Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: Скажы, а хто пліту сьпёр?


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч агледзеў сваю гаспадарку і вырашыў яе аднаўляць.

«Скажы, а хто пліту сьпёр?» Голас Мікалая Аўтуховіча ў тэлефоне гучыць рэзка, па-гаспадарску.

Карэспандэнт Свабоды дазваніўся да Мікалая Аўтуховіча ў Ваўкавыск у той момант, калі гаспадар аглядаў тое, што засталося ад калісьці ўкамплектаваных гаражоў, складоў і офісу «Ніка транс». Мікалай Аўтуховіч не хавае, што жахнуўся ўбачанаму. Кажа, што «лягчэй узяць вяроўку і павесіцца», чым усё аднавіць. Але ўсё ж ён будзе аднаўляць гаспадарку, як і ўласны дом, дзе таксама ўсё прыйшло ў заняпад.

«У доме таксама ўсё паламалася. І сантэхніка, і ацяпленьне. Зімой на трэцім паверсе разьмерзьліся батарэі, жонка адзін пакойчык сабе ацяпляла ў доме, а астатнія стаялі халодныя. Учора прыехаў, а памыцца ў ваннай не было як, бо не было гарачай вады. Увечары выклікаў майстра, разьбіраўся з бойлерам. Раніцай сёньня прыехалі зноў, рамантуюць. Дайшоў да хатняга тэлефону на званок, дык ледзь пацягнуў за дрот — кантакт зьнік. Там паламана, тут паламана... ды што такое! У прыбіральню пайшоў — таксама ўсё зламанае. Усё знасілася, усё патрабуе рамонту. Трэба ўсім займацца».

Мікалай Аўтуховіч ужо быў у міліцыі, каб стаць на ўлік. У раённую інспэкцыю па наглядзе за тымі, хто адбыў пакараньне, дакумэнты на яго яшчэ не прыйшлі, таму пэўна яму не змаглі сказаць, якія на яго накладуць абмежаваньні ў рамках прэвэнтыўнага нагляду. «Але мне гэта і самому вядома. З 22 вечара па 6 раніцы нельга будзе выходзіць з дому, 3 разы на месяц трэба будзе ў іх адзначацца. Выезд з Ваўкавыску без дазволу будзе забаронены, але і на дазволы асабліва не разьлічваю. Нічога, пратрымаемся», — сказаў Мікалай Аўтуховіч карэспандэнту Свабоды.

Паводле Мікалая Аўтуховіча, хоць учора ён паклаўся спаць позна, сёньня прачнуўся да 6 раніцы, як ужо прызвычаіўся ў гарадзенскай турме. Ці адчувае, што дыхае вольным паветрам?

«Пакуль не. Па вялікім рахунку, я зь невялікай турмы трапіў у вялікую. Пакуль больш нэгатыўнага на вочы трапляецца, чым пазытыўнага. Але пакуль яшчэ шмат сяброў не прыехалі, не сустракаўся шмат з кім, каго хачу пабачыць. Таму, магчыма, адчую сябе лепш у будучыні. Будзем змагацца, у тым ліку і аднаўляць справядлівасьць».

У турме Мікалай Аўтуховіч вывучаў беларускую мову. У канцы размовы зь ім ён сам перайшоў на беларускую і размаўляў на добрую чацьвёрку. «Мне пакуль цяжка, баюся блытаць словы, трэба больш практыкі — і ўсё будзе добра», — сказаў Мікалай Аўтуховіч пра сваё беларускае вымаўленьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG