае асяродзьдзе, а з намі, як з суседзямі, не пракансультаваліся. Але гэта толькі частка праблемаў, і гэта ня толькі літоўская праблема. Бо калі вядзецца пра ядзерную бясьпеку, пра бясьпеку АЭС, дык у праблемы няма межаў, гэта эўрапейская праблема. Таму мы будзем падымаць гэтае пытаньне і на шматбаковым узроўні, ня толькі на двухбаковым.

Знаткевіч: Наколькі адэкватна ўлады Беларусі рэагуюць на літоўскія заявы аб заклапочанасьці гэтай праблемай?




Лінкявічус: Гэта якраз частка праблемы, бо іх адказ нездавальняючы. Яны не адказваюць на істотныя пытаньні. Адказ на істотныя пытаньні экспэртаў — гэта таксама частка працэдуры. Павінны быць грамадзкія слуханьні, дэбаты, у тым ліку і ў суседніх краінах. Але ўсё гэтыя працэдуры не выконваюцца, і нас гэта крыху трывожыць. Аднак мы не зьбіраемся адступаць, бо гэта ня тое пытаньне, у якім можна рабіць саступкі. Яно занадта сурёз’нае, каб гэта так пакідаць.

Зь іншага боку, я веру, што мы зможам вярнуцца да нармальнага дыялёгу, бо гэта праблема ня толькі для нас, але і для краіны, якая вядзе будаўніцтва. Калі гэта будзе небясьпечным, дык для іх гэта таксама кепска. Калі гэтая пляцоўка за 40 кілямэтраў ад Вільні і за 150 кілямэтраў ад Менску, дык па-праўдзе розьніца не такая ўжо вялікая. Таму, гледзячы аб’ектыўна і лягічна, мы павінны быць здольныя дамовіцца ў межах канвэнцыі Эспо. Спадзяюся, што гэта будзе зроблена, але пакуль што посьпеху няма.

Знаткевіч: Сёлета будзе 10 гадоў ад часу, што Літва далучылася да Эўразьвязу. У беларускіх дзяржаўных мэдыях часта тлумачаць, што ў выніку гэтага далучэньня Літва зрабілася крыніцай таннай працоўнай сілы для краінаў Заходняй Эўропы і разбурыла сваю прамысловасьць. Што б вы на гэта адказалі?

Лінкявічус: Статыстыка гэтаму пярэчыць. Наш валавы ўнутраны прадукт за гэты час значна вырас. За 10 гадоў мы ўнесьлі ў розныя фонды Эўразьвязу прыкладна 10 мільярдаў, і за гэты ж час у Літву прыйшло 44-45 мільярдаў у межах розных праграм падтрымкі інфраструктуры ды іншых праграм. За адзін інвэставаны літ мы атрымалі чатыры з паловай. Мы маем разьвіцьцё дарог, інфраструктуры, школаў, падтрымку сельскай гаспадаркі, рост ВУП, адкрытыя рынкі, свабоду перамяшчэньня, мы можам падарожнічаць, вучыцца, працаваць, і гэта вялікі прывілей. У тых, хто гэтага не разумее, праблемы з лёгікай. І, дарэчы, мы значна палепшылі ўмовы для бізнэсу. Паводле апошняй ацэнкі Сусьветнага банку, мы перамясьціліся з 27-га на 17-е месца ў сьвеце паводле ўмоваў вядзеньня бізнэсу. Гэта вялікае дасягненьне.

Знаткевіч: Але што вы скажаце наконт ад’езду моладзі зь Літвы? Вы гаворыце пра свабоду перамяшчэньня як пра дасягненьне, але крытыкі кажуць, што ад’езд выкліканы адсутнасьцю пэрспэктываў для працы.
Калі ня будзе НАТО, гэта створыць велічэзныя праблемы для эўрапейскай бясьпекі
Лінкявічус: Гэта таксама частка правілаў. Вядома ж, сумна, калі людзі ад’яжджаюць, але я ведаю, што многія зь іх ад’яжджаюць, каб вярнуцца. Яны выйграюць ад гэтага адкрытага рынку і адкрытых межаў. Гэта прывілей, за які мы змагаліся. З аднаго боку кепска, што яны зьяжджаюць, але я не сумняваюся, што яны вернуцца, калі памяняюцца ўмовы. Гэта не праблема, а проста выклік. Мы жывем у адным саюзе, і сытуацыя крыху адрозьніваецца ад той. што была 10 гадоў таму.

Знаткевіч: Пытаньне да вас, як да былога міністра абароны — у сьвятле падзеяў ва Ўкраіне, ці бачыце вы патрэбу ўзмацняць літоўскае войска? І ці павінны нарошчваць свой вайсковы патэнцыял Эўразьвяз?

Лінкявічус: Вядома ж. ЗША цяпер плацяць за 70 працэнтаў выдаткаў НАТО. Гэта тлумачыць сытуацыю. Нам трэба ўзмацняць трансатлянтычныя сувязі, інакш ня будзе НАТО. Калі ня будзе НАТО, гэта створыць велічэзныя праблемы для эўрапейскай бясьпекі. Але мы самі, эўрапейцы, павінны браць на сябе адказнасьць. Толькі чатыры ці пяць эўрапейскіх краінаў выдаткоўваюць на абарону больш за два працэнты ВУП. Мая краіна плаціць нашмат менш. Нам трэба ўзяць на сябе палітычныя абавязаньні, вызначыцца з тэрмінамі і прытрымлівацца іх. Некалькі гадоў таму ўсе былі больш расслабленыя, нават чуліся галасы аб тым, што НАТО больш непатрэбнае. Сёньня гэтыя галасы саслаблі, бо мы бачым як важна мець НАТО і яго гарантыі. Але больш сур’ёзнае стаўленьне да ўласнай бясьпекі абавязковае.

Знаткевіч: Ці бачыце вы ў гэтым пытаньні кансэнсус сярод палітыкаў і грамадзтва Літвы ды Эўразьвязу?

Лінкявічус: Так, усе палітычныя партыі — і правыя і левыя — дамовіліся ў будучыні павялічыць выдаткі на абарону. І для гэтага ёсьць усё большая грамадзкая падтрымка, што паказваюць апытаньні грамадзкай думкі. Нават прыватныя асобы і бізнэсоўцы робяць грашовыя ўнёскі на абарону ў адмысловыя фонды. Людзі бачаць, што бясьпека не бясплатная, яна нечага каштуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG