Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страшны сон Васіля Стуса


Міхась Скобла
Міхась Скобла
Два гады праслужыўшы ў войску на Львоўшчыне, я «Заповіт» Шаўчэнкі мог прачытаць услых без акцэнту, а песьню «Ніч яка місячна...» сьпяваў нават пад купалам парашута, калі душа сягала ў пяткі, а пяткі боўталіся ў паветры. Гэта няпраўда, што савецкае войска было паўсюль школай інтэрнацыяналізму. Скажам, у нашай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе вайсковая герархія была зусім не інтэрнацыянальнай: і камбрыг Яцэнка, і камбат Каваленка, і ротны Ткачук, і ўзводны Ільчук, і старшына роты Андрусішын — усе былі ўкраінцамі. Адпаведна і шыхтавыя песьні былі ўкраінскімі, і бібліятэка нашай в/ч 32291 на добрую палову складалася з украінскай клясыкі.

Прачытаў я тады гару кніг. Асабліва не зважаючы на імёны і якасьць твораў, з адзінай мэтай — засвоіць мову. І, здавалася, засвоіў. Бо калі ты без праблемаў чытаеш прозу заходнікаў Франка і Стэфаніка, разумееш паэзію кіянаў Ліны Кастэнкі ды Івана Драча, а чарнігавец Паўло Тычына беспасярэдне цешыць твой слых сваімі сонечнымі клярнэтамі, то адчуваеш сябе кумам каралю і сватам гетману Сагайдачнаму. Прыблізна так я сябе і адчуваў. Пакуль украінскія сябры адносна нядаўна не падаравалі мне два тамы паэта Васіля Стуса. Над імі я і засеў.

«Жалощів брості коцюрбляться в снінні», «схарапуджене дляння», «кушпела», «довсібіч», «ізвомплені», «папуші» — мне надакучвала тузаць, амаль заўсёды безвынікова, google. Не дапамагаў і чатырохтомавы Грынчэнка. Адкуль жа ў Стуса такая своеасаблівая ўкраінская мова? У двухгадовым узросьце ён быў прывезены бацькамі ў Данецк (тады — Сталіна), вучыўся ў звычайнай данецкай школе, заканчваў Данецкі пэдінстытут, настаўнічаў у Горлаўцы на Данеччыне, працаваў вуглякопам на адной з данецкіх шахтаў, быў літаратурным рэдактарам газэты «Социалистический Донбас»... У лепшым выпадку паэт чуў вакол сябе ўкраінскі варыянт трасянкі — суржык, у горшым — падсоленую вугальным пылам і мацюкамі расейшчыну. І вось жа — і на пустапарожнім тэрыконе ўзрасьціў зыркі квет самабытнай і гнуткай, як языкі агню, украінскай мовы.

Паводле мовы Стус для беларусаў — як Барадулін для ўкраінцаў. Адна менская літаратарка ўкраінскага паходжаньня прызналася мне, што чытае барадулінскія вершы як «Слова пра паход Ігаравы». І там, і там — шмат цёмных месцаў, якія асьвятляюцца ўспышкамі геніяльных мэтафараў, хоць да сэнсу часам усё роўна даводзіцца даходзіць інтуітыўна. Так і ў выпадку са Стусам.

Васіль Стус яшчэ жыў, калі я малаціў львоўскія брукаванкі падкаванымі салдацкімі ботамі — у складзе дэсантнай сотні на парадах, што адбываліся двойчы на год — 9 траўня і 7 лістапада. Дакладней, дажываў — у лягеры строгага рэжыму ў Пермскай вобласьці. Восеньню 1985 году ён памёр у карцары, перад гэтым адседзеўшы год у камэры-адзіночцы, ужо маючы за плячыма дванаццаць гадоў турэмнага стажу. У брэжнеўскага бяззубага рэжыму на такіх, як Стус, зубы знаходзіліся, і пазбавіцца ад іх мёртвай хваткі ўдавалася далёка ня ўсім.

Асуджаны за антысавецкую дзейнасьць, Васіль Стус і ў вязьніцы не ламаў шапкі перад уладай. Кагэбіста, які праводзіў допыт, прылюдна назваў гестапаўцам. Самаму галоўнаму кагэбісту Андропаву паслаў тэлеграму, дзе назваў ягоную кантору зборышчам зладзюгаў, якія крадуць лісты вязьняў. Кваліфікаваў савецкую ўладу як антыўкраінскую па сутнасьці. Ён не супадаў з тою ўладаю ніводнай сваёю думкаю, ніводным паэтычным радком. Не маючы наконт яе аніякіх ілюзій, яшчэ ў 1982-м напісаў і перадаў на волю тастамэнт, дзе прасіў сяброў знайсьці ў Данецку і ўзяць пад апеку ягоную старэнькую маці...

Прастую шлях — па вымерлай пустыні,

дзе мёртваму спажытку мне няма.

Глядзяць хаціны вокнамі пустымі —

чакаюць на вяртаньне, ды дарма.

Іду-брыду з адкульсьці у нікуды,

бо спадзяюся я яшчэ, што там,

дзе кубляцца апушчаныя юды,

ёсьць трохі месца і маім братам.

Ну хоць бы хто натрапіўся на вочы,

схапіцца б позіркам за позірк чый...

Зьмяіцца шлях — хаўрусьнік цёмнай ночы,

і хоць на поўню ваўкалакам вый.

Бо ўжо ня я — нібы чыясь лучына

гарыць ва мне, вяшчуючы адно —

мне прапякае сэрца Украіна,

якой мне, хоць асьлепні, не відно...


Перакладаць Васіля Стуса надзвычай цяжка, і наўрад ці мне тыя пераклады ўдаліся. Як шаравую маланку чужога болю перагнаць праз правадную сыстэму сваёй мовы і на выхадзе атрымаць усё тую ж шаравую маланку?

Жыхару Данецка, з крыві, косьці і мовы ўкраінцу, Васілю Стусу хіба ў страшным сьне магло прысьніцца тое, што адбываецца сёньня на яго роднай Данеччыне. Сэпаратысты-тэрарысты захопліваюць цэлыя гарады, бяруць у палон закладнікаў, зьбіваюць за ўкраінскую мову на вуліцах, зрынаюць зь дзяржаўных флягштокаў і шматаюць на кавалкі ўкрінскія сьцягі... Яму, ідэйнаму ворагу імпэрыі, які ў закратаваным вагоне праехаў яе ўсю ажно да Магадана, не магло і прымроіцца, што пройдзе ўсяго трыццаць гадоў, і ненасытная імпэрыя разявіць сваю пашчу над усёй усходняй Украінай. Па ўспамінах былых вязьняў, у прысутнасьці Стуса стараліся не мацюкацца нават крымінальнікі. Як зрэагаваў бы паэт на тыя ніягары хлусьні, якія штодзённа выплюхваюцца расейскімі тэлеканаламі на галовы мільёнаў ягоных суайчыньнікаў? Як бы адказаў тым тэлешаўкам, якія зьняважліва называюць ягоную краіну Маларасеяй?

Спрабую ўявіць Васіля Стуса на вуліцах сёньняшніх Горлаўкі ці Славянска. Не атрымліваецца. Для ўсёй выразна прарасейскай «самаабароны Данбасу» ён адразу стаў бы бандэраўцам № 1, і які-небудзь барадаты бабай з георгіеўскай стужкай на грудзях палічыў бы сваім абавязкам пусьціць паэта ў расход. А ўцякаць ён ня стаў бы — не ў ягоным характары былі ўцёкі. Ды яшчэ з роднай зямлі.

На роднай зямлі паэта Стуса мне давялося пабываць гадоў сем таму — падчас Шаўчэнкаўскіх дзён. Цэлы тыдзень мы, пісьменьнікі, начавалі ў найлепшай данецкай гасьцініцы, а штораніцы выяжджалі з заплянаванымі выступамі па Данецку і Данецкай вобласьці. Прызнаюся — з такімі адносінамі да майстроў пяра я раней ніколі не сустракаўся. Мясцовае, пераважна расейскамоўнае, начальства спускала нас у шахту, узьнімала на тэрыконы, вадзіла ў драматычны тэатар і музэй жывапісу, вазіла ў царкву дзеля службы і на дэгустацыю нейкай мясцовай антрацытаўкі дзеля дружбы. Завезла нават на Паўночны Данец, за горад зь вясёлай назвай Краматорск — у высечаны ў надрэчных скалах манастыр. І паўсюль нас частавалі, нам налівалі, за нас гаварыліся красамоўныя тосты. І ўсё гэта толькі дзеля аднаго — каб мы як мага меней выступалі. Каб зьвесьці да мінімальнага выніку тыя Шаўчэнкаўскія дні на Данеччыне.

І, трэба прызнаць, начальству гэта часткова ўдалося. У Данецкім пэдінстытуце (тым самым, дзе вучыўся Васіль Стус) заплянаваная сустрэча так і не адбылася. А калі пісьменьнікам усё ж удавалася трапіць у народную гушчу, то рэакцыю аўдыторыі прадказаць было немагчыма. Запомнілася, як у расьпісаным выцьвілымі савецкімі лёзунгамі доме культуры ў Славянску мясцовыя аматары паэзіі засьвісталі аднаго таленавітага кіеўскага паэта і запатрабавалі: «Про любовь давай! И без фентифлюшек разных, шобы понятно было». Паэт не разгубіўся, аказаўся ня з гордых і выканаў сацыяльны заказ, як мне падалося, гратэскавым экспромтам. Перадаю па-беларуску сэнс тае рыфмаванкі: «На крутым тэрыконе аддалася ты мне / сярод белага дня у суботу. / І паглядваў на нас ўвесь Данбас, ўвесь Данбас, / прыпыніўшы работу». Заля захлынулася ў авацыях.

Зь яшчэ адным замежным госьцем Шаўчэнкаўскіх дзён латышом Янісам Элсбэргсам (сынам славутай паэткі Візмы Бэлшавіцы) у апошні вечар мы яшчэ раз схадзілі да помніка Тарасу Рыгоравічу. У Данецку яму ўсталяваны, відаць, самы незвычайны помнік. Кабзар там стаіць на пастамэнце, які нагадвае адначасова мармуровы ледакол і непрыступную фартэцу. Тады мы хіба смутна здагадваліся, дзеля чаго гэта зроблена. Сёньня, калі ў суседнім Харкаве прыхільнікамі фэдэрацыі жорстка зьбіты паэт Сяргей Жадан, відавочна, што пастамэнт той абарончы Тарасу Шаўчэнку зусім ня лішні. Ён жа таксама быў на Майдане...

Вайна паміж Украінай і Расеяй яшчэ ўчора здавалася хваравітай фантазіяй. А між іншым, пра магчымасьць такой вайны пісаў Аляксандар Салжаніцын. Гаварыў Алесь Адамовіч. Мільгала такая вайна і ў снах узгадаванага Данеччынай вялікага ўкраінскага паэта Васіля Стуса. Бо пра што гэта, калі не пра сёньняшнія закалоты і супрацьстаяньні на ўсходзе: «Стенаються в герці скажені сини Украіны, / той з ордами бродить, а той накликае москву». Адразу прыходзіць на памяць Баркалабаўскі летапіс: «москву от Могілева отперлі». У абодвух выпадках москва пішацца з малой літары, бо маецца на ўвазе ня горад. Страшны сон паэта на нашых вачах ператвараецца ў яшчэ больш жахлівую яву.

Выпісваючы для цытаты радкі Стуса, я заўважыў, што абедзьве ягоныя кнігі з майго кнігазбору выдадзеныя з дапамогай украінскіх прэзыдэнтаў. «Вечір. Зламана віть» (1999) выйшла дзякуючы падтрымцы Леаніда Кучмы. «Палімпсест» (2003) — дзякуючы Віктару Юшчанку. І неяк само па сабе напрошваецца пытаньне: колькі суседніх краінаў павінна раздрапежыць Расея, каб збор твораў Ларысы Геніюш быў выдадзены пад патранатам Аляксандра Лукашэнкі?
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG