Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварылі Абама і Пуцін?


Барак Абама
Барак Абама

Прэзыдэнты ЗША і Расеі гутарылі пра Украіну цягам адной гадзіны.

Падчас апошняй тэлефоннай размовы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Барака Абамы і Ўладзімера Пуціна «высьветліліся рознагалосьсі ў падыходах і ацэнках прычын узьнікненьня цяперашняга крызісу і бягучага стану спраў», паведаміў Крэмль у палове на чацьвёртую раніцы ў пятніцу па маскоўскім часе.

Таксама паводле гэтага паведамленьня, Пуцін працягвае лічыць, што «цяперашняе ўкраінскае кіраўніцтва, якое прыйшло да ўлады ў выніку антыканстытуцыйнага перавароту і не мае агульнанацыянальнага мандата, навязвае ўсходнім і паўднёва-ўсходнім рэгіёнам Украіны, а таксама Крыму абсалютна нелегітымныя рашэнні».

«Расея ня можа ігнараваць зьвернутыя да яе ў гэтай сувязі заклікі аб дапамозе і дзейнічае адэкватна, у поўнай адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права», — заявіў Пуцін амэрыканскаму лідэру.

Расейска-амэрыканскія адносіны «не павінныя прыносіцца ў ахвяру рознагалосьсям па асобных, хай і вельмі значных, міжнародных праблемах», — сказаў прэзыдэнт Расеі.

Белы дом паведаміў, што Абама падчас гэтай размовы адзначыў Пуціну, што дзеяньні Расеі парушаюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, і гэта прымусіла ЗША у каардынацыі з эўрапейскімі партнёрамі зрабіць шэраг крокаў у адказ. Напрыклад, супраць шэрагу прадстаўнікоў Расеі ЗША наклалі ў чацьвер новыя санкцыі, абгрунтаваўшы іх дзеяньнямі Крамля ў дачыненні да Ўкраіны.

Разам з тым Абама адзначыў, што яшчэ ёсьць магчымасьць вырашыць праблему дыпляматычным шляхам, улічыўшы інтарэсы Расеі, народу Ўкраіны і міжнароднай супольнасьці.

Гэты шлях, паводле амэрыканскага прэзыдэнта, заключаецца ў тым, што ўрады Ўкраіны і Расеі з падтрымкай міжнароднай супольнасьці мусяць правесьці прамыя перамовы, міжнародныя назіральнікі мусяць забясьпечыць выкананьне правоў усіх жыхароў Украіны, у тым ліку і расейцаў паводле нацыянальнасьці, расейскія войскі мсяць вярнуцца на свае базы, а міжнародная супольнасьць — дапамагчы ўкраінскаму народу напярэдадні травеньскіх выбараў.

У паведамленьнях зь Белага Дому і з Крамля гаворыцца, што дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў працягнуць перамовы ў наступныя дні. Кэры таксама працягне перамовы з урадам Украіны і міжнароднымі партнэрамі.

Гэта была ўжо другая размова двух прэзыдэнтаў за апошнія шэсьць дзён. Гэтым разам яна доўжылася каля гадзіны.

Кэры і Лаўроў сустракаліся ў чацьвер, пасля чаго дзяржсакратар адзначыў, што «Крым — гэта частка Ўкраіны, Крым — гэта Украіна». ЗША падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, і любое рашэньне па любой частцы Ўкраіны можна прымаць толькі з удзелам яе ўрада, заявіў ён.

«У міжнароднай супольнасьці няма месца такой агрэсіі, такіх крокаў, якія мы бачылі ў Крыме ў апошнія дні», — дадаў Кэры.

Кэры таксама адзначыў, што Расея пакуль абвяргае магчымасьць прамых перамоваў Масквы з Кіевам.

Раней у чацьвер Злучаныя Штаты ўвялі візавыя абмежаваньні супраць датычных да дэстабілізацыі Ўкраіны службовых і іншых асоб.

Таксама Эўрапейскі зьвяз вырашыў спыніць перамовы з Расеяй аб зьмякчэньні візавага рэжыму і аб новай дамове аб супрацоўніцтве.

ЭЗ таксама папярэдзіў, што разгледзіць замарожваньне актываў і візавыя абмежаваньні супраць расейскіх чыноўнікаў, калі Расея не пачне перамоваў з уладамі Ўкраіны «на працягу наступных некалькіх дзён».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG