У роліку гучыць песьня «Простыя словы» Міхала Анемпадыстава ў выкананьні Лявона Вольскага.
На прыкладзе адной сям’і ў роліку расказваецца пра добрыя выпадкі, якія могуць здарыцца ў жыцьці кожнага. Падзеі адбываюцца цягам 15 гадоў — з 1999 да 2014. Аднак гісторыя — гэта ня толькі позірк у мінулае, але і новы старт у будучыню. Так у цэлым можна апісаць галоўную ідэю сюжэту.
Вось што з нагоды зьяўленьня сьвяточнага роліка расказаў Зьміцер Курловіч, начальнік аддзелу кіраваньня брэндам кампаніі velcom:
«У нас ёсьць афіцыйная дата нараджэньня кампаніі velcom — 15-годзьдзе будзем адзначаць на наступным тыдні, 16 красавіка. Але мы вырашылі, што будзем адзначаць наш юбілей увесь месяц. Што тычыцца роліка, то ўсё здымалася ў Беларусі — у Менску ці вакол яго, некаторыя сцэны здымаліся на Баравой.
Сама ідэя была літоўскага рэклямнага агенцтва „Not Perfect“. Але з улікам таго, што ў літоўцаў усё ж свой погляд на тое, што адбывалася за прамінулыя паўтара дзясятка гадоў, мы ўносілі карэктывы, рабілі ўсё гэта больш беларускім. Ну і, зразумела, напісалі беларускі тэкст для дыктара».
Карэспандэнт: «Пасуе агульнаму настрою музычны фон — „Простыя словы“ Лявона Вольскага і Міхала Анемпадыстава. Як нарадзілася ідэя скарыстаць менавіта гэтую кампазыцыю?»
«Мы адпачатку шукалі нешта такое, каб нам пасавала па ўсіх парамэтрах. Ідэя „Простых словаў“ зьявілася ўжо падчас здымкаў. Адразу ж зьвязаліся зь Лявонам і Міхалам, яны далі свой дазвол. Пасьля гэтага мы перапісалі зь Лявонам ягоны вакал, бо проста ўзяць песьню і падрэзаць яе — атрымалася б не зусім прафэсійна. Таму музыкі перапісалі музыку, а пасьля мы запрасілі Вольскага, і ён ужо запісаў словы. Такім чынам, ужо сёньня ролік зьявіцца ў тэлеэфіры, а ўчора мы яго выклалі ў YouTube».
Для velcom стала ўжо традыцыйным здымаць іміджавыя ролікі на беларускай мове.
Раней у інтэрвію Радыё Свабода Зьміцер Курловіч, начальнік аддзелу кіраваньня брэндам кампаніі velcom, казаў:
«Сама па сабе ідэя ўзьнікла неяк раптоўна. Мы проста паглядзелі, як у нас атрымліваюцца нашы рэклямныя ролікі, і падумалі: а чаму не зрабіць іх па-беларуску? І неўзабаве распачалі некаторыя кампаніі на беларускай мове. Цяпер яны стаяць калі не асобна, то, прынамсі, выглядаюць вельмі адметна. Зусім ня так, як астатнія. Што да таго, ці звузіла гэта кола тых, хто глядзіць рэкляму, — не. Мы нават праводзілі адмысловае апытаньне: ці разумеюць людзі беларускамоўную рэкляму? Наладзілі некалькі фокус-групаў, а таксама задавалі гэтае пытаньне, калі рабілі вялікае дасьледаваньне. Аказалася, што ніякіх праблемаў — усё добра, усе разумеюць. Нават калі людзі і не гавораць па-беларуску, яны цалкам разумеюць, што мы ў нашай рэкляме казалі».
Іншыя беларускамоўныя ролікі velcom: