Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіні крыж


«Сінімі васількамі адцьвіталі і вочы хлопчыка» — старанна вывеў на аркушы паперы Міхась Лынькоў, і рука ягоная ў нерашучасьці завісла над амаль што скончаным манускрыптам.

«А што? Хораша атрымалася», — падумаў ён і змахнуў нечаканую, тлустую пісьменьніцкую сьлязу. Так шкада яму зрабілася прыдуманага надоечы Міколку, хоць ты самога сябе абдымі і пацалуй. А паплачуць жа, далібог паплачуць, сказаў ён сабе, раптам супакоіўшыся. Школьніцы, студэнтачкі, настаўніцы, кандыдаткі навук, і нават беспартыйныя будуць насамі прыпудранымі шморгаць. Трэба ўвечары на жонцы паспрабаваць, вырашыў Міхась Лынькоў, прыклаў да вачэй прамакатку і паставіў кропку.

Тым часам за шмат кілямэтраў ад сталіцы Савецкай Беларусі плакаў іншы чалавек. І зноў — вось жа дзіва: над васількамі. Нешта прымусіла ў гэты дзень вэтэрана 22-й добраахвотніцкай кавалерыйскай дывізіі СС, мадзярскага немца зь невымоўным прозьвішчам дастаць з шафы свой баявы мундзір з адмысловай нашыўкай на рукаве — сіняй валошкай. Знакам, які дывізія праславіла на ўвесь Райх у крывавых баях пад Будапэштам. Эх, валошка, пыл ды туман, прашаптаў ён і ўсхліпнуў. Фашысты таксама плачуць — у вольныя часіны, фашысцкія забыўшы сны.

...Нешта такое ёсьць у гэтай красцы — сэнтымэнтальнае і сьлезаточнае, быццам газ. Тое «сьвятое штосьці», што не дае чарсьцьвець нават тым душам, у якіх пазаўчора скончыўся тэрмін прыдатнасьці. Супрацьстаяць васільку немагчыма. Базіліку вось можна, а васільку не — хаця словы гэта роднасныя. Хаця, можа, нейкі італійскі Лынькоў (Маравія, напрыклад) і мог бы напісаць: «Сьвежым базілікам адцьвіталі вочы Мікеле» — але рука майстра не паднялася. Кожны пішучы чалавек дае ў юнацтве клятву на васільках — іншая рэч, што потым яны перасьледуюць аўтараў усё жыцьцё. Бяз гэтых сьціплых масонскіх кветак немагчыма сабе ўявіць ні старажытнарымскіх багінь, ні Наваліса і іншых рамантыкаў, ні Багдановіча, ні Сурганава, ні праспэкт Незалежнасьці, ні Камароўку.

Адзін толькі Пятрусь Броўка мужна наважыўся паўстаць супраць васільковай дыктатуры. І выявіў свой пратэст у пасрэдным вершы «Александрына», які пазьней зрабіўся цудоўнай песьняй. «Сказаць, што васілёчак — дык фарба ў ім адна», — змрочна зазначае Броўка ў адказ на запрашэньне параўнаць каханую з гэтай расьлінай. Паэт наогул адмаўляецца параўноўваць дзяўчыну з кветкамі. Не магу — прастадушна прызнаецца ён. Відаць, першы і апошні раз у жыцьці.

Валошка — шматканцовы крыж беларускага патрыятызму. Ён так і просіцца на што-небудзь паганскае, спрадвечнае: вышыванку, сукню, слуцкі пояс, менскую шыльду... Бог, галоўны стыліст і дызайнэр летняга айчыннага краявіду, наўмысна яе вынайшаў, каб Беларусь трапляла ў тон неба і шчасьліва жыла ў перагуках колеравых гамаў.

Пры слове «васількі» уяўляецца цэлае войска асобаў мужчынскага полу і прызыўнога ўзросту, якое крочыць праз поле. Усе цёзкі, усе цэзары, усе прайшлі цэнзуру. Бо які цэнзар западозрыць у васільках намёк. Васілёк замілоўвае — як і ўсё пустазельле. Бессэнсоўнае і прыгожае, якім і мусіць быць мастацтва. Васілёк — нашае ірацыянальнае, чыстая эстэтыка, у адрозьненьне ад бусла, зубра і драніка. Першы імпульс да цуду бескарыснага сузіраньня.

Войска цёзак на пшанічным полі... І праўда: калі задумацца, мастакі рэдка малююць васількі ў адзінкавых экзэмплярах. Хіба што для даведніка, каб можна было разгледзець усе падрабязнасьці. Але моц васілька не ў дэталях, д’ябал ня любіць хавацца ў гэтых кветках. Іх павінна быць шмат — толькі так васілёк дзейнічае на розум і псыхіку беларуса. Дый тое ня ўсякага...

Магчыма, менавіта таму васілёк зь ягонай схільнасьцю да існаваньня ў калектыве так актыўна імкнуліся зрабіць сымбалем няспраўджанай беларускай рэвалюцыі. Не атрымалася. Васілёк — спакойная кветка, якая не пажырае сваіх дзяцей. Яму чужая гістэрыка і наступальная стратэгія, ён ня хоча захопліваць вакзалы, пошту і тэлеграф. Колер сіняй валошкі — самы спакойны ў сьвеце. Жыць у пакоі, вытрыманым у васільковых колерах — значыць парупіцца пра сваю раўнавагу. Ад валошак не баліць галава. Валошку можна зьбіць са сьцябліны, але цяжка зьбіць з тропу. Васілёк — сымбаль мірнага супраціву. Кветка Гандзі.

«Мерзлы месяц з-за гор васількамі
Перасыпаў азёрную сінь.
Стыне ўсё...
Ледзянымі сярпамі
Выйшла восень рабіну касіць»,

— ня вытрымаў некалі Тодар Кляшторны. Якая ўжо тут рэвалюцыя... Восень. Зіма. Васількі. Як аскепкі лёду, што трапілі ў вочы тутэйшым Каям, і Гердам таксама. Ну, і Міколкам.

Васілёк на Беларусі — кветка не аўтэнтычная, як і ўсё спрадвечна-беларускае. Даўным-даўна ён прыляцеў сюды з усходняга Міжземнамор’я — можна сказаць, з выраю. Прыляцеў і застаўся. Спадабалася, напэўна. А можа, гэта былі ўцёкі. Эміграцыя сіняга ў шэрае.
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG