Як паведамляе прэсавая служба Службы бясьпекі Ўкраіны, лягер для дывэрсантаў месьціцца пад Феадосіяй.
У СБУ паведамілі, што імі быў затрыманы грамадзянін Украіны К., які працаваў на замежную выведку:
«У ходзе апэратыўна-сьледчых дзеяньняў затрыманы паведаміў, што ў красавіку гэтага году быў завербаваны супрацоўнікам ГРУ ГШ УС РФ падчас паездкі ў АР Крым. Паводле ягоных слоў, кожны мог прыехаць і ўступіць у шэрагі так званай „самаабароны“ Крыму з наступным праходжаньнем падрыхтоўкі на базе вучэбнага цэнтру марской пяхоты пад Феадосіяй. Грамадзяне Ўкраіны, якія ўступалі ў незаконныя ўзброеныя фармаваньні, атрымлівалі па 100 грыўняў у суткі, а тыя, хто меў ваенную падрыхтоўку, — у некалькі разоў больш», — паведамілі ў СБУ.
У навучальным цэнтры праходзілі перападрыхтоўку грамадзяне Ўкраіны і Расеі, дзе іх рыхтавалі для дывэрсійнай дзейнасьці на тэрыторыі Ўкраіны. Навучаньне праводзілі інструктары сілавых ведамстваў Расеі.
Выконваючы заданьні замежнай спэцслужбы, грамадзянін К. у пэрыяд з 6 па 8 красавіка на чале групы з 10 чалавек удзельнічаў у сэпаратысцкіх мерапрыемствах у Харкаўскай вобласьці, у тым ліку зьвязаных зь сілавым захопам будынкаў дзяржаўных органаў улады, паведамілі ў СБУ Ўкраіны.