Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская ўлада кінула сваіх салдат у Крыме


«5000 украінскіх вайскоўцаў у Крыме засталіся верныя Ўкраіне», — пра гэта заявіў на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра абароны Ўкраіны Леанід Палякоў. Страты вайсковай маёмасьці ад расейскай акупацыі склалі 18 мільярдаў грыўняў (амаль два мільярды даляраў).

Украіна шукае магчымасьці транспартаваньня верных прысязе вайскоўцаў з тэрыторыі Крыму і зьбіраецца спаганяць свае страты з Расеі празь міжнародныя суды. Чаму новая ўлада кінула сваіх салдат і вайсковую маёмасьць у Крыме на волю лёсу — даведвалася нашая карэспандэнтка.

Паводле дадзеных групы «Інфармацыйны супраціў», у складзе ВМС Украіны на ранак 26 сакавіка засталося толькі 10 караблёў. 51 карабель ужо захоплены расейскімі вайскоўцамі.

Інтэрнэт разрываюць гісторыі пра гераізм украінскіх вайскоўцаў, якія засталіся вернымі прысязе. Людзі з хваляваньнем сочаць за лёсам легендарнага палкоўніка Юлія Мамчура з авіябазы ў Бельбеку, які цяпер у расейскім палоне. З захапленьнем распаўсюджваюць відэаролік, дзе каманда ўзятага ў аблогу тральшчыка «Чаркасы» сьпявае песьню Ляпіса Трубяцкога «Воіны сьвятла».

У той жа час расейскія СМІ з гонарам паведамляюць, што 15 тысяч украінскіх вайскоўцаў перайшлі на службу ў расейскае войска.
Аркадзь Бабчанка
Аркадзь Бабчанка
«Новае палітычнае кіраўніцтва краіны здало сваіх салдат, — кажа вайсковы журналіст Аркадзь Бабчанка. — Прымаць рашэньне трэба было ў першыя дні. Калі ты страчваеш першыя 72 гадзіны, ты прайграў. Я ня ведаю, якія яны задачы там вырашалі. Магчыма, спрабавалі палітычным чынам вырашыць гэтае пытаньне, але вайскоўцаў здалі».

Войска нельга пакідаць без загадаў, матэрыяльнага і грашовага забесьпячэньня, — пагаджаецца беларускі вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.
Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Усе гэтыя сьвятыя для войска ісьціны ва Ўкраіне былі парушаныя. У Крыме вайскоўцы перабывалі ў поўным няведаньні, што рабіць».

Паводле Алесіна, вайсковым стратам у Крыме спрыяў заканадаўчы тупік, у які трапілі новыя ўкраінскія ўлады.

«Сам парадак прызначэньня галоўнакамандуючага, якім зьяўляецца выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны, не прадугледжаны Канстытуцыяй, — тлумачыць Алесін. — Таму тыя вайскоўцы, якія не хацелі выконваць ягоныя распараджэньні, маглі лічыць сябе свабоднымі ад выкананьня сваіх абавязкаў. Мне гэта нагадвае сытуацыю пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, калі цар адрокся — і ўсе апынуліся свабоднымі ад сваіх абавязаньняў, бо ўсе прысягалі цару. Кожны дзейнічаў так, як яму Бог на душу паклаў».

Пры такім раскладзе, мяркуе Алесін, нельга лічыць здраднікамі тых, хто вырашыў надалей служыць Расеі, і «шчырымі патрыётамі» — тых, хто застаўся верным украінскай прысязе. «Кожны вайсковец зыходзіў са сваіх асабістых інтарэсаў, калі дзяржава пакінула іх на волю лёсу».

Аркадзь Бабчанка, які кантрактнікам прайшоў другую чачэнскую, а пасьля ўжо вайсковым карэспандэнтам — вайну ў Паўднёвай Асэтыі, кажа, што супраціўляцца Расеі ўкраінскае войска проста не магло.
Расея ўяўляе сабою моцную вайсковую машыну, якая проста раздушыла б Украіну

«Украінскае войска і расейскае — гэта несупастаўляльныя рэчы, — тлумачыць ён. — Расея ўяўляе сабою моцную вайсковую машыну, якая проста раздушыла б Украіну».

Вось як апісваў штурм сваёй часьці А4368 у пасёлку Бура пад Севастопалем капітан другога рангу Андрэй Іванічэнка:

«...Каля 100 чалавек спэцназу са зброяй, якую я бачыў толькі ў кампутарных гульнях: СВД, „сланабоі“, гранатамёты, аўтаматы з хітрымі штучкамі ў выглядзе каліматарных і аптычных прыцэлаў, „мухі“ ды іншая хрэнь. Вялікі гонар. І ўсё гэта на мае 30 аўтаматаў з 25 патронамі кожны», — напісаў Іванічэнка 21 сакавіка.

Але, на думку Бабчанкі, ва ўкраінскіх салдат быў шанец сысьці «прыгожа». «Маглі б затапіць караблі і з гімнам пад сьцягамі вывесьці сваіх вайскоўцаў. Гэтага не адбылося. Яны сваіх вайскоўцаў кінулі. Тыя сядзелі ў аблозе тры тыдні. Не было ані загаду на прымяненьне зброі, ані загаду на адыход. Украінскія вайскоўцы павялі сябе годна ў гэтай сытуацыі, бо ў іх не было іншага выйсьця».
Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук
Аднак такой думцы пярэчыць лідэр групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.

«Ва Ўкраіне ня ўведзена ваеннае становішча. Афіцыйна мы ня ў стане вайны. І гэта вызначае шмат што, — піша ён у Фэйсбуку. — Падчас баявых дзеяньняў камандзір, бачачы ступар вышэйшага камандаваньня і адсутнасьць дакладных загадаў, можа дзейнічаць на свой одум, узяўшы адказнасьць на сябе. А там — альбо герой, альбо ня вельмі. Але ў выніку, як той казаў, вайна ўсё сьпіша.

Няма вайны — няма каму сьпісваць. З пункту гледжаньня мірнага заканадаўства камандзір, які затапіў карабель на свой одум — шкоднік, які наўмысна псуе дзяржаўную маёмасьць і наносіць шкоду ў асабліва буйных памерах. Гэта крымінальны артыкул. І кожны камандзір гэта цудоўна ведае».

Пасьля захопу сваёй часткі капітан другога рангу Андрэй Іванічэнка напісаў: «Мы сумленна далі палітыкам 3 тыдні для прыняцьця рашэньня. Мы сумленна ўвесь гэты час несьлі баявое дзяжурства па спэцдзейнасьці, якое закрылі толькі ўчора. Мы стараліся сумленна выканаць свой абавязак. Але палітыкі далі нам адзін толькі шлях — у зьнявагу. Але мы ня перад імі ў даўгу, а перад народам Украіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG