Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Харасьці ня пусьцяць у Беларусь


Міклаш Харасьці
Міклаш Харасьці

Начальнік галоўнай управы шматбаковай палітыкі беларускага МЗС Юры Амбразевіч патлумачыў, чаму ў Беларусь не запрасілі Міклаша Харасьці, адмысловага дакладчыка пра сытуацыю ў Беларусі ў Радзе ААН па правах чалавека.

«Мы ня лічым, што ён можа ці здольны весьці канструктыўны дыялёг з урадам Беларусі ў сілу спэцыфічных пэрсанальных якасьцяў і перадгісторыі пытаньня, а таксама таму, што ўвядзеньне гэтай пасады адбывалася бяз згоды зь беларускім урадам», — заявіў Амбразевіч, адказваючы на пытаньне БелаПАН.

Беларусь мае намер пацьвердзіць запрашэньне наведаць краіну для шэрагу спэцдакладчыкаў Рады ААН па правах чалавека — у справах свабоды СМІ, свабоды веравызнаньняў, свабоды судзьдзяў, гандлю людзьмі і дзіцячай парнаграфіі, правоў мігрантаў, гвалту супраць жанчын.

Амбразевіч назваў няправільным меркаваньне пра тое, што дадзены пост дае магчымасьць беларускаму ўраду весьці канструктыўны дыялёг з Радай па правах чалавека ААН. Падобныя пасады, кажа Амбразевіч, павінны ўводзіцца толькі са згоды ўраду краіны. Толькі тады, маўляў, яны змогуць спрыяць паляпшэньню сытуацыі.

Амбразевіч таксама пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, што Вярхоўны камісар па правах чалавека Наві Пілэй адмовілася ад візыту ў Беларусь, бо ёй не гарантавалі сустрэчу з палітвязьнямі: «Пытаньне пра сустрэчу зь імі, магчыма, і было, але чаму беларуская дзяржава павінна ў парушэньне ўласнага заканадаўства ісьці на такія дзеяньні?»


Што Харасьці ўгледзеў у Беларусі


Адмысловы дакладчык Рады ААН па правах чалавека Міклаш Харасьці падрыхтаваў і апублікаваў даклад па сытуацыі ў Беларусі ў 2013-м годзе.

Пры падрыхтоўцы дакладу Харасьці разьлічваў сустрэцца як з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі, так і зь беларускімі чыноўнікамі, аднак улады адмовіліся кантактаваць са спэцдакладчыкам.

Афіцыйны Менск не прызнаваў тады мандат адмысловага дакладчыка ААН па Беларусі, лічачы яго палітычным.

Асноўная ўвага ў дакладзе аддаецца правам чалавека ў кантэксьце выбарчых працэсаў у Беларусі.

У сваіх высновах Харасьці адзначаў, што Камітэт ААН па правах чалавека ня раз выяўляў факты парушэньня ўладамі права сваіх грамадзянаў на свабоду думкі і яе выказваньне.

Беларускія ўлады, гаворыцца ў дакладзе, павінны забясьпечыць правядзеньне выбарчай і заканадаўчай рэформы з удзелам «шырокага кола зацікаўленых асобаў, нават калі законапраект ужо ўнесены на разгляд парлямэнту», а таксама гарантаваць наяўнасьць незалежных выбарчых камісіяў, забясьпечыць адкрыты падлік галасоў, уключна з поўным і адкрытым назіраньнем за ім з боку сяброў выбарчых камісіяў і іншых зацікаўленых асобаў.

Харасьці рэкамэндаваў скасаваць закон, які ўстанаўлівае крымінальную адказнасьць за крытыку публічных постацяў або краіны, гарантаваць неўмяшаньне з боку ўраду ў дзейнасьць СМІ і дэманапалізаваць валоданьне сродкамі вяшчаньня.

На думку Харасьці, Беларусі трэба рэфармаваць сыстэму судовага самакіраваньня, каб вызваліць яе ад прыняцьця рашэньняў выканаўчымі органамі ўлады або прэзыдэнтам па такіх пытаньнях, як дысцыпліна, ільготы і бонусы, адбор, павышэньне судзьдзяў па службовай лесьвіцы і прыняцьце захадаў дысцыплінарнага ўзьдзеяньня на іх.

Неабходна таксама паскорыць заканадаўчыя рэформы, накіраваныя на тое, каб забясьпечыць поўную забарону катаваньняў і ўвесьці эфэктыўныя гарантыі недапушчэньня катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў заканадаўстве і на практыцы.

Аўтар дакладу рэкамэндуе ўладам ініцыяваць апэратыўнае, бесстароньняе і дбайнае расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне, а пры наяўнасьцi падстаў неадкладна ажыцьцяўляць судовы перасьлед і публічна заклікаць да поўнай забароны катаваньняў.

Сярод іншых рэкамэндацыяў — аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якія абаранялі затрыманых пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году; праводзіць апэратыўнае і бесстароньняе расьсьледаваньне любых актаў запалохваньня і гвалту ў дачыненьні да праваабаронцаў і журналістаў; адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу, які ўводзіць адказнасьць за грамадзкую дзейнасьць без афіцыйнага дазволу.

Харасьці падкрэсьлівае неабходнасьць забясьпечыць поўную рэабілітацыю асобаў, якія пацярпелі ад судовага перасьледу і асуджаных з палітычных матываў, у тым ліку зьняцьце любых судзімасьцяў і абмежаваньняў на іх удзел у палітычным жыцьці і выбарах.

Спэцдакладчык рэкамэндуе адмяніць дазвольны прынцып рэгістрацыі СМІ, асацыяцыяў і сходаў, рэгістрацыю замежных грантаў і міжнароднай тэхнічнай дапамогі і пералік мэтаў, у якіх можа выкарыстоўвацца бязвыплатная замежная дапамога, унесьці зьмены ў закон аб масавых мерапрыемствах у Беларусі, каб ён адпавядаў Канстытуцыі і міжнародным стандартам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG