Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску — аблава на Мірона


Аляксандар Салаўян і Барыс Хамайда, архіўнае фота
Аляксандар Салаўян і Барыс Хамайда, архіўнае фота

Па падазрэньні ў шматразовым вывешваньні сьцягоў амапаўцы затрымалі Барыса Хамайду і Аляксандра Салаўяна.

Падчас затрыманьня іх зьбілі, паклалі на зямлю, а пазьней у судзе амапаўцы заявілі, што двое пэнсіянэраў адмовіліся ім падпарадкавацца і таму давялося прымяніць сілавыя захады.

За непадпарадкаваньне міліцыі судзьдзя Чыгуначнага райсуду Алена Цыганкова прысудзіла Хамайду і Салаўяну па трое сутак арышту. На працягу гэтага часу актывістаў не пакінулі ў спакоі: штодня іх выклікалі на допыты па «справе Мірона», а па месцы жыхарства правялі ператрусы.

Пра ўсё гэта апавёў Барыс Хамайда, які ўчора каля паўночы нарэшце дабраўся дахаты пасьля затрыманьня 24 сакавіка і трох сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паводле Барыса Хамайды, справай Мірона займаецца Сьледчы камітэт:

«Нас з Аляксандрам Салаўянам затрымалі ў пасёлку Руба пад Віцебскам, напярэдадні Дня Волі. Адвезьлі ў Чыгуначны РАУС, а там ужо быў супрацоўнік Сьледчага камітэту. У мяне забралі мабільны тэлефон, прычым разабралі яго па частках, паклалі ў асобны пакецік, і больш я яго ня бачыў. Ніякіх папераў пра тое, што тэлефон забралі, мне не пакінулі. Якое дачыненьне мае тэлефон да таго, за што нас затрымалі — нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам, — незразумела».

Само ж затрыманьне, кажа Барыс Хамайда, адбывалася як у баевіку:

«Увечары 24 сакавіка мы з Аляксандрам Салаўянам былі ў Рубе, проста стаялі і размаўлялі. Наводдаль спыніўся нейкі аўтобус, нічога падазронага — кіроўца нібыта нешта ў ім рамантаваў. Я стаяў сьпінай да аўтобуса, і тут Салаўян крыкнуў: «Бягуць!» Я нічога ня ўцяміў, мяне адразу павалілі на зямлю, тварам уніз. Заўважыў толькі, што нейкі хлопец у цывільным падскочыў да Салаўяна, паваліў яго і ўдарыў нагой у твар. На мяне таксама наваліліся, я ня мог дыхаць і толькі пачуў зьдзіўлены голас кагосьці з нападнікаў: „Дык гэта ж дзяды!“
На мяне таксама наваліліся, я ня мог дыхаць і толькі пачуў зьдзіўлены голас кагосьці з нападнікаў: «Дык гэта ж дзяды!»


Ужо ня ведаю, які страшных злачынцаў чакалі амапаўцы, але з намі абышліся брутальна. Калі я ляжаў тварам у зямлю, спыталіся, як мяне зваць. А я ня тое што адказаць — дыхаць ня мог. Тады, адчуваю, мне нешта прыставілі да галавы і пытаньне паўтарылі: „Кажы, як цябе зваць, а то заб’ю!“ Што гэта было — ці пісталет, ці проста пальцам націснулі, я ня ведаю. Але неяк павярнуў галаву ўбок і сказаў: „Можаш забіваць, я ўжо досыць пажыў“. Адным словам, гэта было падобна да дзеяньняў нейкай банды, бо ўсе нападнікі былі ў цывільным. І толькі на судзе яны назвалі сябе і свае званьні — аказалася, што гэта супрацоўнікі АМАПу. І яны засьведчылі, што мы, два пэнсіянэры, ім не падпарадкаваліся — здаровым хлопцам год 25–30! А яны, маўляў, культурна да нас падышлі і прадставіліся, нават пасьведчаньні паказалі. „Якія пасьведчаньні? — пытаюся, — было ж ужо цёмна!“ А ён сьмяецца і хлусіць у вочы: „А я ж ліхтарыкам пасьвяціў!“»

Ужо пад арыштам актывістаў некалькі разоў выклікалі на допыты. З Барысам Хамайдам размаўляў намесьнік начальніка Чыгуначнага райаддзелу міліцыі, заклікаў прызнацца, «хто з вас Мірон». Пазьней высьветлілася, што 27 сакавіка адміністрацыйную справу «супраць Мірона» ініцыявала прадпрыемства «Віцебскэнэрга», працягвае Барыс Хамайда:

«Пасьля затрыманьня 24 сакавіка, падчас агляду рэчаў у пастарунку ў нас з Салаўянам знайшлі бел-чырвона-белы сьцяг. Яго забралі. А калі я сядзеў „на сутках“, то па мяне зайшлі супрацоўнікі Першамайскага райаддзелу і загадалі зьбірацца на ператрус у маёй кватэры. Далі мне паперку: санкцыю на агляд майго жытла.Там напісана, што паводле скаргі „Віцебскэнэрга“ заведзена адміністрацыйная справа за псаваньне маёмасьці пры вывешваньні сьцягоў на электрычныя драты. Аднак перад пачаткам агляду мне ня тое што не прапанавалі здаць добраахвотна ўсё, што тычыцца гэтай справы — а нават не сказалі, што хочуць знайсьці. І пошукі былі такія: глядзелі адразу ў двух пакоях маёй кватэры, а відэаапэратар хадзіў з камэрай па кухні, па вітальні, здымаў інтэр’ер — што вісіць на сьценках. Здымаў, адным словам, зусім не працэс пошуку. На сьцяне ў мяне вісіць бел-чырвона-белы сьцяг, але яго не кранулі. Затое забралі сьцяг, які ляжаў у шафе, забралі бел-чырвона-белы шалік — з тых, што нашыла нябожчыца Алена Залеская, вядомая актывістка АГП, а таксама забралі бел-чырвона-белую стужку даўжынёй 10 мэтраў, крамную, мы выкарыстоўвалі яе на пахаваньні Ўладзімера Плешчанкі. Забралі нейкія запісы. Што яшчэ — сказаць не магу, бо вопісу забранага мне не пакінулі, пратаколу не складалі, сьведак не выклікалі. Мне міліцыянты сказалі, што раз іх было трое, то яны могуць пацьвердзіць супольныя дзеяньні».

Калі ўвечары 27 сакавіка Барыс Хамайда выходзіў з ІЧУ, то сустрэўся з Аляксандрам Салаўянам. Той паведаміў, што ператрус быў і ў яго. Аляксандар Салаўян жыве ў вёсцы Зайцава Віцебскага раёну, і ў яго абшукалі ня толькі хату, але й гаспадарчыя пабудовы. Ці забралі што, актывіст не ўдакладняў. Зьвязацца з Аляксандрам Салаўянам не ўдаецца: ягоны мабільны тэлефон адключаны. Верагодна, яго таксама забралі падчас ператрусу.

Сытуацыю з аблавай на Мірона і забраньнем маёмасьці ў Барыса Хамайды камэнтуе праваабаронца Павал Левінаў:
Павал Левінаў
Павал Левінаў
«Тэлефон Хамайды і, верагодна, Салаўяна — невядома дзе. Мы ня ведаем, зь якімі мэтамі апарат забралі, хто і куды зь яго цяпер тэлефануе і якія гэта можа пацягнуць наступствы для актывістаў. Тое самае і з аглядам жытла Барыса Хамайды: у яго забралі нейкія рэчы, не пакінуўшы пратаколу. Потым супрацоўнікі міліцыі могуць заявіць, што забралі ня толькі сьцяг і шалік, а яшчэ нешта, чаго і ў кватэры не было. І добра, калі рэчы толькі забралі. А калі нешта падклалі? І сёньня-заўтра адбудзецца наступны ператрус, і ў Хамайды знойдуць патроны ці наркотыкі? Сьведак падчас агляду не было, а тое, што здымаў відэаапэратар — увогуле загадка. Навошта здымаць прыватнае жытло? Можа, каб потым паказаць нешта па БТ, нейкі кампрамат?»

Праваабаронца зьвяртае ўвагу і на тое, што адміністрацыйная справа супраць Мірона ініцыявана прадпрыемствам «Віцебскэнэрга» — тым самым, якое выставіла прэтэнзіі да сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі. За тое, што ён, вывешваючы на навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг, пашкодзіў гірлянду. Адміністрацыйны артыкул 10.9, паводле якога заведзена адміністрацыйная справа, прадугледжвае штраф памерам ад 0,5 да 50 базавых велічынь за «Наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці, якое пацягнула за сабой нанясеньне шкоды ў нязначным памеры, калі ў гэтых дзеяньнях няма складу злачынства».

Супрацоўнікі Першамайскага райаддзелу міліцыі сказалі Барысу Хамайду чакаць далейшага разьвіцьця падзеяў. Ня выключана, што артыкул, паводле якога на абодвух віцебскіх апазыцыянэраў завялі адміністрацыйную справу, будзе яшчэ зьменены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG