Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культура сёньня — гэта тэрыторыя сувэрэнітэту нацыі


У юбілейныя дні 90-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР мне думаецца не аб беларускай палітыцы, але аб беларускай культуры. І ў сваім кароткім выступе я б хацеў падзяліцца з калегамі некаторымі думкамі на гэты конт.

Сёньня, калі ў сьвеце гавораць і пішуць аб Беларусі, практычна ўсе згаджаюцца з тым, што беларускі рэжым — аўтарытарны, што ў нашай краіне парушаюцца асноўныя правы чалавека. Многія ўплывовыя міжнародныя структуры, як АБСЭ, Эўразьвяз, а таксама праваабарончыя арганізацыі дамагаюцца ад беларускага рэжыму выкананьня міжнародна прызнаных правоў чалавека — права на свабоду слова, сходаў, асацыяцый і гэтак далей. Але сёньня ў сьвеце мала гавораць або практычна не гавораць аб тым, што ў Беларусі брутальна парушаецца права цэлага народу і яго кожнага асобнага прадстаўніка на карыстаньне сваёй роднай мовай і сваёй нацыянальнай культурай, на выхаваньне дзяцей у роднай мове і нацыянальным асяродзьдзі.

На маю думку, можна сьмела казаць, што сёньня ў Эўропе і ЗША мае месца трагічная недаацэнка важнасьці нацыянальнай культуры для дэмакратызацыі Беларусі.

Захад сёньня як бы не заўважае, што ў Беларусі адбываецца татальная гвалтоўная русыфікацыя. Лепшыя прадстаўнікі нацыянальнай эліты выкінутыя з працы ў дзяржаўных газэтах, часопісах і дзяржаўных выдавецтвах, звольненыя з інстытутаў Акадэміі навук і з унівэрсытэтаў. Любая праява нацыянальнага духу разглядаецца ўладамі як апазыцыйная, падазроная або варожая. У краіне дзейнічае жорсткая ідэалягічная цэнзура, са старонак газэт і часопісаў, з экранаў тэлевізараў і з дынамікаў радыё беларусаў пераконваюць, што яны нічым не адрозьніваюцца ад расейцаў. Менш за 25 працэнтаў школьнікаў вучацца па-беларуску. Людзей, часам, арыштоўваюць і зьбіваюць на вуліцах толькі за тое, што яны размаўляюць па-беларуску. Можна гаварыць пра татальны разгром нацыянальных здабыткаў пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Фактычна, сёньня беларускі народ пастаўлены на мяжу выжываньня.

І вось у такіх умовах на першы плян выходзяць пытаньні культуры. Беларуская культура гістарычна — бясспрэчна, заходняя, эўрапейская і хрысьціянская. Калі б кожны беларус добра ведаў нацыянальную гісторыю і здабыткі нацыянальнай культуры, у яго б не паўставала пытаньня выбару — куды кіравацца яго краіне: на захад або на усход. Менавіта таму тыя, хто зацікаўлены ва ўсходнім кірунку разьвіцьця Беларусі, змагаюцца зь беларускай мовай, культурай і беларускай гістарычнай спадчынай.

Сувязь тут да прымітыўнасьці простая. Правы чалавека — гэта павага да чалавечай годнасьці кожнага асобнага індывіда.Чалавек, які ня мае нацыянальнай годнасьці, часьцей за ўсё ня мае і чалавечай годнасьці, ня дбае пра яе. Мы назіраем гэта спрэс у Беларусі — там на кожным кроку можна ўбачыць дэнацыяналізаваных, зьнявераных, забітых, абыякавых да палітыкі і сваіх правоў людзей. Калі беларусам не дапамагчы застацца беларусамі, калі ім не дапамагчы болей уведаць пра сваю гісторыі і сваю культурную спадчыну, праз пэўны час зьнікне і краіна Беларусь, а Расея набудзе новую тэрыторыю на захадзе і 10 мільёнаў новых грамадзянаў, якія, як і астатнія расейцы, будуць цьвердзіць, што яны — гэта асобная цывілізацыя, і што нейкія эўрапейскія каштоўнасьці да іх ня маюць ніякага дачыненьня.

На гэтым тле, часам, дзіўна выглядае палітычная актыўнасьць беларускіх апазыцыйных палітыкаў, якія таксама як бы не заўважаюць праблемаў беларускай культуры, гістарычнай спадчыны і культурнай самаідэнтыфікацыі народу. Натуральна, што палітыка — першасная, без дасягненьня палітычнай перамогі нельга дамагчыся зьменаў і ў культурнай палітыцы дзяржавы. Але ці адбудзецца палітычная перамога беларускіх палітыкаў у небеларускім, у нацыянальна індыфэрэнтным, русыфікаваным, фактычна, расейскім грамадзтве?

Паўтара месяца таму ў Менску адбылася канфэрэнцыя прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Яе мэтай была выпрацоўка прапановаў для беларускіх уладаў што да дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Мне асабіста — а, магчыма, і самім удзельнікам той канфэрэнцыі — было няёмка чытаць паведамленьні аб яе ходзе і выніках. Ну сапраўды — хто сёньня не разумее, што беларускія ўлады ніякія прапановы апазыцыі ні прымаць, ні разглядаць і нават чытаць ня будуць? І ўсё ж такія людзі ёсьць — гэта тыя, хто фінансуе правядзеньне такіх канфэрэнцыяў на Захадзе. Гэта ўсё тое ж трагічнае не разуменьне беларускіх праблемаў і беларускай сытуацыі — наша краіна мела дэмакратычнае выбарчае заканадаўства ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагодзьдзя.

У Беларусі разгромлены Саюз пісьменьнікаў. Некалькі сотняў актыўных творцаў, часта ў творчым росквіце, пазбавілі магчымасьці друкавацца і выкінулі на маргінэс грамадзкага жыцьця. Пісьменьнікі, аднак, змагаюцца. Стварылі незалежны часопіс «Дзеяслоў» і газэту «Літаратурная Беларусь». Часопіс выходзіць раз на два месяцы, газэта — раз на месяц як укладзень у газэту «Новы час». Магчыма, патрачаныя на тую палітычную канфэрэнцыю грошы маглі б дапамагчы зрабіць пісьменьніцкі часопіс штомесячным, а газэту — штотыднёвай.

Зрэшты, у апошнія гады беларускія апазыцыйныя палітыкі пачалі болей зьвяртаць увагі на праблемы культуры. Сярод захадаў за апошнія год-два я назаву клопат КХП БНФ аб народным мэмарыяле ў Курапатах і ліст да чыноўнікаў аб адказнасьці за русыфікацыю, заяву партыі БНФ аб разбурэньні гістарычнага цэнтру Менску, зварот Аляксандра Мілінкевіча да міжнародных структураў з заклікам дапамагчы ўратаваць гістарычны цэнтар Горадні і ліст кіраўніцтва партыі БНФ да міністра адукацыі Радзькова аб праблемах беларускамоўнай адукацыі і абароны палітычна актыўных студэнтаў. Зь міжнародна падтрыманых акцыяў — сёлетняя агульнанацыянальная дыктоўка.

Але гэтага сёньня катастрафічна не хапае. І ў беларускім грамадзтве, у тым ліку і ў апазыцыйных партыях, і на Захадзе існуе трагічнае неразуменьне важнасьці беларускай гістарычнай і культурнай спадчыны для эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі. А тут пытаньне стаіць проста — беларусы пойдуць у Эўропу, калі ў іх застануцца матэрыяльныя і духоўныя сьведчаньні прыналежнасьці іх культуры да Эўропы. А сёньня гэтыя сьведчаньні катастрафічна хутка зьнікаюць — у беларускіх гарадах разгарнулася грандыёзная па сваіх маштабах акцыя зьнішчэньня забудовы гістарычных цэнтраў, а падручнікі гісторыі перапісваюць духоўныя спадкаемцы прафэсара Лаўрэна Абэцэдарскага.

Сёньня ў сьвеце, ва ўмовах глябалізацыі, размываньня або зьнікненьня дзяржаўных межаў, культура — гэта тэрыторыя сувэрэнітэту нацыі.

Тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі зь беларускай мовай, культурай і гістарычнай спадчынай, неверагодным чынам нагадвае падзеі 60-х і 70-х гадоў ХІХ стагодзьдзя, калі Паўночна-Заходнім краем кіраваў генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў. Мураўёў быў правадыром «западно-руссизма» — ідэалягічнай плыні ў расейскай грамадзкай думцы, якая мела на мэце татальнае і канчатковае «абрусеньне» Беларусі. Вельмі паказальна, што найбольш дасканалае дасьледаваньне «западно-руссизма» — яго падрабязная характарыстыка і ацэнка яго згубнай ролі для нашага народу — належыць пяру апошняга прэм’ер-міністра БНР, выдатнага беларускага інтэлектуала Аляксандра Цьвікевіча. Цьвікевіч быў зьнішчаны НКВД у 1937 годзе. Сёлета спаўняецца 120 гадоў зь дня нараджэньня Аляксандра Цьвікевіча, і выданьне яго фундамэнтальнай працы аб «западно-руссизме», а таксама іншых твораў, магло б стаць выдатным міжнародным праектам, які таксама мог бы дапамагчы дэмакратызацыі Беларусі.

Як вядома, галоўнай зброяй «западноруссов» была расейская школа ў Беларусі, а таксама знос і перабудова помнікаў беларускай архітэктуры. Мураўёў ня толькі вешаў паўстанцаў, ён яшчэ будаваў па ўсёй Беларусі праваслаўныя цэрквы ў жахлівым для эўрапейскага вока стылі расейскага казённага праваслаўя. Зрэшты, падтрымлівалі яго ў гэтым толькі славянафільскія колы ў Маскве. Арыстакратычныя колы Санкт-Пецярбургу Мураўёвым пагарджалі і далі яму мянушку «людаед». Пагарджалі адукаваныя расейцы і мураўёўскімі цэрквамі. Тым ня менш, пры падтрымцы імпэратара справу сваю ён зрабіў добра. Беларусь і сёньня пакрытая сотнямі тых спарудаў, а беларусы цяпер ужо і забыліся, што некалі будавалі гатычныя, рэнэсансныя і барочныя праваслаўныя цэрквы.

Сёньняшнія беларускія кіраўнікі таксама зьяўляюцца тыповымі прадстаўнікамі «западно-руссизма». Розьніца толькі ў тым, што старыя «западноруссы» дзейнічалі ў Расейскай імпэрыі, а цяперашнія — у дзяржаўным утварэньні пад назвай Рэспубліка Беларусь. Менавіта таму сёньня ў Менску пабудавана або будуецца каля 20 цэркваў у мураўёўскім стылі. Тое самае адбываецца і ў іншых гарадах, і па ўсёй краіне. Архітэктура, як вядома, ёсьць выяўленьнем цывілізацыйнай арыентацыі народу, які яе стварыў. Яна зьяўляецца своеасаблівым носьбітам і захавальнікам нацыянальнага коду. І вось сёньня адзін код мяняецца на іншы.

Летась у Дзяржаўным мастацкім музэі адчынілі новы корпус. Знайшлося там, нарэшце, месца і для старога беларускага мастацтва — абразоў, сармацкага партрэту, гатычнай скульптуры. Наведніка, які там пабывае, зьдзівіць зусім малая колькасьць экспанатаў — сармацкіх партрэтаў штук 10, скульптураў з XIV-XV-XVI стагодзьдзяў усяго некалькі. Можна сьмела сьцьвярджаць, што ў Эўропе няма больш беднага нацыянальнага музэя, чым беларускі... І няма, відаць, і больш абрабаванай суседзямі (у культурным сэнсе) нацыі.

У XVIII стагодзьдзі ў Слуцку было выраблена некалькі тысяч слуцкіх паясоў. Яны набылі агульнаэўрапейскую вядомасьць і лічацца вяршыняй беларускага народнага мастацтва часоў позьняга барока. На славутай міжнароднай выставе 1936 году Іран з гонарам экспанаваў слуцкія паясы як прыклад іранскага (!) мастацтва на той, відаць, падставе, што радзівілаўская мануфактура ў Слуцку называлася «Пэрсіярняй». А сёньня ў Дзяржаўным мастацкім музэі экспануецца два паўмэтровыя кавалкі — гэта ўсё (!!), чым цяпер валодае Беларусь.

Таму хачу яшчэ раз сказаць, зьвяртаючыся, найперш, да прысутных тут нашых чэскіх калегаў — барацьба за дэмакратычную Беларусь сёньня, гэта барацьба за беларускую культуру, за захаваньне рэшткаў беларускай гістарычнай спадчыны. Любы культурны праект, фінансаваны на міжнародныя грошы, які мае на мэце вяртаньне беларусам іх страчанай спадчыны (хаця б у выглядзе копіяў) або зноў хаванай ад народу гістарычнай праўды, будзе мець большае значэньне для дэмакратызацыі Беларусі, чым утапічныя канфэрэнцыі аб зьменах выбарчага заканадаўства, якія ня могуць адбыцца ў прынцыпе. Зьмены адбудуцца, калі гэтага захоча народ. А народ захоча тады, калі будзе здольны дацаніць вартасьць свайго эўрапейскага мінулага і эўрапейскай пэрспэктывы ў будучым, а значыць... дэмакратыі і правоў чалавека.

Я таксама зьвяртаюся да прысутнай тут беларускай моладзі. Ня даць страціць апошнія старыя камяні ў беларускіх гарадах — за кожную цану і ў любы спосаб — задача ўсіх, каму беларушчына дарагая. Народ, які зьнішчае помнікі мінулага, ня варты будучыні. Вярнуць у Беларусь — за кожную цану і ў любы спосаб (хаця б у выглядзе копіяў) — вывезенае, скрадзенае, страчанае і схаванае — задача для ўсіх, хто марыць аб вольнай і незалежнай Беларусі адпаведна ідэалам 25 Сакавіка.

Жыве Беларусь!

(Выступ на канфэрэнцыі з нагоды 90-годзьдзя БНР у Празе.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG