Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чубрык: Крызіс ва Ўкраіне мае тыя ж прычыны, што і ў Беларусі


Палітычныя падзеі ва Ўкраіне заўважна паўплывалі на эканамічны стан дзяржавы. Курс грыўні да даляра за некалькі тыдняў зьнізіўся на 25%, а аб’ём золатавалютных рэзэрваў — на 1,5 мільярда даляраў. Як гэта можа адбіцца на беларуска-украінскіх эканамічных дачыненьнях, на стабільнасьці беларускага рубля?

Украінская валюта ўпершыню за апошнія гады «прасела» да гістарычнага максымуму — замест колішніх 8 грыўняў за даляр цяпер банкі выстаўляюць 10. Як кажа эканамічны аглядальнік украінскай вэрсіі газэты «КоммерсантЪ» Юры Панчанка, падставы для абясцэньваньня намеціліся адразу пасьля пачатку палітычнага крызісу пры канцы мінулага году, а цяпер гэтаму спрыяе і актыўнасьць насельніцтва, якое масава скупляе замежную валюту:

Юры Панчанка
Юры Панчанка
«У прынцыпе, першыя зрухі пачаліся яшчэ летась у сьнежні, калі курс пачаў паціху падаць. Але, атрымаўшы расейскі транш на 3 мільярды даляраў, сытуацыю ўдалося стабілізаваць. То бок становішча ў другой палове сьнежня і ў першай палове студзеня было больш-менш стабільнае. У канцы сьнежня нашы разьлічвалі атрымаць другі транш у памеры 2 мільярдаў. Гэта, магчыма, дазволіла б стабілізаваць сытуацыю яшчэ дзесьці на месяц. Але яго не атрымалі, і цяпер ужо незразумела, што там і калі. Адпаведна, грошай няма. Па-другое, ва ўмовах палітычнага крызісу бізнэс не праводзіў капітальных інвэстыцыяў, калі грошы выводзяць, а потым вязуць назад пад выглядам замежных інвэстыцыяў і ўкладаюць у прадпрыемствы. Цяпер гэтага няма, інвэстыцыі моцна ўпалі. Плюс насельніцтва пачало скупляць валюту, што заўсёды здараецца падчас крызісу. У выніку атрымаўся вельмі моцны ціск на грыўню: было 8 за даляр, а цяпер ужо за 10».

Як удакладняе Юры Панчанка, пасьля фактычнага адхіленьня ад улады прэзыдэнта Віктара Януковіча і ягоных карумпаваных падначаленых новыя ўлады канстатавалі, што дзяржаўныя казна фактычна пустая. Паводле часовых кіраўнікоў краіны, істотным цяжарам на бюджэт леглі выдаткі на ўлагоджваньне прыхільнікаў Януковіча ды прэміяльныя міліцэйскім спэцпадразьдзяленьням:
Тут справа яшчэ вось у чым: трацілася куча грошай на „мянтоў“

«Сапраўды, кіраўнік Вярхоўнай Рады Аляксандар Турчынаў абнародаваў такую інфармацыю. І я думаю, што гэта праўда — цяпер грошай няма. Што да таго, ці маглі выграбці Януковічавы бандыты? Думаю, наўрад ці, бо ў асноўным рэзэрвы ў паперах, у банкаўскім золаце. Асабліва шмат ня вывезеш, калі толькі залічыць на чыйсьці рахунак. Але будзе расьсьледаваньне, будзе экспэртыза — паглядзім. Тут справа яшчэ вось у чым: трацілася куча грошай на „мянтоў“, на іхнія выплаты, прэміі, на падтрымку ляяльнасьці, на закуп новага абсталяваньня для „Беркута“, спэцсродкаў і г.д. Так званыя непрадказальныя выдаткі».

На думку экспэртаў, абясцэньваньне грыўні можа паўплываць і на курс беларускага рубля, які раней усталёўваў і не такія рэкорды. Нават пры тым, што аб’ём таваразвароту паміж краінамі з кожным годам падае: калі ў 2012-м гэты паказьнік складаў 8 мільярдаў даляраў, то па выніках мінулага году зафіксавана толькі 6 мільярдаў. Найперш, Украіна істотна зьнізіла пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў, што складала асноўную долю імпарту. Былі прэтэнзіі і да беларускай мясной і малочнай прадукцыі. У сваю чаргу, Беларусь на хвалі салідарнасьці з Расеяй абмяжоўвала пастаўкі кандытарскіх вырабаў і піва, абвінавачваючы ўкраінскіх вытворцаў у дэмпінгу.

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык
Эканаміст, дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык перакананы: паколькі Ўкраіна па-ранейшаму ўваходзіць у лік стратэгічных гандлёвых партнэраў Беларусі, то любыя ваганьні курсу будуць адбівацца і на беларускай эканоміцы:

«На беларускі рубель грыўня, відавочна, можа паўплываць — усё ж гэта наш вельмі істотны гандлёвы партнэр. Увогуле, там у іх сытуацыя цяпер вельмі падобная да тае, якая ў нас склалася напярэдадні крызісу 2011 году. Фактычна прычыны тыя ж самыя, што тады былі і ў Беларусі. Таму, відавочна, трэба чакаць яшчэ большай карэкцыі курсу грыўні, што, несумненна, адмоўна адаб’ецца на нашых экспартэрах. У той жа час, магчыма, гэта паспрыяе імпарту з Украіны. Таму выходзіць, што — так, гэта ўсё мае ўплыў. То бок, напрыклад, дэвальвацыя ў Казахстане на нас, можна сказаць, ніякага ўплыву ня мае — апроч, мабыць, псыхалягічнага. А вось Украіна — гэта сапраўды істотная рэч. Вядома, не такая істотная, як Расея, але ўсё гэта мае ўплыў відавочны».

Карэспандэнт: «10 грыўняў за даляр — гэта столь? Ці будзе апускацца ўкраінская валюта далей?»

«Не, гэта абсалютна не мяжа. Але, ведаеце, якая яна будзе, мне цяжка сказаць, таму што гэта, як і ў нас у 2011 годзе, залежыць, па-першае, ад таго, наколькі цяпер фактычны курс далёкі ад раўнаважнага, а па-другое — якой будзе грашовая палітыка надалей. То бок, калі будзе жаданьне падтрымаць бюджэтныя выдаткі так, як гэта рабілася ў нас у 2011-м, то, відавочна, гэта будзе мець яшчэ горшыя наступствы для курсу. Калі будзе спроба ўтрымаць курс, то гэта будзе мець кепскія наступствы для рэзэрваў і ўсё роўна, так ці інакш, скончыцца карэкцыяй курсу. Таму дакладны памер, як і ў выпадку Беларусі, павінен вызначыць рынак. Ну, а які ён будзе — пакуль цяжка сказаць».

Беларускія афіцыйныя асобы збольшага захоўваюць маўчаньне што да сытуацыі ва Ўкраіне. Хіба што Аляксандар Лукашэнка на адной з нарадаў даў зразумець, што Майдану ў Беларусі «ніколі ня будзе». Гэта ён пацьвердзіў і падчас нядаўняй тэлефоннай размовы з расейскім калегам Уладзімерам Пуціным, які гэтаксама рашуча настроены не дапусьціць рэвалюцыйных настрояў у Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG