Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кібіршчына — расейская вёска на беларускай мяжы


Будынак сельскай адміністрацыі ў Кібіршчыне
Будынак сельскай адміністрацыі ў Кібіршчыне

Як і з чаго жывуць жыхары прылеглых да Беларусі расейскіх вёсак? Ці палохае іх расейска-ўкраінская вайна? Што думаюць яны пра Беларусь і беларусаў? На гэтыя пытаньні адказваюць жыхары расейскай вёскі Кібіршчына, што ў Бранскай вобласьці на самай мяжы зь Беларусьсю.

Кібіршчына ад беларускага райцэнтру Краснапольле — за два дзясяткі кілямэтраў. Ад умоўнай дзяржаўнай мяжы, якая пазначаная плякатам з надпісам «Шчасьлівай дарогі» і вялікім крыжам, да паселішча па разьбітай дарозе крыху болей за тры кілямэтры. Навокал — вялізныя плошчы выпаленай травы. У паветры смурод. Далягляд зацягнуты смугой ад выжарынаў. Першая на расейскім баку адселеная праз радыяцыю вёска паўстае нібы здань. Сядзібы хаваюцца ў разрослым хмызьняку. Ля хатаў людзі з мэталашукальнікамі. Адзін з іх на пытаньне, што тут робяць, адказвае каротка: «Шукаем мэталялом».

«У вас жа забаронена шукаць, а ў нас — не. Вось і капаем», — не ўздымаючы галавы, тлумачыць мужчына ў вайсковай апранасе. Гутарыць у яго жаданьня няма, і ён паказвае гэта сваім выглядам. На разьвітаньне дадае: «Тут жа прыёмных пунктаў хапае».
Памежныя знакі. За імі Расея
Памежныя знакі. За імі Расея


Яшчэ з кілямэтар ухабістай дарогі — і мы ля вёскі Кібіршчына. Вялікая вёска ў заняпадзе. Шмат сядзібаў кінутыя. Нямала цагляных будынкаў, узьведзеных па чарнобыльскіх праграмах, таксама без гаспадароў. Звыклых для беларускіх паселішчаў — такіх жа памераў, як Кібіршчына — калгасных фэрмаў у ёй няма.

«Няма ж ў нас саўгасаў, калгасаў — дык вось людзі адкопваюць мэтал, здаюць, капейчыну маюць. Балты, ці гайкі адшукваюць. У нас жа шмат кінутых дамоў», — адказваюць вяскоўцы на пытаньне, з чаго жывуць людзі ў Кібіршчыне. «Зь іншага боку — гэта і добра. Яны ачышчаюць зямлю. Не бяруць жа чужога. Няхай ачышчаюць. Людзі мо менш будуць піць — і тое добра», — даводзіць адна з жанчын.


На цэнтральным пляцы вёскі — невялікая крама, прыватны гандлёвы павільён ды будынак сельскай адміністрацыі з вышмарганым расейскім сьцягам. Усё зачынена. Вяскоўцы запэўніваюць, што ў краме ўсё ёсьць, калі ж няма — едуць у свой райцэнтар:

«Едзь во ў Красную Гару, там бальшыня крамаў беларускіх. Там і каўбаса, і малако беларускія. Іншыя тавары — любыя», — заяўляе вясковец.

Калі гаворка заходзіць пра саміх беларусаў, дык тутэйшыя найперш прыгадваюць Лукашэнку: «Лукашэнка ганяе ў вас міністраў. Добра ганяе! — з усьмешкай кажа жыхар расейскай вёскі. — Во тэлевізар пагляджу — і сьмяюся, як міністры сядзяць угнуўшыся. І канцэрту ня трэба. Сядзіш і сьмяесься». Яшчэ адзін расеец дадае: «Лукашэнка добры кіраўнік. Ён утрымаў Беларусь. Калі б ня ён, дакладна быў бы распад».


Пра Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі жыхары Кібіршчыны ня ведаць. Аповяд пра тое, што ў суседняй зь імі краіне гэты дзень адзначаецца як дзяржаўнае сьвята, успрымаюць абыякава. Беларусі без Лукашэнкі ў іхным уяўленьні няма.

«Пакуль у вас будзе Лукашэнка, будзе і мір, і спакой. Бывае, што строга ён вычытвае вас, як дзяцей, але ж гаспадар павінен быць гаспадаром», — даводзяць вяскоўцы. Пра саміх беларусаў жыхары Кібіршчыны кажуць каротка: «У нас зь імі добрыя адносіны. Малайцы — людзі працуюць».


У гаворцы тутэйшых вяскоўцаў багата беларускіх словаў. «Тут у нас палова беларускіх, палова рускіх. Калі я тут нарадзіўся, то і расейцам лічуся», — тлумачыць сваё паходжаньне адзін зь вяскоўцаў.

Жыхары Кібіршчыны больш сталага веку беларускую гаворку называюць простай.

«А гаворыце Вы па-беларуску, як і мы»,— зьвяртаюся да 85 гадовай бабы Тоні, якая выйшла са сваёй хаты прывітаць заежджых. «Мы ня рускія і не беларускія, — адказвае яна. — Хто во язык тут ламае, кажучы „картошка“, а мы вось па-старому „бульба“ кажам. Гэтак жа і беларусы. Там „дранікі“ кажуць, і мы тут так кажам».

У бабы Тоні багата сваякоў перабраліся ў беларускае Краснапольле. Сын жа жыве ў Кіеве. На пытаньне, ці быў на Майдане, старая адказвае, што не. Пра Януковіча кажа:

«Лукашэнка ваш выступаў, дык казаў, што трэба ж было яму народ кінуць. Усю Ўкраіну кінуў. На Кубань заехаў і жыве цяпер там. А вы людзі як хочаце цяпер біцеся», — абураецца баба Тоня.
Баба Тоня з расейскай вёскі на мяжы зь Беларусьсю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:04 0:00

Тое, што Крым Пуцін далучыў да Расеі, жыхары Кібіршчыны ўхваляюць. «Народ дык задаволены, што Крым далучылі, — кажа вясковец. — Ён жа свой родны, вярнуўся назад. А тое, што вось цяпер крызісы гэтыя пачнуцца, то гэта нядобра. Давядзецца аднаўляць там усё».

На гэтую заўвагу іншыя вяскоўцы адказваюць: «У нас паўсюдна трэба нешта рамантаваць. Куды вока ні кінь. Рускаму Івану не прывыкаць. Сочы мы ж адрамантавалі», — даводзіць вяскоўка. «Мы во аднаму радуемся, — працягвае яна, — што хлеб ёсьць, а вайны няма. Голыя ж мы ня ходзім. Там толькі вось гэтыя бандэры...»


Вяскоўцы ўпэўнена заяўляюць: на ўсходзе Ўкраіны расейцы жывуць у страху.

«Калі б не далучылі Крым ды Севастопаль, дык там была б разьня. Па тэлевізары во паказвалі, што нават на Браншчыну адтуль прыяжджаюць цэлымі сем’ямі. А што ты паробіш: калі ня сыдзеш, дык заб’юць ці спаляць, — даводзіць вясковец. — Жанчына выступала, якая з турмы выйшла, — Цімашэнка, дык казала, што трэба кацапаў атамам паліць там, дзе расейскамоўныя жывуць. Дык яно ж так і будзе».

На ягоную думку, вялікай вайны за Ўкраіну ня будзе: «Паказвалі па тэлевізары, што Абама пасівеў, пабачыўшы, якое ў нас узбраеньне», — з пахвальбой адзначае вясковец.

Пытаю, ці пойдзе Расея танкамі на Беларусь, калі надумаецца бараніць расейскамоўных. Ёсьць, кажу, у Беларусі такія перасьцярогі: «Не, Расея ніколі не ішла і ня пойдзе на такое. У нас нават такой палітыкі няма, — супакойваюць расейцы. — У нас жа жывуць людзі мірна. Каб у цяперашні час ды й яшчэ стралялі... Мы ж у Беларусь езьдзім, і да нас беларусы езьдзяць».

Езьдзілі б да беларусаў часьцей, кажуць жыхары Кібіршчыны, вось толькі дарога разьбітая. У гэтым яны вінавацяць беларусаў, якія возяць ёю на продаж мэталялом. «Гэта ж дарога ідзе ў Эўропу», — тлумачаць вяскоўцы. «Фуры па ёй такія ходзяць. А дарога без гаспадара. Трэба рамантаваць. Мо Лукашэнку папрасіць. Багата беларусаў па ёй езьдзяць у Расею», — на разьвітаньне кажуць жыхары расейскай вёскі Кібіршчына.

У Беларусь вяртаемся гэтай жа разьбітай дарогай. На ёй ледзьве не сутыкаемся з расейскай фурай, якая, нібы танк, сунецца зь беларускага боку. Тыя ж выпаленыя палі і ацалелыя ад агню разрослыя хмызы. «Як уедзем у Беларусь — адразу адчуеце», — кажа кіроўца. На беларускім баку дарога дагледжаная. Першыя беларускія вёскі бязьлюдныя. Радыяцыя — тлумачыць кіроўца. З набліжэньнем да Краснапольля краявіды ажываюць. Людзей на вясковых вуліцах становіцца болей.
Дарога з Кібіршчыны ў “Эўропу”
Дарога з Кібіршчыны ў “Эўропу”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG