Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гарадку на «Дажынках» сэканомяць


Былы кінатэатар
Былы кінатэатар

Рэспубліканскія «Дажынкі»-2014 заплянаваныя ў райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласьці. Цяпер там вядуцца маштабныя рамонтныя работы. Аднак у сувязі са зьменай фармату «Дажынак» пакуль афіцыйна не пацьверджана, што сьвята тут адбудзецца.

Калі падрыхтоўку спыняць у сувязі з рашэньнем Аляксандра Лукашэнкі пра зьмену фармату, то райцэнтар можа так і застацца ў руінах.

Жыхары Гарадка ня хочуць верыць, што сёлетнія «Дажынкі» адменяць. Спадзяюцца, што сьвяткаваньне пройдзе тут хаця б на абласным узроўні. Бо пераўтварэньні з разьлікам на дадатковае фінансаваньне задуманы глябальныя. Напрыклад, узьвядзеньне новага будынка аўтавакзалу: стары ўжо разбураны. Распачата рэстаўрацыя цэнтральнай плошчы і мэмарыяльных могілак, дзе пахаваныя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Аднак пакуль ня зроблена й паловы рэстаўрацыйных работ. Рамонту вымагае гарадзкі дом культуры і будынак райвыканкаму, пад’язныя дарогі ў бок райцэнтра, цэлы шэраг спартовых аб’ектаў, у тым ліку стадыён і лыжаролерная траса.

Сума грошай, якая мусіць быць выдаткавана на правядзеньне «Дажынак» у Гарадку, так і не была агучана. Вядома толькі, што 21 лютага ў райцэнтры пабывалі ўдзельнікі выязнога пасяджэньня рэспубліканскага штабу па падрыхтоўцы і правядзеньні «Дажынак». Падчас гэтага пасяджэньня было абвешчана, што сродкі на абнаўленьне Гарадка трэба ашчаджаць, але сьвяткаваньне неабходна правесьці на належным узроўні.
Рэканструкцыя мэмарыяльных могілак
Рэканструкцыя мэмарыяльных могілак

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец заявіў, што завяршыць падрыхтоўку аб’ектаў Гарадка да «Дажынак» трэба да 1 верасьня. А распачалася яна, паводле старшыні абласнога савета Аляксандра Ацясава, яшчэ ў 2013 годзе. Летась з абласнога бюджэту на падрыхтоўчыя работы да «Дажынак» было выдаткавана 50 мільярдаў рублёў. Быў вызначаны пералік аб’ектаў, на якія мусіла быць складзена праектна-сьметная дакумэнтацыя. Аднак на 21 лютага яна была гатовая толькі на 90%.
Каля краязнаўчага музэя
Каля краязнаўчага музэя

На 2014 год на ўсе аб’екты будаўніцтва і рэканструкцыі плянавалася накіраваць 435 мілярдаў рублёў з бюджэту краіны. Апрача гэтага да фінансаваньня «Дажынак» мусілі далучыцца спонсары, прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы.

10 сакавіка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка памяняў фармат правядзеньня рэспубліканскага фэстывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Паводле кіраўніка дзяржавы, з боку губэрнатараў намецілася нейкая ўтрыманская пазыцыя: на месцах за правядзеньне «Дажынак» змагаюцца толькі таму, што з рэспубліканскага бюджэту выдзяляюцца сродкі, за якія на іхняй тэрыторыі прыводзіцца ў парадак пэўны населены пункт.
Цэнтральная плошча
Цэнтральная плошча

Лукашэнка прапанаваў ушаноўваць аграрыяў на пачатку году ў менскім Палацы незалежнасьці.

На абласным узроўні «Дажынкі» будуць праводзіцца ў раённых цэнтрах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG