Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тымчук: Верагоднасьць нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі — 10%


Дзьмітры Тымчук (Дмитро Тимчук)
Дзьмітры Тымчук (Дмитро Тимчук)
Кіраўнік украінскага Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук апавёў у інтэрвію Радыё Свабода пра ролю Беларусі ў канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай, а таксама адзначыў, што шматвэктарная пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі, якую сёньня шмат украінцаў ацэньваюць як добрасуседзкую, павінна будзе стаць адназначнай пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 25 траўня.

— Спадар Дзьмітры, ці можа Беларусь быць выкарыстаная Расеяй у якасьці пляцдарму для нападу на Ўкраіну?

— Пытаньне Беларусі было вельмі актуальным цягам самага напружанага часу, калі мы чакалі нападу з боку Расеі. Супрацоўнікі Цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў вельмі пільна адсочвалі перамяшчэньні расейскіх войскаў па тэрыторыі Беларусі і іх канцэнтрацыю каля нашых межаў. І хаця я б не сказаў, што там была крытычная колькасьць гэтых войскаў, мы не маглі ігнараваць іх наяўнасьць і рэальна разглядалі сцэнар, у якім Пуцін мог пачаць ўварваньне ва Ўкраіну адразу па некалькіх накірунках, у тым ліку і зь Беларусі. Асабліва трывожна гэта было ў кантэксьце першага выступленьня Віктара Януковіча ў Растове-на-Доне, калі мы зразумелі, што Пуцін імкнецца рэалізаваць поўны захоп Украіны.

— Аднак Аляксандар Лукашэнка вядзе шматвэктарную палітыку, і нават пазыцыянуе сябе як прыхільнік тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

— Так. Ёсьць фактары, якія сьцьвярджаюць, што Аляксандар Лукашэнка не падтрымлівае авантуру Пуціна па захопе Ўкраіны. Напрыклад, мы заўважылі, што праз тыдзень пасьля пачатку падзеяў у Крыме беларускія афіцыйныя СМІ пачалі даволі скептычна выказвацца на конт далучэньня Крыму да Расеі. З улікам таго, што мы ведаем, што ў Беларусі СМІ ня могуць нешта крытыкаваць без дазволу зьверху, гэта стала для нас пазытыўным сыгналам. Аднак мы разумеем, што Лукашэнка вядзе двайную гульню. Таму ён прызнае крымскі рэфэрэндум і незалежнасьць Крыму, а падчас галасаваньня ў Асамблеі ААН Беларусь далучылася да Расеі.

— Якая колькасьць расейскай ваеннай тэхнікі знаходзіцца на беларускай тэрыторыі, паводле вашых зьвестак? Наша інфармацыя кажа, што ёсьць 24 самалёты.
Калі б расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, дык, паводле нормаў міжнароднага права, Беларусь аўтаматычна стала б агрэсарам, нават калі яе вайскоўцы ня ўдзельнічалі б ва ўварваньні

— Паводле нашай інфармацыі, іх там больш. Але тут справа ня ў гэтым. Калі казаць пра самалёты-зьнішчальнікі, дык тут трэба падзяляць тэхніку, якая знаходзіцца ў Беларусі ў сувязі з сытуацыяй канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай, і тым, што НАТО праводзяць манэўры ў той жа Польшчы. А рэагуючы на дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, НАТО стала вельмі актыўна дэманстраваць сваю прысутнасьць непадалёк. Па сытуацыі ў Крыме Лукашэнка дэманструе дастаткова добрасуседзкае стаўленьне. Я б нават сказаў, што па некаторых момантах ён апаніруе Пуціну, што для Лукашэнкі даволі дзіўна. Увогуле ня толькі на ўзроўні шараговых грамадзянаў, якія падтрымліваюць украінцаў, але і на ўзроўні вышэйшай улады мы ня бачым агрэсіўнасьці і жаданьня браць удзел у авантуры Пуціна. Я так разумею, што беларуская ўлада ўлічвае і вызначэньне ААН што да паняцьця агрэсіі. У тым афіцыйным вызначэньні сказана, што выдзяленьне трэцяй краінай сваёй тэрыторыі для агрэсіі таксама ёсьць агрэсіяй. Атрымліваецца, што калі б расейскія войскі ўварваліся ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі, дык, паводле нормаў міжнароднага права, Беларусь аўтаматычна стала б агрэсарам, нават калі яе вайскоўцы ня ўдзельнічалі б ва ўварваньні. Я так разумею, што Лукашэнку ня трэба дадатковая нагода, каб яго называлі ізгоем і казалі, што ён ідзе супраць усяго сьвету. Таму ацэньваючы агульна, магу сказаць, што пазыцыя Лукашэнкі для нас пазытыўная.

— Палітолягі назвалі пазыцыю Лукашэнкі шматвэктарнай. Але ён не ўпускае магчымасьці падкрэсьліць еднасьць з Расеяй, і такія паняцьці як «расейскі сьвет» сталі неад’емнай часткай яго рыторыкі. Як да гэтага ставіцца?

— У Лукашэнкі цяпер ёсьць фармальнае апраўданьне: гэта сумневы ў легітымнасьці цяперашняй кіеўскай улады. І тут сапраўды можна задаваць пытаньні. Цікава тое, як будзе паводзіць сябе Лукашэнка пасьля 25 траўня. Калі міжнароднай супольнасьцю выбары будуць названыя дэмакратычнымі, а вынікі — легітымнымі, то ў выпадку працягу напружанасьці паміж Расеяй і Ўкраінай для Лукашэнкі прастора для манэўраў рэзка звузіцца. Тады давядзецца назваць белае белым, а чорнае — чорным. І нават цяжка прадбачыць, як ён будзе фармуляваць сваю пазыцыю.

— Што значыць адвод расейскіх войскаў ад украінскай мяжы? Ці можна ўжо казаць, што нападу ня будзе?
Адразу пасьля таго, як Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня будзе пляцоўкай для агрэсіі, адразу стала павялічвацца колькасьць войскаў у Курскай і Бранскай абласьцях

— Мы зараз ня можам дакладна сказаць, ці гэта падманныя манэўры, ці на Пуціна падзейнічала гутарка з Абамай і Мэркель. Тут трэба падзякаваць міжнароднай супольнасьці, што, дзякуючы яе ціску, Масква ўсё ж прызнала, што расейскія войскі каля межаў ёсьць. Калі прызналі, што войскі ёсьць, дык далей можна ставіць пытаньне, для чаго яны там і што будуць рабіць далей. Аднак казаць, што вайны ня будзе, нельга. Напрыклад, у Курскай і Бранскай абласьцях яшчэ два тыдні таму было вельмі мала расейскіх войскаў — каля 4000 вайскоўцаў. Аднак, адразу пасьля таго, як Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня будзе пляцоўкай для агрэсіі, адразу стала павялічвацца колькасьць войскаў у Курскай і Бранскай абласьцях. Мы палічылі гэта пошукам альтэрнатыўных шляхоў уварваньня. Цягам апошняга тыдня расейскія войскі ўвесь час манэўруюць: то падыходзяць да мяжы, то адыходзяць. Зараз каля самай мяжы войскаў няшмат — каля 10 000, аднак яшчэ 40 000 знаходзяцца за 150 кілямэтраў ад мяжы. І праз тое, што войскі не вяртаюцца ў месцы пастаяннай дысьлякацыі, мы ня можам канстатаваць, што Пуцін адмовіўся ад пляну захопу Ўкраіны.

Зараз ужо чацьвёртыя суткі мы канстатуем менш за 50 працэнтаў верагоднасьці нападу Расеі на Ўкраіну. Верагоднасьць таго, што Беларусь будзе выкарыстаная як пляцоўка для гэтай агрэсіі — 10 працэнтаў. Аднак такая верагоднасьць усё ж застаецца. Мы да канца ня верым, што Лукашэнка пры нейкіх абставінах не падтрымае Пуціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG