Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску на вуліцу высяляюць 185 сем’яў з інтэрнату


Заводзкі інтэрнат
Заводзкі інтэрнат

Зь дзевяціпавярховага інтэрнату на вуліцы Панковай, 58 у Ваўкавыску зьбіраюцца выселіць 185 сем’яў без узычэньня іншага жытла. Каля 460 чалавек, сярод якіх малыя дзеці, умомант застаюцца бяз даху над галавой.

Адпаведнае папярэджаньне ўжо атрымалі некаторыя наймальнікі, у якіх дамова найму сканчаецца ў траўні. Копію папярэджаньня даслалі на Радыё Свабода чытачы нашага сайта.

Паводле дакумэнта, высяляць людзей плянуецца ў сувязі са «сканчэньнем дамовы найму жылога памяшканьня дзяржаўнага жыльлёвага фонду».

У інтэрнаце жывуць супрацоўнікі Ваўкавыскага машынабудаўнічга завода, а таксама работнікі іншых прадпрыемстваў.

Паводле слоў намесьніка начальніка Ваўкавыскага райвыканкаму Аляксандра Рудамётава, высяляць людзей будзе менавіта прадпрыемства. Прычына — будынак інтэрнату знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе рамонту, кошт якога — 5–6 мільярдаў рублёў. У прадпрыемства такіх грошай няма, таму інтэрнат трэба перадаць у камунальную ўласнасьць. Паводле заканадаўства, зрабіць гэта можна тады, калі ў інтэрнаце не застанецца ніводнага жыхара, кажа Рудамётаў:

«Там немагчыма пражываньне людзей, парушаныя пажарныя нормы і так далей. У прадпрыемства не адзін інтэрнат, а два. Вось у іншым вызваляюцца месцы, туды і пераселяць. А астатніх — у адпаведнасьці з заканадаўствам. А пасьля рамонту ўжо будзе прынятае рашэньне — ці будзе там інтэрнат, ці будзе арэнднае жытло».
Папярэджаньне пра высяленьне
Папярэджаньне пра высяленьне
Паводле Рудамётава, даць дакладную інфармацыю пра тое, куды будуць перасяляць людзей, можа толькі Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын. Паводле інфармацыі Радыё Свабода ад жыхароў інтэрнату, прынамсі некаторым зь іх ніхто жытла даваць не зьбіраецца. Адна з прычынаў — на ДБАМ яны не працуюць.

Між тым у распараджэньні бюро ёсьць пратакол паседжаньня Ваўкавыскага райвыканкаму за подпісам яго старшыні Сіцько, дзе засьведчана, што да высяленьня людзей будуць прыцягнутыя пракуратура і сьледчы камітэт, а ў інтэрнатах будзе арганізаванае дзяжурства добраахвотных дружын. Навошта прымаць такія надзвычайныя меры, калі высяляюцца добраахвотна, пакуль не зразумела.

«Ня змогуць яны выселіць, значыць, будуць жыць там вечна», — сказаў Радыё Свабода намесьнік старшыні Ваўкавыскага райвыканкаму Рудамётаў.

На заводзе дахавых і будаўніча-аддзелачных машын сёньня непрацоўны дзень, таму атрымаць камэнтар ад кіраўніцтва пакуль не ўдалося.

Радыё Свабода працягвае сачыць за сытуацыяй і чакае інфармацыі ад усіх зацікаўленых у вырашэньні праблемы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG