Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі Майдана


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Шчыра прызнаюся, я не разьлічваў на такую хуткую перамогу Майдана. І ўсе свае высновы будаваў на тым, што існуе раўнавага сіл, таму супрацьстаяньне будзе доўгім, з чалавечымі ахвярамі, і трэба шукаць кампраміс. Адзінае, што мяне ў нейкім сэнсе апраўдвае, гэта тое, што ня я адзін апынуўся ў такой сытуацыі.

Прыкладна гэтаксама разважалі і палітычныя лідэры ЭЗ. Міністры замежных спраў Польшчы, Нямеччыны, Францыі прыехалі ў Кіеў пасьля той крывавай ночы, каб замірыць бакі канфлікту. Пад іхняй эгідай быў падпісаны дакумэнт, які прадугледжваў кампраміснае выйсьце з крызісу. Кіраўнік польскага замежнапалітычнага ведамства Сікорскі асабіста ўгаворваў Раду Майдана прыняць гэтае пагадненьне і спыніць супрацьстаяньне. А празь дзень пасьля падпісаньня і ад’езду высокіх паўнамоцных прадстаўнікоў ЭЗ рэжым Януковіча капітуляваў. Дык у гэтых жа палітыкаў дарадцы, вялікія амбасады ў Кіеве, на іх працуюць магутныя аналітычныя цэнтры...

Ужо не кажу, як апраставалосіўся Крэмль. Прычым другім наваратам. Для Пуціна Януковіч стаў увасабленьнем злога лёсу, нейкім злавесным знакам ганьбы. У час папярэдняй «аранжавай рэвалюцыі» (2004–2005 гг.) расейскі прэзыдэнт паставіў на яго сваю рэпутацыю. Ён тры разы прыяжджаў ва Ўкраіну, каб падтрымаць Януковіча, тры разы віншаваў яго зь перамогай. А ў выніку атрымаў у якасьці партнэра Віктара Юшчанку зь ягонай выразнай арыентацыяй на Эўропу, што было ўспрынята ў Маскве як антырасейскі курс.

Цяпер гісторыя паўтарылася амаль з матэматычнай дакладнасьцю. Кіраўніцтва Расеі распачало тытанічныя намаганьні, каб прадухіліць падпісаньне Ўкраінай пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ. Хоць, шчыра кажучы, гэты дакумэнт меў хутчэй сымбалічны характар. Ён у рэальнасьці мала што памяняў бы ў геапалітычным становішчы Ўкраіны. Ад яго падпісаньня да рэалізацыі — вялізная дыстанцыя. Але кіраўніцтва Расеі чамусьці вырашыла, што такое разьвіцьцё падзеяў для яго абсалютна непрымальнае. Масква доўга выкручвала рукі Кіеву, арганізоўвала эканамічны шантаж і мытную блякаду ўкраінскіх тавараў. І зноў паставіла на Віктара Януковіча, гатовая была плаціць любыя грошы, абы ўтрымаць Кіеў у сваёй арбіце. І атрымала Эўрамайдан, які скончыўся рэвалюцыяй, прыходам да ўлады ва Ўкраіне палітычных сілаў, значна больш радыкальна настроеных у дачыненьні да курсу на Эўропу, чым Юшчанка. Двойчы наступаць на адны і тыя ж граблі — гэта вялікі палітычны талент. Адсюль цяпер такая гістэрыка ў Расеі.

Але пагаворым пра ўрокі Майдану, якія ў нечым могуць быць актуальнымі і для Беларусі.

1. Выхад на вуліцу вялікай колькасьці людзей у адказ на адмову кіраўніцтва Ўкраіны падпісаць пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ быў нечаканы для ўсіх. У тым ліку і для ўкраінскай апазыцыі. Як, дарэчы, і выбух народнага гневу на арабскім Усходзе. Таму важная выснова: ніхто ня ведае загадзя, з-за чаго раптам усё ўспыхне.

2. Актыўная, пасіянарная меншасьць, якая добра ведае, чаго хоча, і гатовая за гэта памерці, — такая меншасьць, абапіраючыся на пасіўную сымпатыю большасьці, можа прымусіць да капітуляцыі ўсю дзяржаўную машыну. Але гэтая выснова слушная для слабых аўтарытарных рэжымаў, кшталту таго, які быў днямі зрынуты ва Ўкраіне, ці рэжыму Бакіева ў Кіргізстане (натоўп у некалькі тысяч чалавек зваліў яго за адзін дзень). Ва ўмовах жорсткага аўтарытарнага рэжыму, які існуе ў Беларусі, гэтае правіла не спрацоўвае.
Ва Ўкраіне вырасла «нябітае пакаленьне», у якога няма страху перад уладай. На жаль, у Беларусі такое пакаленьне вырасьці не пасьпела

3. Ва Ўкраіне вырасла «нябітае пакаленьне», у якога няма страху перад уладай. На жаль, у Беларусі такое пакаленьне вырасьці не пасьпела. Кароткага пэрыяду першай паловы 1990-х гадоў было недастаткова.

4. У беларускай супольнасьці, у сацыяльных сетках вельмі распаўсюджана думка, што адна з прычын адсутнасьці пэрспэктываў дэмакратыі тут — адсутнасьць лідэра, які б аб’яднаў усіх незадаволеных і павёў за сабой. Дык вось досьвед Майдану паказвае, што дзеля посьпеху народнага пратэсту наяўнасьць лідэра зусім не абавязковая. Там прызнанага ўсімі кіраўніка не было. Больш за тое, паміж лідэрамі парлямэнцкай апазыцыі (Яцанюк, Клічко, Цягнібок) і Майданам увесь час былі вялікія рознагалосьсі. Дарэчы, не было прызнаных лідэраў і падчас «Арабскай вясны».

5. Улада і ўвогуле кіроўная намэнклятура ў постсавецкіх краінах прызнае толькі сілу. Два месяцы Януковіч адмаўляўся сядаць і шукаць кампраміс з апазыцыяй. Толькі пагроза захопу пратэстоўцамі дзяржаўных установаў прымусіла яго да перамоваў.

6. Востры намэнклятурны нюх, абвостранае палітычнае чуцьцё чыноўнікаў — вельмі дакладны індыкатар сілы ці слабасьці рэжыму. Ва ўкраінскім выпадку, як толькі яны адчулі, што Януковіч прайграе, то навыперадкі кінуліся ад яго. Было шмат прагнозаў, што ўсход Украіны не прызнае ўладу Майдана, адбудзецца раскол краіны. Але цяпер бачна, што яны ня спраўджваюцца. Уся ўсходняя намэнклятура з Партыі рэгіёнаў здала свайго боса як шклатару. Як ні падкормлівай чыноўнікаў, у крытычны момант ніхто зь іх ахвяраваць сабой дзеля правіцеля ня будзе.

7. Урок для супрацоўнікаў сілавых структур. Стральба ў народ ніколі беспакаранай ня будзе, колькі б часу ні прайшло. Літва дагэтуль шукае вайскоўцаў, вінаватых у гібелі людзей падчас падзеяў 1991 году, каб судзіць. Кіргізстан шукае паплечнікаў Бакіева за расстрэл пратэстоўцаў у 2010 годзе. Тое самае цяпер пачынаецца ва Ўкраіне. Прычым адмазка, што «я выконваў загад», не пракоціць. Бо выкананьне злачынных загадаў не вызваляе ад адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG