Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч: Януковіч паводзіць сябе як крымінальны элемэнт


Журналіст Аляксандар Тамковіч
Журналіст Аляксандар Тамковіч

Беларускія палітыкі, палітолягі і журналісты выказаліся пра тое, хто мусіць несьці адказнасьць за чалавечыя ахвяры падчас супрацьстаяньня на кіеўскіх вуліцах.

Журналіст Аляксандар Тамковіч вінаваціць эўрапейскіх і амэрыканскіх палітыкаў, якія, на яго думку, здрадзілі Ўкраіне, абмежаваўшыся заявамі наконт супрацьстаяньняў:

«Па сутнасьці, ЗША і Ўкраіна здрадзілі Ўкраіне, здалі яе. Гучныя заявы і рэзалюцыі, якія яны выдаюць, мы, беларусы, чуем 20 год. Тое самае пачало адбывацца з Украінай. Я ўпэўнены, калі б эўрапейскія краіны і ЗША былі больш цьвёрдымі ў стаўленьні да сытуацыі ва Ўкраіне, не было б таго, што колькасьць забітых і параненых павялічваецца кожную хвіліну. Магчыма, дэманстранты няправільна зрабілі, пайшоўшы ўчора да Рады, але яны ішлі мірным шэсьцем, не зьбіраючыся нападаць. Справакавалі натоўп міліцыянты і „цітушкі“. Такім чынам, рэалізоўваецца сілавы сцэнар, які магчымы толькі са згоды Пуціна. Я не зьдзіўлюся, калі высьветліцца, што 2 мільярды на стабілізацыю курсу грыўні былі выдадзеныя з умовай сілавога разгону Эўрамайдану. Вось цяпер і адбываецца гэты працэс. На жаль, працэс крывавы».

Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
Не зусім згодны з такой пазыцыяй Уладзімер Мацкевіч. Ён лічыць, што ўнутраныя справы Ўкраіны павінны вырашацца ўнутры краіны. Разам з тым, адзначае палітоляг, у глябалізаваным сьвеце значныя працэсы ў краінах могуць адбывацца толькі са згоды іншых краінаў:

«Мы жывем у глябалізаваным сьвеце, і ўплыў дзяржаў адна на адну вельмі значны. Сёньня праблемы краінаў вырашаюцца толькі з удзелам міжнароднай супольнасьці. І, вядома, сёньня ўжо можна аналізаваць тыя памылкі, якія зрабіў Эўразьвяз. У першую чаргу, гэта неразуменьне таго, што адбываецца ва Ўкраіне. А таксама няздольнасьць выпрацаваць адэкватную стратэгію дзеяньняў у дачыненьні да Ўкраіны. Нягледзячы на адназначную падтрымку дэмакратычнага боку, гэтая падтрымка была хутчэй рытарычная — выражалася на словах, а не на справах. Але ў кровапраліцьцях вінаватыя толькі ўлады. Калі б Януковіч быў гатовы пайсьці на рэальныя рэформы, то гэта трэба было рабіць своечасова. А сёньня пусьцілі ў ход зброю, і спадзяваньні на мірны варыянт разьвіцьця падзеяў скончыліся, на жаль».

Павал Вусаў
Павал Вусаў
Яшчэ адзін палітоляг Павал Вусаў сам цяпер у Кіеве. Ён таксама лічыць, што змаганьне за дэмакратыю перайшло ў крывавы рэжым празь нежаданьне Януковіча нават разглядаць пытаньне вяртаньня да Канстытуцыі 2004 году, якая б у значнай ступені абмежавала яго правы і магчымасьці:

«Канкрэтна цяпер у Кіеве ідзе змаганьне за сам Майдан. Ён аточаны з усіх бакоў міліцыянтамі, і толькі 50 крокаў аддзяляюць атрады „Беркута“ ад сэрца Майдана — сцэны. А генэральна змаганьне вядзецца за дэмакратычныя перамены і супраць злачыннай улады Януковіча, якая ініцыявала працэс абмежаваньня свабоды і дэмакратыі. Што тычыцца ўчорашніх падзеяў, якія справакавалі зьяўленьне дзясяткаў ахвяраў і соцень параненых, то прычына гэтага — у адмове Януковіча ісьці на рэальныя саступкі. Учора быў абвешчаны мірны наступ на ўладу, падчас якога пачаўся рух да Рады, дзе павінны былі абмеркаваць вяртаньне Ўкраіне Канстытуцыі 2004 году, якая значна абмежавала б правы прэзыдэнта. Менавіта падчас гэтага маршу і пачаліся сутыкненьні, а пасьля і рэальныя баявыя дзеяньні на вуліцах Кіева».

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
Катэгарычны ў ацэнцы сытуацыі былы старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч. Ён лічыць, што прэзыдэнт Януковіч мусіў даўно пайсьці ў адстаўку і абвясьціць датэрміновыя выбары, што прадухіліла б крывавыя сутычкі і людзкія ахвяры:

«Я абсалютна перакананы, што вінаваты ва ўсім Януковіч, таму што паводзіць сябе не як прэзыдэнт, а як крымінальны элемэнт. Ён мог спыніць гэта вельмі проста, прызначыўшы датэрміновыя выбары. Таму што калі ў грамадзтве ёсьць такое вялікае разыходжаньне, трэба ратаваць грамадзтва. А ён, дасьведчаны крымінальнік, паводзіць сябе як бандыт. Януковіч мог спакойна падаць у адстаўку, і ніякіх боек не было б. Абвясьцілі б заўчасныя прэзыдэнцкія выбары, і не было б людзкіх стратаў. У выніку гінуць людзі. І я магу толькі выказаць спачуваньні ўкраінскім сябрам, а таксама родным загінулых».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG