Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добры анёл Мікалая Аўтуховіча


Гарадзенец Вадзім Цярлецкі і Мікалай Аўтуховіч упершыню ўбачыліся, калі палітвязень выйшаў на волю, хоць знаёмыя былі ўжо больш за год. Пазнаёміліся яны завочна. Вадзіма ўразіў лёс палітвязьня, завязалася перапіска. Спрыяў Аўтуховічу наколькі мог, працягнуў руку дапамогі з волі. Аўтуховіч прызнаўся сёньня, што «такіх людзей, як Вадзім, мала» і што ён «залаты чалавек». Вадзім кажа пра Мікалая: «моцны чалавек».

Свайго здымка не даслаў


Вадзім Цярлецкі — прадпрымальнік, яму 36, добра размаўляе па-беларуску. Расказвае, што напярэдадні вызваленьня Мікалая Аўтуховіча «хваляваўся, можа, два тыдні, рыхтаваўся. Апошнія два дні ня спаў і есьці не хацелася.

А тут ужо — заўтра Мікалая Мікалаевіча (ён толькі так называе яго з павагай у размове) выпускаюць. Як мы сустрэнемся? Я бачыў ягоныя здымкі, ён мяне ніколі ня бачыў». Аўтуховіч прасіў яго даслаць свой здымак, але ён так і не сабраўся.

Затое падрыхтаваў сустрэчу Мікалая з тымі, хто прыедзе яго павітаць зь Менску, у сябе на кватэры. Некаторых з прыежджых разьмясьціў у сябе, накарміў, кагосьці паклаў спаць. Сам каля турмы быў каля шостай раніцы. Як ён сказаў: «Згатаваў каву, бутэрброды, бо там некаторыя чакалі сапраўды ад нуля гадзін. І пайшоў туды, я маю на ўвазе — „да муроў“. Быў там безь пятнаццаці шэсьць. Вядома, вельмі хваляваўся».

Адвакатцы, працягвае ён, намесьнік начальніка турмы сказаў, што раней за восьмую раніцы ня выпусьцяць, але прыхільнікі Аўтуховіча вырашылі, што лепей чакаць загадзя. Узьнікла яшчэ думка, што раптам зробяць «добры жэст» і завязуць Аўтуховіча дахаты — у Ваўкавыск? Але ўрэшце ўсё прайшло нармальна.

Знаёмства


У турме на вуліцы Кірава ёсьць брама. «Яна адчынілася, выехала невялікая машына і спынілася. Потым брама зачынілася. Машына ад’яжджае, і стаіць Мікалай Мікалаевіч з рэчамі. Ахова яму дапамагла вынесьці рэчы — і ўсё: ідзі. І зачынілі браму», — кажа Цярлецкі.

Дык як вы ўсё ж сустрэліся і пазнаёміліся зь Мікалаем Аўтуховічам? — цікаўлюся ў Вадзіма.

«Як сустрэліся і пазнаёміліся? — перапытвае Цярлецкі. — Ён выйшаў, я яго ўбачыў. Але мне трэба было патэлефанаваць многім людзям, якія чакалі, калі яго выпусьцяць, і я ня змог да яго падысьці. Яго ўжо абступілі журналісты. А я рабіў званкі. А потым Вольга Мікалайчык кажа: Вадзім, хадзі сюды. І Мікалай Мікалаевіч павярнуўся да мяне тварам, паглядзеў так вочы ў вочы, абняў мяне. Казаў вельмі цёплыя словы. Я ў такім стане быў, што й не запомніў іх. Ну, і мы, можна сказаць, пасябравалі. Потым мы цэлы дзень былі зь ім».
Мікалай Аўтуховіч, за ім — Вадзім Цярлецкі, таксама гаворыць па тэлефоне
Мікалай Аўтуховіч, за ім — Вадзім Цярлецкі, таксама гаворыць па тэлефоне

Сам Мікалай прызнаецца: «Калі сустракаліся зь ім, я нават ягонага твару ня знаў. Шмат было народу, я ціснуў руку: вы хто? Дзякуй. А былі амаль усе тыя, хто са мной ліставаўся. А потым пытаюся ў адваката: а дзе Вадзім? А вось Вадзім, стаіць убаку».

Мікалаю прывезьлі сьцяг са сталіцы, які яму потым падаравалі. Гэта беларускі сьцяг з Майдану, кажа Цярлецкі.

«Сэрца як у касманаўта»


Вадзім загадзя падрыхтаваўся, каб Аўтуховіч мог прайсьці абсьледаваньне ў дактароў адразу пасьля турмы. Зрабілі ўсё, што плянавалі, акрамя флюараграфіі, кажа Вадзім. Гэта няцяжка будзе зрабіць дома ў Ваўкавыску. Галоўнае, што «кардыёляг сказаў, што сэрца як у касманаўта», — прызнаецца ён. Пры канцы зьняволеньня Аўтуховіч наракаў на болі ў руках. Яму параілі зрабіць рэнтген, выпісалі абязбольвальную мазь, прызначылі курс лекаў. У дантыста зьнялі зьлепкі, каб аднавіць страчаныя зубы. Дарэчы, Вадзім мне расказваў раней, што яму ўдалося, хоць зь вялікімі цяжкасьцямі, арганізаваць агляд Мікалая Аўтуховіча ў турме дантыстам і пратэзістам, якраз каб вызначыць — як яму дапамагчы з зубамі пасьля вызваленьня.
Вадзім Цярлецкі на Савецкай плошчы ў Горадні, на заднім пляне Катэдральны касьцёл
Вадзім Цярлецкі на Савецкай плошчы ў Горадні, на заднім пляне Катэдральны касьцёл

Гадзіньнік з крокамерам


Як Вадзім Цярлецкі зацікавіўся лёсам Мікалая Аўтуховіча і вырашыў яму дапамагаць?

Паўтара года таму ён прачытаў у інтэрнэце пра маці Мікалая Лідзію Ўльянаўну, яе цяжкую сытуацыю. Тады падумалася: калі ў нашай вобласьці жыве такі чалавек, як Аўтуховіч, а маці яго забытая, то добра паехаць у Ваўкавыск і павіншаваць яе з Калядамі і Новым годам. Так Вадзім і зрабіў. Знайшлі зь ёю агульную мову, успамінае ён. Яна папрасіла, каб ён напісаў яе сыну ліст. Вадзім прызнаецца, што доўга ня мог сабрацца, нарэшце напісаў. Не адразу, але Аўтуховіч даверыўся яму, і паміж імі наладзілася перапіска. Тады ад вязьня паступіла просьба наконт зубоў, потым дапамагаў зь іншымі справамі. Напрыклад, Аўтуховічу спатрэбіўся гадзіньнік — «такі сур’ёзны, што ў Гародні такіх не было, і давялося замаўляць у Менску. Там крокамер, баромэтар, ціск правяраць. Бо ён хацеў тады правяраць сэрца. На той момант у яго былі клопаты, і ён хацеў ведаць — колькі ён праходзіць кілямэтраў за дзень».

Сам Аўтуховіч сёньня ўспамінае, як аднойчы маці напісала яму, што прыяжджаў з Горадні хлопец, прывёз прадуктаў, перадаваў прывітаньне. Пазьней атрымаў ад Вадзіма ліст: «Піша сьціпла, не рысуецца, не „пантуецца“, не выпячваецца». І пастаянна тэлефануе маці, прыяжджае ў Ваўкавыск, праяўляе клопат.
Я думаў, ён нейкі моцны камэрсант, а дома ў яго бачыш: просты, сьціплы трудзяга

Так выйшла, што Вадзім стаў добраахвотным каардынатарам дапамогі яму ў турме, успамінае Мікалай. То таблеткі набыць, то нешта перадаць адвакату — Вадзім заўсёды быў «на падхваце». Калі прыяжджалі адвакаты зь Менску, ён іх сустракаў, чакаў, калі вызваляцца. Калі родныя ехалі ў Горадню перадаць у турму пасылку, ён абавязкова штосьці дакупіць, кажа Аўтуховіч:

«Я думаў, ён нейкі моцны камэрсант, а дома ў яго бачыш: просты, сьціплы трудзяга, жыве вельмі сьціпла. І, хутчэй за ўсё, на свае грошы і дапамагаў. Я не ўяўляю, проста залаты чалавек. Столькі ў яго міласэрнасьці, ня ведаю што, чаму яму так спадабалася...»

У лістападзе мінулага году Мікалай папрасіў Вадзіма прасачыць, каб у перадачу яму паклалі ўсе патрэбныя прадукты, і даслаў сьпіс. «Па мэдычных паказаньнях» Аўтуховічу дазволілі ў сьнежні яшчэ адну перадачу на трыццаць кіляграмаў, кажа Вадзім. Давялося дапамагчы і з гэтым.

Вадзім Цярлецкі стаў нечаканасьцю для многіх. Ні грамадзкія, ні партыйныя актывісты столькі не дапамаглі палітвязьню, як ён. А калі Цярлецкі зьвярнуўся да іх сам, яго сустрэлі з прахалодным недаверам.

Добры анёл — заўсёды постаць адзінкавая, самотная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG