Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кашапараў: Клоны «Песьняроў» множацца як паразыты


Анатоль Кашапараў
Анатоль Кашапараў
10 красавіка ўдзельнікі клясычнага складу ВІА «Песьняры» Лявон Барткевіч і Анатоль Кашапараў даюць сумесны канцэрт у Менску. Абодва пасьля працяглай эміграцыі вярнуліся ў Беларусь з ЗША і цяпер абяцаюць цалкам прысьвяціць сябе працы з творчай спадчынай, якую пакінуў пасьля сябе заснавальнік ансамбля Ўладзімер Мулявін. Адрозна ад аднайменных кланаваных калектываў, на легендарную назву музыкі пакуль не прэтэндуюць і просяць лічыць іх проста «Залатымі галасамі залатога складу „Песьняроў“».

Цяпер пад «песьняроўскай» шыльдай у Беларусі і Расеі дзейнічаюць блізу дзясятка «брыгадаў», якія паралельна гастралююць па аддаленых тэрыторыях, зарабляючы на настальгічных пачуцьцях народжаных у СССР. Пасьля дачаснай сьмерці Ўладзімера Мулявіна, які так і не акрыяў пасьля аўтакатастрофы, удзельнікі першых складоў Лявон Барткевіч і Анатоль Кашапараў таксама спрабавалі прыпісацца да розных калектываў, але ўрэшце вырашылі сьпяваць удвох. А кланаваных «Песьняроў» параўноўваюць з паразытамі, якіх трэба бяз жалю вынішчаць.

Кашапараў: «Ведаеце, чыста мэханічна прасьпяваць тое, што было прыдумана некалі раней, ня так і складана. Дзеля надзейнасьці паслухаў перад канцэртам арыгінал, паклаў перад сабой словы і засьпяваў. Я ведаю, што многія хлопцы ў розных калектывах, якія выдаюць сябе за пасьлядоўнікаў Уладзімера Георгіевіча, сапраўды таленавітыя. Але ж трэба, каб нутро было „песьняроўскае“! А яго няма. Таму ўсе гэтыя псэўда-„Песьняры“ — як паразыты, якія цяпер некантралявана размнажаюцца. Іх ужо пяць ці шэсьць, а будзе яшчэ больш, калі не паставіць заслону».

Барткевіч: «Мулявінскай мэтай была прапаганда беларускай песьні. А потым, калі ўжо „Песьняры“ сталі вядомымі, — прапаганда песень ансамбля. Таму здорава, што, з аднаго боку, маладыя хлопцы маюць імпэт выконваць „песьняроўскія“ песьні. Гэта добра. Зь іншага боку, дрэнна тое, што брэнд апусьціўся, што замест жывых „песьняроў“, якія яшчэ сьпяваюць, езьдзяць і гастралююць, раптам зьяўляюцца ня тое што дзеці, а ўнукі з рэстаранаў, якія таксама называюць сябе „Песьнярамі“. Прычым яны пішуць лісты, у тым ліку і туды, дзе мы працуем: маўляў, гэта мы сапраўдныя „Песьняры“, а Барткевіч і Кашапараў — фальшывыя. Разумееце, такі нонсэнс ідзе, што проста надакучыла. Я паслухаў апошнія песьні — нейкае кацінае завываньне, проста зьнявага. Так апусьцілі брэнд „Песьняроў“, што сорам. Нам нармальна, мы і так працуем. Але проста стала крыўдна, і мы ўзьнялі гэтае пытаньне, вырашылі зноў узьяднацца».
Лявон Барткевіч
Лявон Барткевіч

Як кажа Лявон Барткевіч, канцэрт у канцэртнай залі «Менск» — «прыкідачны». У верасьні, калі будзе адзначацца 45-гадовы юбілей «Песьняроў», музыкі мяркуюць сабраць «Менск-Арэну»:

«Найперш, мы ўбачылі, што брэнд „Песьняроў“, наш родны брэнд, які мы крывёй і потам зараблялі, крыху апусьціўся. Таму вырашылі зноў разам сабрацца, працаваць, каб узьняць, прадоўжыць справу вялікага Майстра Ўладзімера Мулявіна. Ну, і яшчэ адна нагода: 1 верасьня адзначаем 45-годзьдзе „Песьняроў“, годны юбілей. Увогуле шмат у нас плянаў, хочам працаваць дзеля краіны. Пэўны час у нас акцэнт рабіўся на рэгіёны Расеі, Казахстан, Украіну, нават Нямеччыну, Ізраіль, ЗША. Але баліць душа за краіну, таму хочам вярнуцца і прадэманстраваць годны шоў-бізнэс. Тым больш, у нас усё для гэтага ёсьць, мы, як і раней, сьпяваем. Гэты праект павінен быць вечны: Мулявін пакінуў такую музычную спадчыну, што можна яшчэ гадоў 50 працаваць нават на старым матэрыяле; шмат усяго, што не ўвайшло ў асноўныя зборы. Але ёсьць таксама і новае, ідзём наперад».

Анатоль Кашапараў таксама кажа, што да ідэі злучыць свае «залатыя галасы» яны зь Лявонам ішлі не адзін год. Урэшце палічылі, што выканаўцы такіх гітоў, як «Александрына», «Волагда», «Белоруссия», «Алеся», «Бярозавы сок», «Песьня пра долю» маюць поўнае права звацца пасьлядоўнікамі свайго ідэйнага настаўніка:

«Такое пытаньне, прабачце, узьнікла не ў адначасьсе, яно ўвесь час вісела ў паветры. Калі ты з 20 гадоў варыўся ў „Песьнярах“, то ўжо ня можаш быць па-за іх кантэкстам. Апошнім часам, магчыма, на гэта візуальна ўжо менш зьвярталі ўвагі, бо „Песьняроў“ як такіх і няма, але само навакольле — Расея, Беларусь, Украіна — падштурхнула да такога рашэньня. Маўляў, давайце, хлопцы, згадайце нарэшце, што 1970-я, пачатак 1980-х былі чыста „песьняроўскімі“, быў зорны час калектыву. І калі тады творчыя людзі сабраліся ў адным месцы і заслужана атрымаўся клясны матэрыял, то было б пажадана працягнуць тую справу і ў наш час. На жаль, гэтага не адбывалася. Наадварот, паўстала куча клонаў, якія сваім дылетанцтвам проста дыскрэдытуюць саму ідэю „Песьняроў“. Вось усё гэта ў комплексе і падштурхнула нас да рашэньня ўзьяднацца».
Паўстала куча клонаў, якія сваім дылетанцтвам проста дыскрэдытуюць саму ідэю «Песьняроў»


Музыкі кажуць, што не зьбіраюцца інтэгравацца зь іншымі салістамі-вакалістамі, якія пазыцыянуюць сябе як «Песьняры», хоць і запэўніваюць, што адкрытыя для канструктыўнага супрацоўніцтва. Але, як удакладняе спадар Кашапараў, цяперашні ўзровень нават афіцыйнага калектыву — дзяржаўнага ансамбля «Песьняры» — нельга ўспрымаць усур’ёз. У гэтым ён пераканаўся, на кароткі час увайшоўшы ў «прыдворныя музыкі»:

«Гадоў пяць таму я паспрабаваў зразумець, што там да чаго. Хлопцы добрыя, нічога ня маю супраць. Але галавы няма, і чаго яны хочуць — зразумець немагчыма. Для таго, каб нават перасьпяваць старое (усё роўна на канцэртах просяць), аднаго жаданьня мала. Калі спрабуюць рабіць мадэрновым балет, я яго не разумею. Клясыку, таго ж „Гамлета“, прымаю толькі ў звыклых плястычных варыянтах. Тое ж самае ў нас: клясыка, якую публіка ўспрымае ў тым фармаце. Калі ня ўмееце, зрабіце нешта новае, зьдзівіце. Нічога новага няма! Шарапаў, шчыра кажучы, мяне ўвогуле ня так успрыняў. Думаў, што я буду на яго працаваць як актор, як найманы. Справа не ў былых заслугах, я магу працаваць, няма праблемаў. Але калі пачалося — мяне запрасілі ў Адэсу, мяне запрасілі туды, сюды, то я зь ім так не дамаўляўся. Гэта ўжо потым, праз год-два, на сайтах пачытаў, што нібыта мы ім пагарджалі, маніпулявалі. Ды хто ты ўвогуле такі? Для мяне Мулявін быў чалавек, які, шчыра скажу, шмат што мне дараваў. А тут... Пагаджуся зь Лявонам: ня бачна, не адчуваецца, што яны хочуць. Столькі гадоў мінула, а выніку ніякага няма».

Адной зь місіяў «Песьняроў» Уладзімер Мулявін разглядаў экспарт беларускай культуры. Ці не ўпершыню, дзякуючы нават небеларускамоўнаму Мулявіну, беларускую мову пачулі на ўсіх кантынэнтах. Але праз 45 гадоў сытуацыя ня толькі не зьмянілася да лепшага, а пагоршылася — мова мэтанакіравана вынішчаецца. З расейскай на беларускую праз трасянку пераскокваюць і мае суразмоўцы. Тым часам Лявон Барткевіч дае свой рэцэпт, як стаць беларускамоўным:

«Тут ніхто не вінаваты, гэта цяпер такі час. Але я вам скажу: ёсьць такія вельмі добрыя парады добрых людзей. Калі мы былі маленькія, у мяне, напрыклад, вісела радыё. Гэткая плоская скрынка, якая барабаніла пастаянна, ад раніцы да вечара. І я слухаў самыя розныя рэчы: казкі, музыку, розныя кампазыцыі ад Глебава да Ржэцкай. Трэба вяртаць правераны мэтад. Майму малодшаму сыну 9 гадоў. Ён, як і многія іншыя, ніколі нідзе беларускай мовы ня чуе. Але я ўсталяваў гэтае радыё, і ён цяпер слухае наша беларускае радыё па-беларуску. Толькі год мінуў, а ён ужо выдатна ведае родную мову. Бо як бы ты і чым бы ні займаўся, ты слухаеш, ты ўвесь час у моўным асяродзьдзі. Я так раю зрабіць і іншым сем’ям, якія хочуць ведаць беларускую мову. Бо інакш як яшчэ зрабіць? Бо школа такіх ведаў ня дасьць: дзіцёнак прыходзіць, павінен пісаць нейкія словы, але ж ён іх ніколі ня чуў, не разумее сэнсу. І настаўнікі толкам не тлумачаць. Як жа дзецям выкруціцца?

У сярэдзіне 2000-х была ідэя сабраць усе пакаленьні «Песьняроў», каб супольным канцэртам вырашыць усе спрэчкі вакол творчай спадчыны Ўладзімера Мулявіна. Аднак незгаворлівасьць «песьняроў» розных пакаленьняў не дазволіла рэалізаваць міратворчы праект.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG