Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая хваля высяленьня людзей са службовага жытла


Менчукам, што жывуць у так званых службовых кватэрах, у якія яны зь сем’ямі засяліліся яшчэ ў 1980–90-я гады, зноў пачалі масава прыходзіць прадпісаньні тэрмінова вызваліць службовае жытло, незалежна ад таго, ёсьць ім дзе жыць ці няма.

Першая хваля была год таму, якраз перад уступленьнем у дзеяньне новага Жыльлёвага кодэксу. З чым зьвязаная чарговая актыўнасьць уладаў па высяленьні людзей?

У грамадзкае аб’яднаньне «Цэнтар правоў чалавека» па дапамогу зьвярнуліся дзясяткі людзей, якіх высяляюць са службовага жытла, атрыманага ў 1970–80-я гады. Старшыня аб’яднаньня, праваабаронца Галіна Левіна выказала такое меркаваньне:

«Гэта зьвязана з тым, што да 1 красавіка выканкамы павінны перавесьці ўсе непрыватызаваныя кватэры ў арэнднае жытло».

Жанна Майсяновіч разам з дарослай дачкой жыве ў пакоі, які ейны цяпер ужо былы муж атрымаў у 1988 годзе ад мэтрапалітэну. Гэта адзін пакой у звычайнай двухпакаёвай кватэры з агульнай кухняй, на вуліцы Куйбышава:

«Дзесьці ў сакавіку мяне выклікалі ў мэтрапалітэн і сказалі, што мы павінны вызваліць службовае жытло. Яны кажуць: „Мы наагул забыліся пра гэта, але прайшла вялікая пракурорская праверка, і цяпер прыйшла папера з выканкаму разабрацца, чаму гэтае жытло дагэтуль ня вызвалена“».

Дарэчы, былы муж Жанны дагэтуль працуе ў мэтрапалітэне, то бок мінімальны тэрмін — 10 гадоў, якія трэба адпрацаваць у арганізацыі, каб жытло засталося за сям’ёй, — ён перавысіў ужо ў тры з паловай разы. Таму прадпісаньне вызваліць службовае жытло — незаконнае, лічыць юрыст Галіна Левіна:

«Яна — былы член сям’і. А члены сям’і і былыя члены сям’і мелі роўныя правы і абавязкі з асноўным кватэранаймальнікам. Кватэру давалі на сям’ю. І няважна, якая яна — службовая ці не. На сям’ю. У іх былі роўныя правы і абавязкі».

Яшчэ ў 1991 годзе Жанна Майсяновіч стала на чаргу на паляпшэньне жыльлёвых умоваў, бо пражыць усё жыцьцё ў камуналцы не хацелася. Яе чарга на кватэру дагэтуль не падышла:
Дык хто мне дасьць крэдыт за 4 мільёны заробку?

«Мне за гэтыя 22 гады нічога не прапаноўвалі. І калі я пайшла ў выканкам і сказала, што, можа, улічваючы маё становішча, можна гэтую чаргу паскорыць? А мне адказваюць: „А чым вы лепшая за іншых, якія стаяць на чарзе з 1986–87 гадоў? А чаму вы не будавалі долевым будаўніцтвам?“ А за што будаваць? За адну зарплату? За 48% гадавых у банках? Дык хто мне дасьць крэдыт за 4 мільёны заробку?»

Людміла Сабалько жыве ў службовай кватэры з 1976 году. Атрымаў жытло муж, калі працаваў у Менскіх цепласетках:

«Атрымліваў муж кватэру. У 2007 годзе ён памёр. Якраз выйшаў указ аб прыватызацыі службовага жытла. Я сабрала дакумэнты, аднесла ў выканкам, але мне адмовілі ў прыватызацыі. У 2011 годзе я зноў зьвярнулася па прыватызацыю, і мне зноў адмовілі. А ў лістападзе мне прыйшло прадпісаньне са ЖРЭА: вызваліць кватэру цягам 15 дзён».

Юрыстка, старшыня «Цэнтру па правах чалавека» Галіна Левіна кажа, што, у прынцыпе, адстаяць свае правы людзі могуць, могуць дамагчыся, што іх ня выселяць. Але сытуацыя тупіковая: прыватызаваць гэтыя кватэры выканкамы ім усё адно не дазваляюць:
Суды не высяляюць, а выканкамы прыватызацыю не даюць

«Праблема ў чым? Шмат судоў выйграна, шмат. Людзей не высяляюць. А далей што? Трэба даць магчымасьць людзям на платнай аснове прыватызаваць жытло. Іх не высяляюць, аднак прыватызаваць не дазваляюць. Гэта абсурдная сытуацыя: суды не высяляюць, а выканкамы прыватызацыю не даюць. І пайшоў новы віток — судзіцца з выканкамамі, што яны не дазваляюць прыватызацыю».

Гаворка ідзе не пра элітнае жытло, нават не пра прасторныя сучасныя кватэры. У якасьці службовага жытла давалі маленькія кватэркі на першым ці нават цокальным паверсе, памяшканьні кшталту «калясачных». А жывуць цяпер там у асноўным пэнсіянэры, кажа Галіна Левіна:

«Гэта калясачныя, шчытавыя. Убогія кватэры. Прычым, мы падлічылі: калі даць людзям магчымасьць іх прыватызаваць — гэта тыя ж грошы, што і за арэнду. Самае крыўднае тое, што гэта той кантынгент грамадзянаў, якія сапраўды абяздоленыя, жабракі, і выгнаць іх на вуліцу — а гэта людзі, як правіла, пэнсійнага і перадпэнсійнага ўзросту — гэта катастрофа».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG